Частыя пытанні

Адказы на найбольш частыя пытанні, якія датычацца дзейнасці БАВГ і працы з архівам

Агульныя

Што такое вусная гісторыя?

Вусная гісторыя – гэта накірунак у гуманітарных навуках, які даследуе як мінулае, так і асаблівасці сацыяльнай памяці пра яго шляхам запісу, архівізацыі і аналіза інтэрв’ю з сведкамі і/або ўдзельнікамі мінулых падзеяў. Важным кампанентам з’яўляецца наступная інтэрпрэтацыя вуснай крыніцы даследчыкам.

Больш Вы можаце даведацца з агляднага ўступнага артыкула да праекта прафесара Алеся Смаленчука "Вусная гісторыя і культура памяці ў Беларусі", а таксама са спецыялізаванай літаратуры і інтэрнет-рэсурсаў, спіс якіх размешчаны намі ў адпаведным раздзеле партала.

Што такое Беларускі архіў вуснай гісторыі(БАВГ)?

Беларускі архіў вуснай гісторыі – on-line сховішча электронных дакументаў па вуснай гісторыі Беларусі ХХ ст., да якіх арганізаваны доступ з мэтай захавання і спрыяння іх шырокаму выкарыстанню ў даследаваннях і адукацыйных мэтах.

Чаму быў створаны БАВГ?

Іх можна назваць шмат, сярод асноўных:

1. Недастатковая ўвага надзяляецца праблеме захавання гістарычнай памяці Беларусі. Гісторыя доўгі час стваралася на падставе “афіцыйных” дакументаў, выключаючы з кола даследаванняў чалавека, які мае права на перадачу свайго досведу і памяці наступным пакаленням.

2. Скарачэнне магчымасцяў фіксацыі сведчанняў па найноўшай гісторыі Беларусі па розных перыядах савецкага часу. На цяперашні момант магчымасці збору інфармацыі ад непасрэдных сведкаў міжваеннага, ваеннага і нават пасляваеннага часу паступова памяншаюцца. Сведкі сыходзяць, пакідаючы лакуны памяці. Існуе неабходнасць неадкладнай фіксацыі успамінаў і максімальнага іх выкарыстання.

3. Недаступнасць пераважнай большасці збораў успамінаў з сабраных беларускімі гісторыкамі і іншымі даследчыкамі для далейшага вывучэння Шэраг успамінаў быў сабраны пасля 1991 г., некаторыя з іх апублікаваны ці выкарыстаны для даследаванняў, але значная частка яшчэ не уведзена у навуковы зварот і інш.

Якія дакументы ўтрымлівае БАВГ?

Асноўнымі дакументамі архіва з'яўляюцца інтэрв'ю ў лічбавым фармаце. На захаванне прымаюцца таксама апытальнікі, анкеты, біяграфіі, транскрыпцыі, фотаздымкі рэспандэнтаў, лічбавыя копіі дакументаў асабістага паходжання, што даюць магчымасць інтэрпрэтацыі вусных успамінаў.

Што такое інтэрв’ю?

Інтэрв’ю – размова інтэрв’юера са сведкай часу, дзе задаюцца пытанні з мэтай атрымання інфармацыі пра гістарычныя падзеі, якія закранулі асабістае жыццё рэспандэнта ў прамой і ўскоснай формах

Хто такі сведка часу?

Інтэрв’юяваны (сведка часу, інфарматар, суразмоўца, рэспандэнт, наратар) – асоба, з якой праводзяць інтэрв’ю, першасная крыніца інфармацыі пра падзеі мінулага

Хто такі інтэрв’юер?

Інтэрв’юер – асоба, якая збірае інтэрв’ю(у нашым выпадку вусны ўспамін).

Хто такі ўладальнік калекцыі БАВГ?

Калекцыянер (уладальнік калекцыі) – асоба, група асобаў альбо ўстанова, якая ў выніку сваёй дзейнасці сабрала комплекс інтэрв’ю (дакументаў) пэўнай тэматыкі.

Што такое калекцыя БАВГ?

Калекцыя архіва – комплекс інтэрв’ю (дакументаў), сабраных адной асобай (групай асоб, установай) ці аб’яднаных па пэўнай прыкмеце (прыкметах).

Як праходзіць працэс камплектавання архіва?

Камплектаванне архіва адбываецца: з аднаго боку, шляхам збору і апрацоўкі ўспамінаў у межах экспедыцый, арганізаваных камандай архіву, з другога – праз перадачу дакументаў гісторыкамі, краязнаўцамі і іншымі зацікаўленымі асобамі і ўстановамі. У назву перададзенай калекцыі ўключаецца імя ўладальніка, пазначаецца тэматыка сабраных дакументаў, агаворваецца методыка збору ўспамінаў, даецца спасылка на публікацыі, створаныя на падставе гэтай калекцыі.

Што такое навукова-даведачны апарат БАВГ?

Навукова-даведачны апарат архіва – гэта базы дадзеных архіва (з адпаведным праграмным забеспячэннем), геаграфічны, імянны, тэматычны і храналагічны паказальнікі.

Ці захоўваюцца ў архіве толькі вусныя ўспаміны? Ці ёсць яшчэ нейкі дадатковыя дакументы?

Гл. адказ на пытанне: Якія архіўныя крыніцы ўтрымлівае БАВГ?

Ці ўсе матэрыялы ад пачатку мелі лічбавую форму?

Адной з ключавых праблем з захоўваннем вуснагістарычных крыніц, якія ўжо былі сабраныя ў Беларусі, з’яўляецца адсутнасць у значнай часткі з іх лічбавай копіі. Яны зберагаюцца на магнітнай плёнцы. Такія дакументы пераводзяцца у лічбавы фармат, а толькі потым прымаюцца на захоўванне.

Выкарыстанне матэрыялаў архіва і доступ

Для якіх мэтаў могуць быць выкарыстаныя матэрыялы архіва?

Матэрыялы БАВГ могуць быць выкарыстаныя для навуковых, даследчыцкіх ці адукацыйных мэтаў, публікацый з абавязковай спасылкай на БАВГ. Карыстальнік павінен пасля паінфармаваць БАВГ аб выдадзеных публікацыях з выкарыстаннем крыніц з архіва БАВГ.

Ці выстаўляе БАВГ адразу усе дакументы, якія прымаюцца на захоўванне?

Дакументы БАВГ выстаўляюцца паступова, пасля праходжання адпаведнай апрацоўкі, якая ўключае ў сябе рэгістрацыю, апісанне, стварэнне суправаджальных дакументаў. З моманту прыняцця дакументаў ад уладальніка да іх выстаўлення на партале можа прайсці пэўны час. Пра новыя дакументы, змешчаныя на партале, можна даведацца праз рассылку БАВГ, якую можна атрымаць, пакінуўшы свой кантакт пры рэгістрацыі ў архіве ці даслаўшы яго на электронны адрас БАВГ.

Чаму некаторыя імёны сведкаў выстаўлены не цалкам?

У архіве размяшчаюцца ўспаміны з двума асноўнымі відамі інфармацыі пра асобу-рэспандэнта (ананімна/не ананімна). Калі ў межах экспедыцыі, не пазначалася прозвішча, імя па бацьку рэспандэнта, то размяшчэнне іх інтэрв’ю адбываецца як ананімных. Пры іх выкарыстанні даследчыкамі не будуць парушацца правы сведкі часу на захаванне таямніцы асабістага жыцця, гонару i годнасцi.

Што датычыць рэспандэнтаў, чые ўспаміны збіраліся з улікам іх асабістых звестак, такіх як прозвішча, імя, імя па бацьку, то для выстаўлення ўспаміна будзе выкарыстаны прынцып атрымання згоды рэспандэнта. У выпадку смерці рэспандэнта згода бярэцца ў родных. Пры яе атрыманні пасля на партале на ўмовах доступу праз рэгістрацыю карыстальніка прозвішча сведкі будзе пазначацца.

Аднак у спасылцы на матэрыялы архіву павінна выкарыстоўвацца аднолькавая фармуліроўка: імя рэспандэнта, адна літара прозвішча, год нараджэння, дата інтэрв’ю, шыфр дакумента у межах архіва, назва архіва. Такі падыход на ўмовах ананімнага згадвання сведкі забяспечыць больш поўную абарону яго правоў. Пры жаданні сведкі, каб яго імя было вядомым пры ўзгадцы ў даследаваннях, можа рабіцца выключэнне пры наяўнасці пісьмовай згоды сведкі. Па месцы размяшчэння ўспаміна на партале робіцца спецыяльная пазнака аб наяўнасці такой згоды.

Якой тэматыкі дакументы ўтрымліваюцца ў БАВГ?

Аб’ём тэмаў, што згадваюцца ва ўспамінах не можа быць акрэслены цалкам. Як правіла, яны тычацца жыцця і дзейнасці рэспандэнта. Інфармацыя па той ці іншай тэме залежыць ад шматлікіх кантэкстаў, якія прысутныя ў свядомасці таго, хто распавядае, і таго, хто задае пытанні. Асноўныя тэмы пазначаюцца ў тэматычным паказальніку. Яны фармуюцца ў агульны спіс паняццяў (тэзаўрус) з мэтай палягчэння пошукавай працы даследчыкаў.

Як шукаць неабходную інфармацыю?

Інфармацыю можна шукаць праз імянны, геаграфічны, храналагічны і тэматычны паказальнікі. Пры знаходжанні патрэбнай інфармацыі, Вы можаце атрымаць да яе доступ пасля рэгістрацыі (увядзення лагіна і пароля).

Для канкрэтнага пошуку па тэмах у бліжэйшай будучыні будзе сфармаваны тэзаўрус паняццяў, якія сустракаюцца ў цалкам апрацаваных для архіва інтэрв’ю. Па іншых інтэрв’ю пошук робіцца праз самастойнае праслухоўванне файла інтэрв’ю з калекцыі. Пра асноўныя тэмы ў іх можна меркаваць зважаючы на мэту правядзення збору інтэрв’ю ўладальнікам калекцыі, а часам па далучаным ім апытальніку.

Як адбываецца адбор успамінаў для выстаўлення на партале?

Пытанне выстаўлення ўспаміна на партале вырашае экспертная камісія архіва (ЭКА) (кіраўнік праекта, навуковы куратар, кіраўнік тэхнічнай групы, кіраўнік архіва, архівісты), для якой кіраўнік архіва (архівіст) робіць падрыхтоўчую працу: праслухоўвае/праглядае ўспамін і вызначае яго вартасць для выстаўлення, і робіць прадстаўленне для ЭКА аб неабходнасці і вартасці размяшчэнні матэрыяла на партале, чарговасці размяшчэння матэрыяла.

А таксама рашэнне аб прыёме дакументаў на захоўванне і размяшчэнні іх на партале прымаюцца на падставе існуючых крытэрыяў:

Крытэрыі зместу

  • паўната (у адпаведнасці з апытальнікам і магчымасцямі рэспандэнта)
  • дакладнасць (асабістае у сведчанні)
  • працягласць
  • унікальнасць інфармацыі
  • аўтэнтычнасць (непарушнасць формы)

Крытэрыі знешніх асаблівасцяў

  • лічбавы фармат (прыярытэт для файлаў на электроным носьбіце)
  • наяўнасць звестак аб рэспандэнце, інтэрв’юеры, месцы і часе стварэння інтэрв’ю
  • наяўнасць транскрыпцыі
  • якасць запісу
  • фізічны стан носьбіту інфармацыі

Крытэрыі у дачыненні да рэспандэнта

  • сталы ўзрост
  • жаданне і магчымасць распавесці
  • унікальнасць досведу рэспандэнта

Крытэрыі ЭК да кожнага дакумента выкарыстоўваюцца комплексна.

Ці змяняецца файл успаміна перад выстаўленнем у архіве?

Файл не змяняецца, магчыма толькі яго мінімальная тэхнічная апрацоўка для забеспячэння лепшай якасці праслухоўвання. Прыярытэтным з’яўляецца захаванне аўтэнтычнасці ўспаміна (арыгінальнасці, сапраўднасці) – адсутнасці унутраных тэхнічных правак і рэдактарскіх зменаў у зафіксаваных вусных сведчаннях, якія маглі прывесці да скажэння вуснай крыніцы

Што такое файлы інтэрв’ю з мінімальнай падрыхтоўчай працай?

Аудыё- ці відэа ўспаміна могуць размяшчацца без транскрыпцыі, сегментацыі, індэксацыі. Пазначаецца імя рэспандэнта (настолькі поўна, наколькі дазваляе ўзятая ў яго згода), месца і час збору інтэрв’ю, хто быў інтэрв’юерам. Карыстальнік партала можа праглядзець інтэрв’ю і зрабіць неабходныя тэкставыя выпіскі.

Што такое поўная апрацоўка ўспаміна ў БАВГ?

Для лягчэйшай працы з успамінам рыхтуюцца файлы інтэрв’ю з поўнай апрацоўкай, для якіх робіцца транскрыпцыя, сегментацыя, індэксацыя. Да кожнага інтэрв’ю ствараюцца суправаджальныя дакументы (анкета сведкі часу, біяграфія, спіс згадваемых асоб, спіс паняццяў, файлы з індэксамі і сегментаванай транскрыпцыяй). Транскрыбіраванне, сегментацыя і індэксацыя можа праводзіцца архівістамі і іншымі зацікаўленымі асобамі.

Што такое транскрыпцыя, сегментацыя, індэксацыя?

Транскрыпцыя — фармалізаваны тэкставы запіс гукавога зместу інтэрв’ю з дапамогай спецыяльнай сістэмы пазначэнняў для фіксацыі эмоцыі рэспандэнта.

Сегментацыя – працэс падзелу тэкставага файлу транскрыпцыі на сегменты (часткі) з прывязкай да адпаведных ім па гучанні момантаў у аўдыё- ці відэафайлах інтэрв’ю.

Індэксацыя – вылучэнне асноўных паняццяў у межах сегментаў інтэрв’ю для геаграфічнага, храналагічнага, імяннога і тэматычнага паказальнікаў.

Што такое тэзаўрус БАВГ?

Агульная класіфікацыйная схема тэматычных паняццяў, якія сустракаюцца ва ўспамінах, у межах якой можа здзяйсняцца пошук неабходнай інфармацыі па канкрэтнай тэме.

Як можна атрымаць доступ да неабходных дакументаў?

Матэрыялы архіва магчыма выкарыстоўваць у электроннай форме пасля праходжання працэдуры рэгістрацыі ў архіве. Для гэтага запаўняецца форма рэгістрацыі на партале. Запаўненне формы азначае што ваша заяўка на рэгістрацыю была зарэгістраваная ў сістэме, але яна яшчэ мусіць быць падцверджаная адміністратарам, які выдасць вам дазвол на прагляд матэрыялаў архіва. Гэтая працэдура можа заняць ад некалькіх гадзін да некалькіх дзён. Пацверджанне дазволу на доступ Вы атрымоўваеце паведамленне на Ваш кантактны мэйл(які вы пазначылі пры рэгістрацыі).

У далейшым доступ да архіва адбываецца пасля ўвода пароля і імя карыстальніка. Гэтыя дадзеныя забаронена перадаваць трэцім асобам. У выпадку парушэння карыстальніку блакіруецца доступ, пры сур’ёзных парушэннях могуць быць распрачатыя далейшыя прававыя дзеянні.

Як забяспечваецца таямніца асабістага жыцця рэспандэнтаў пры размяшчэнні матэрыялаў у БАВГ?

У архіве размяшчаюцца ўспаміны з двума асноўнымі відамі інфармацыі пра асобу-рэспандэнта: ананімна або не ананімна. Калі падчас збору ўспамінаў у сведкі ўзятая пісьмовая згода на выкарыстанне ўспамінаў, то пры выстаўленні імя, імя па бацьку і прозвішча падаюцца цалкам. Калі такая згода з пэўных прычын узята не была ці рэспандэнт не даў такой згоды, то ўспаміны выстаўляюцца з пазначэннем толькі імя і першай літары прозвішча. Калі ва ўспамінах ёсць інфармацыя, якая змяшчае ў сабе таямніцу асабістага жыцця (інфармацыя аб стане здароўя, маёмасным стане, інтымных адносінах і інш.), то гэтая інфармацыя можа быць закрыта супрацоўнікамі архіва.

Якія я маю правы пры працы з архіўнымі матэрыяламі БАВГ?

Пры зарэгістраваным доступе да матэрыялаў БАВГ у карыстальніка з’яўляюцца правы: прагляду і праслухоўвання архіўных дакументаў, спампоўкі выстаўленых суправаджальных матэрыялаў. Карыстальнік не мае права ўносіць змены ў матэрыял непасрэдна пры працы з архівам, толькі праз дасылку каментара адміністратару партала на выпраўленне.

Для аховы правоў сведкі ў захаванні тайны асабістага жыцця забараняецца распаўсюджваць дадзеныя трэцім асобам, а таксама выкарыстоўваць іх для рэкламных і палітычных мэтаў. Забараняецца публікацыя ў сродках масавай інфармацыі фактаў з асабістага жыцця рэспандэнтаў, іх выказванняў з пазначэннем поўнага прозвішча сведкі часу, якія парушаюць тайну асабістага жыцця рэспандэнта, спрыяюць распаўсюджанню нацыянальнай ці рэлігійнай розні. Таксама забараняецца змяняць, скажаць дадзеныя, прыведзеныя ў крыніцах з гэтага архіву.

Я зарэгістраваўся, увайшоў у архіў, аднак відэа/аўдыё ўспаміна не прайграецца. Што рабіць?

Для прагляду відэа ў вашым браўзеры мусіць быць усталяваны дадатак flash-прайгравальніка(пажадана свежай версіі). Глядзіце наладкі дадатковых кампанентаў вашага браўзера, альбо звяртайцеся наўпрост на adobe.com.

Я зарэгістраваўся, увайшоў у архіў, аднак не магу праглядзець біяграфію, транскрыпт, альбо іншыя дадатковыя дакументы. Што рабіць?

Для прагляду PDF у ўбудаваных вакенцах дадатковых матэрыялаў у вашым браўзеры мусіць быць усталяваны дадатак pdf-прайгравальніка(пажадана свежай версіі). Глядзіце наладкі дадатковых кампанентаў вашага браўзера, альбо звяртайцеся наўпрост на adobe.com ці сайты іншых праграм для прагляду пдф.

Як я магу спаслацца на дакументы архіва?

Пры спасылцы можа вызначацца від дакумента, імя рэспандэнта, дата нараджэння, дата інтэрв’ю, месца правядзення інтэрв’ю. Прыклады спасылак: Відэаінтэрв'ю Новік (Грыцкевіч) Алены Паўлаўны 1927 г.н. 03.08.2011. Любча. // БАВГ. 1(1а)–207–540, #00:20:00-4# Транскрыпцыя інтэрв'ю Шэстэль (Клакевіч) Ніны Іванаўны, 1925 г.н. 04.08.2011. Лаўрышава. Карэліцкі р-н.// БАВГ. 1(1а)–41–645, #01:37:01-9# Аўдыёінтэрв’ю Генавэфы Ш. 1918 г.н. і Ванда Ш. 1919 г.н. 14.08.2010. Дуброўшчына, Пастаўскі р-н. Ч. 1. // БАВГ. 8(3с)–168–499, #01:07:01-3# Фотаздымак Ражкова Уладзіміра Іванавіча разам з жонкай. 03.08.2005. // БАВГ. 12 (7б)–206–639. У шыфры 1(1а)–207–540: 1 – гэта нумар калекцыі ў БАВГ, 1а – шыфр уладальніка калекцыі (уладальнік у дадзеным выпадку Беларускі архіў вуснай гісторыі), 207 – шыфр асобы Новік А.П., 540 – нумар дакумента, , #00:20:00-4# сегмент інтэрв’ю, дзе маецца інфармацыя на якую даецца спасылка. Пазнака сегмента ў межах спасылкі рэкамендаваная. Як прыклад, яна можа афармляцца #01:07:01-3#. Для арыентацыі знаходжання матэрыяла ва ўспаміне мінімальна патрэбнае пазначэнне гадзіны і хвіліны інтэрв’ю. Пазнака часу бачна пры навядзенні курсора на сам адпаведны сегмент транскрыпцыі ўспаміна, ці ў вакне прайграваемага медыяфайла.

Ці павінен я уводзіць пароль і лагін кожны раз, калі хачу адчыніць файл успаміна?

Не, Вам дастаткова ўвайсці на партал адзін раз за адзін сеанс працы з ім. Але памятайце, што калі Вы не працавалі з парталам на працягу болей 30 хвілін, то Ваш сеанс лічыцца скончаным і Вам будзе прапанавана ўвайсці наноў.

Супрацоўніцтва

Ці магу прапанаваць крыніцы для камплектавання БАВГ?

Так, звязвайцеся за намі праз кантактны мэйл -- info@nashapamiac.org

У якім фармаце прымаюцца матэрыялы?

Пажадана ў лічбавым, але магчымы прыём матэрыялаў і на аналагавых носьбітах, якія могуць пасля правядзення экспертызы каштоўнасці, у тым ліку па яго якасці, прымацца як на пастаяннае захоўванне ў архіў, так і на часовае з мэтай пераводу ў лічбавы фармат. Для перадачы матэрыяла ад Вас будзе патрэбна паведамленне асноўнай інфармацыі пра гісторыю стварэння гэтых крыніц.

Ці магу я прапанаваць сведкаў часу для апытання?

Так, звязвайцеся за намі праз кантактны мэйл -- info@nashapamiac.org

Як я магу паведаміць пра памылку пабачаную на партале? У транскрыпцыі?

Так, пішыце нам заўважаныя памылкі на кантактны мэйл -- info@nashapamiac.org

Я маю прапановы па супрацоўніцтве для БАВГ, як я магу іх паведаміць?

Наш кантактны мэйл -- info@nashapamiac.org

Для адукатараў і тых, хто хоча сам збіраць матэрыял па вуснай гісторыі

Як я магу сам падрыхтавацца да правядзення інтэрв’ю?

Пра асноўныя віды правядзення інтэрв’ю Вы можаце даведацца з літаратуры і інтэрнэт-спасылак, згаданых намі ў адмысловых спісах ў рубрыках “Літаратура” і “Карысныя спасылкі”. У якасці карысных парад як правесці інтэрв’ю мы рэкамендуем Вам пазнаёміцца з матэрыялам Алесі Белановіч “Метад “Вусная гісторыя”: асноўныя падыходы і рэкамендацыі для правядзення інтэрв’ю”. Тут на ўласным вопыце збору вуснагістарычных крыніц паказаны практычныя асаблівасці яго вядзення. Матэрыял не прэтэндуе на ўсеахопнасць, аднак дае прыклад спалучэння практычнага вопыта і тэарэтызацыі, з якімі варта азнаёміцца для пачатку працы ў накірунку вуснай гісторыі, з тым, каб ведаць якія асаблівасці могуць узнікнуць пры правядзенні размовы са сведкам. Да дакумента таксама прыкладаюцца два варыянты апытальнікаў. Зразумела, выбар віда інтэрв’ю, фармаванне апытальніка ў кожнага будзе індывідуальным і звязаным з тым, якая мэта павінна быць выканана пры зборы інтэрв’ю, якая тэма распрацоўваецца. Камусці спатрэбіцца вузкатэматычны апытальнік і закрытая форма інтэрв’ю, камусці трэба будзе дазволіць распавядаць рэспандэнту пра сваё жыццё без абмежавання канкрэтным перыядам і тэматыкай.

Таксама даем Вам магчымасць азнаямлення з варыянтам пашпарта інфарманта, запаўненне якога падчас збору ўспаміну дапаможа пры далейшай апрацоўцы інфармацыі з матэрыялаў, яго аналізе. Не абавязкова яго запаўняць спачатку інтэрв’ю, можна некаторыя моманты пазначаць у працэсе, нешта ўдакладніць пасля інтэрв’ю. Галоўнае, каб не збіваўся працэс расповеду сведкі, каб была магчымасць запісу максімальна поўнай інфармацыі.


Ці магу я атрымаць копію матэрыялаў БАВГ для свайго адукацыйнага праекту, падрыхтоўкі фільма, іншага?

Для гэтага трэба скантактавацца з намі праз наш кантактны мэйл -- info@nashapamiac.org, праз які будзе абмеркавана супрацоўніцтва, магчымасці выкарыстання матэрыялаў