Круглы стол «Вусная гісторыя ў Беларусі: тэндэнцыі і перспектывы развіцця»

2013-12-28

27 снежня  ў Мінску адбыўся круглы стол «Вусная гісторыя ў Беларусі: тэндэнцыі і перспектывы развіцця». Мерапрыемства было арганізавана камандай Беларускага архіва вуснай гісторыі для таго, каб адмыслоўцы ў сферы вуснай гісторыі і захаванні гістарычнай памяці ў Беларусі абмеркавалі праблемы і дасягненні сваёй дзейнасці.

Мадэратарам стаў доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук. У сваім уступным слове ён нагадаў пра значэнне вуснай гісторыі для даследаванняў і адукацыйнай дзейнасці, адказаў на традыцыйную крытыку гэтага накірунка даследчыкамі.

Спачатку ўдзельнікі БАВГ прадставілі свае дасягненні ў 2013 годзе і планы на год наступны. Пасля прысутныя мелі магчымасць уласных выступаў дзеля абмену вопытам у сферы захавання гістарычнай спадчыны, выказвання парад аб павышэнні эфектыўнасці сваёй дзейнасці.

Аляксандр Далгоўскі распавёў пра ствараемы лічбавы архіў успамінаў па тэме Халакосту, які будзе размешчаны ў будучым мемарыяле Трасцянца. Уладзімір Шушкевіч звярнуў увагу на гісторыю Лепельшчыны, дзе адно з месцаў масавых растрэлаў часоў Другой сусветнай вайны дасюль не адзначана, пра яго не захоўваецца памяць на лакальным узроўні. Яўген Бойка на прыкладзе свайго даследавання паказаў, наколькі змяняецца ўспрыманне біяграфій рэпрэсаваных, калі дадаюцца ўспаміны пра іх знаёмых і родных. Уладзімір Валодзін прадставіў даследчы праект, прысвечаны калектыўнаму звароту студэнтаў-філосафаў БДУ у 1981 годзе. Магілёўскі краязнавец Міхась Булавацкі паставіў перад вуснымі гісторыкамі актуальнае пытанне неабходнасці захавання ўспамінаў відавочцаў нават нядаўніх падзей.

Пасля адбылася дыскусія аб магчымасцях актывізацыі выкарыстання вуснай гісторыі ў адукацыйнай і даследчыцкай дзейнасці. У прыватнасці асаблівую ўвагу прыцягнулі праблемныя моманты працы ў сферы захавання гістарычнай памяці: ці павінен вусны гісторык адасоблівацца ад грамадска-важных тэм на карысць нейтральных, як рабіць рэпрэзентатыўныя даследаванні на падставе вуснагістарычных крыніц, якія юрыдычныя аспекты абавязкова павінны ўлічвацца, якім чынам прыцягваць увагу грамадскасці да праблемных пытанняў гісторыі ХХ стагоддя і г.д.

У канцы мерапрыемства прысутныя былі запрошаныя да далейшага супрацоўніцтва ў межах праектаў і мерапрыемстваў БАВГ наступнага году.

Каментары да навіны: