Мерапрыемствы БАВГ 9 снежня ў Магілеве

2013-12-11

9 снежня камандай інтэрнэт-праекту “Беларускі архіў вуснай гісторыі” былі праведзены дзве прэзентацыйныя сустрэчы з настаўнікамі і краязнаўцамі горада Магілёва і яго ваколіц. 

Першая сутрэча была прайшла ў Магілеўскім дзяржаўным інстытуце развіцця адукацыі. Прадстаўнікамі БАВГ быў арганізаваны круглы стол для настаўнікаў Магілеўскай вобласці пад назвай “Вусная гісторыя як перспектыўны накірунак дзейнасці для настаўнікаў гісторыі і грамадазнаўства”. Падчас мерапрыемства былі абмеркаваны пытанні кампаратыўнага аналізу традыцыйных архіўных і вуснагістарычных крыніц, прадстаўлены вядучыя накірункі працы БАВГ, магчымасці анлайн сховішча вуснагістарычных крыніц.

Улічваючы пажаданні аўдыторыі, асаблівы акцэнт быў зроблены на інфармаванне аб тым, як можна выкарыстоўваць успаміны сведак часу на ўроках, а таксама — пра ўмовы ўдзелу школьнікаў у конкурсе “1939 год у памяці жыхароў Беларусі”. Усе ўдзельнікі круглага стала атрымалі інфармацыйныя буклеты, метадычныя матэрыялы з распрацаванымі з выкарыстаннем інтэрв’ю сведак часу ўрокамі, а таксама з рэкамендацыямі, як рыхтаваць працу для прадстаўлення на конкурс. 

Другая сутрэча адбылася па запрашэнні “Краязнаўчай гасцеўні” Магілеўскага абласнога краязнаўчага музея імя Е.Р.Раманава. На прэзентацыю інтэрнэт-праекта “Беларускага архіва вуснай гісторыі” сабраліся краязнаўцы, журналісты, выкладчыкі і студэнты горада. 

Навуковы супрацоўнік Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь Анатоль Вялікі распавёў пра праблемы захавання і выкарыстання традыцыйных і вуснагістарычных крыніц. Каардынатар праекта Ірына Кашталян пазнаёміла прысутных з асноўнымі накірункамі працы БАВГ, паказала, як эфектыўна карыстацца архівам у інтэрнэце. Павел Сітнік расказаў пра магчымасці актыўнага ўдзелу ў развіцці праекта, пра асаблівасці правядзення вуснагістарычных экспедыцый па зборы ўспамінаў.

Вольга Цадко запрасіла прысутных да ўдзелу ў конкурсе для школьнікаў “1939 год у памяці жыхароў Беларусі”, а таксама ў канферэнцыі  “Верасень 1939 года ў гістарычнай традыцыі і вуснай гісторыі", якая будзе праходзіць 19-20 верасня 2014 г. у Мінску.

Пасля мерапрыемстваў адбыліся гарачыя дыскусіі па праблемах захавання гістарычнай памяці, былі наладжаны кантакты з магілёўскімі краязнаўцамі, абмеркаваны перспектывы далейшага супрацоўніцтва.

Каментары да навіны: