Мерапрыемствы БАВГ 26 лістапада

2013-12-02

26 лістапада прадстаўнікі інтэрнэт-праекту «Беларускі архіў вуснай гісторыі» прынялі ўдзел у круглым стале, арганізаваным грамадскім вэб-архівам  «Вытокі» па тэме «Дакументы найноўшай гісторыі як сродак фармавання дэмакратычных і нацыянальных каштоўнасцяў у свядомасці беларусаў». Падчас мерапрыемства была прадстаўлена дзейнасць БАВГ, яго новыя праекты, у тым ліку конкурс для школьнікаў «1939 год у  памяці жыхароў Беларусі», які праводзіцца ў гэтым навучальным годзе, а таксама дыск з урокамі па гісторыі, створанымі з выкарыстаннем вусных успамінаў. Пасля адбылася дыскусія, на якой абмяркоўваліся пытанні па праблемах захавання гістарычнай памяці, працы з архіўнымі крыніцамі, неабходнасці стварэння электронных архіваў і бібліятэк, якія б прадстаўлялі найноўшую гісторыю Беларусі.   
26 лістапада каманда інтэрнэт-праекта «Беларускі архіў вуснай гісторыі» МГА «Гісторыка» правяла сустрэчу з вучнямі і настаўнікамі Беларускага гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа. Прысутным прэзентавалі асноўныя накірункі дзейнасці праекта, а таксама пазнаёмілі вучняў 8-11-х класаў з тэорыяй і практыкай працы з вуснагістарычнымі крыніцамі. 
Каардынатар праекта Ірына Кашталян прадэманстравала дзейнасць парталу, а таксама распавяла пра тэарэтычныя і практычныя аспекты збору і апрацоўкі вуснагістарычных крыніц, магчымасці іх выкарыстання ў даследваннях.

Цадко Вольга пазнаёміла аўдыторыю з абвешчаным у гэтым навучальным годзе конкурсам для школьнікаў «1939 год у  памяці жыхароў Беларусі». Акрамя агульнай інфармацыі па конкурсе прысутныя атрымалі спецыяльна падрыхтаваныя метадычныя і дапаможныя матэрыялы, якія падрабязна і даступна апісваюць працэс правядзення інтэрв’ю, апрацоўкі і выкарыстання вусных успамінаў.

Школьнікі праявілі актыўную цікавасць як да самога накірунка вуснай гісторыі, так і да конкурса, удзельнічалі ў дыскусіі, задавалі пытанні па праблемах, звязаных са зборам і працай з успамінамі. У прыватнасці іх цікавіла, як вырашаць праблему суб’ектыўнасці дадзеных гэтых крыніц, як рабіць верыфікацыю інфармацыі, а таксама якія псіхалагічныя прыемы інтэрв’юера падчас інтэрв’ю могуць прынесці запіс паўнавартаснага і інфарматыўнага ўспаміна. 

Каментары да навіны: