Воркшоп па ўдасканаленні працы БАВГ

2014-01-12

Пасля кароткіх калядных канікул сябры і супрацоўнікі БАВГ сабраліся для абмеркавання найбольш важных пытанняў датычных працы архіва.
Мадэратар мерапрыемсятва, галоўны архівіст праекта Вольга Іванова акрэсліла кола тэмаў для абмеркавання: каманда архіва займаецца велізарнай працай ад збору інтэрв’ю падчас палявых даследаванняў, апрацоўкі, размяшчэння і захавання ўспаміна да стварэння вялікай колькасці суправаджальных дакументаў да кожнай адзінкі захавання. “Таму для якаснай працы кожны мусіць разумець, што гэтая сувязь непарыўная і калі памылка дапускаецца на адным з этапаў, гэта непазбежна адбіваецца на астатніх працэсах, – падкрэсліла Вольга Іванова.Эталон ёсць і мы павінны імкнуцца да ўсё большай прафесіяналізацыі”.

Самай складанай праблемай з’яўляецца працэс збору інтэрв’ю. Нягледзячы на вялікую колькасць метадычных рэкамендацый і дапаможнікаў, праблемы супрацы інтэрв’юера і рэспандэнта не маюць універсальнага вырашэння. “Мы не можам проста ўзяць і пераняць вопыт тых жа немцаў, наша беларуская сітуацыя ўнікальная! Мы часам размаўляем з людзьмі, якія маюць 1-2 класы адукацыі. У нашых людзей іншая ментальнасць і падыход да іх павінен быць іншы”, – мяркуе навуковы кіраўнік архіва, доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук.
Аднак, нягледзячы на ўсе цяжкасці правядзення палявых даследаванняў, архіў на дадзены момант утрымлівае вялікую колькасць калекцый, якія могуць даць багатую інфармацыю для навуковых прац. На вялікі жаль, пакуль малая колькасць навукоўцаў карыстаецца гэтай магчымасцю, хоць з боку архіва створаны максімальна просты карыстальніцкі інтэрфейс.


Не менш вартымі ўвагі з’яўляюцца тэхнічныя пытанні. Таму на сустрэчу была запрошаная фатограф Юлія Ваўчок, якая мае досвед працы ў экспедыцыях. Яна дала практычныя рэкамендацыі і запэўніла, што кожны гісторык можа стаць неблагім фатографам. Памылкі відэаздымкі і магчымыя шляхі іх пазбягання прадставіў Павел Сітнік – відэааператар архіва. 


“Архіў гатовы прыцягваць да супрацы зацікаўленых прафесіяналаў, тым больш мы ўжо маем шмат сяброў, якія заўжды готовыя нам дапамагчы”, – падвяла вынік першай часткі каардынатар праекта гісторык Ірына Кашталян. 
Пасля кароткага перапынку абмяркоўваліся тэхнічныя пытанні, звязаныя з аптымізацыяй працэсаў унутры архіва.  Увага была звернута і на прававыя аспекты працы архіва. Трэба заўважыць, што БАВГ з’яўляецца піянерам аўтарскага права ў галіне вуснай гісторыі ў Беларусі і ўжо зрабіў багата карыснага ў гэтай сферы. 


Можна ўпэўнена сказаць, што архіў гатовы ўдасканальвацца. Ён становіцца ўсё больш зручным для карыстання. Дзякуючы камандзе праекта, прафесіяналізм і якасць будуць павышацца з кожным разам усё больш і больш. 

Каментары да навіны: