У кожнага сваё жыццё і свая памяць

2014-01-25

Брэст ужо не першы раз прымае наш архіў, і кожны раз мы з'язджаем з добрымі ўражаннямі. 23 студзеня супрацоўнікі архіва правялі першую выездную сустрэчу ў новым годзе. Гэтым разам з настаўнікамі Берасцейшчыны.
Адкрыў сустрэчу Павел Сітнік, адміністратар партала. Ён распавёў пра БАВГ, і патлумачыў самае галоўнае - для чаго ствараўся гэты праект ды існуе ўжо некалькі гадоў. "Вы можаце скарыстацца гэтай неверагодна карыснай базай для вывучэння гісторыі Беларусі ХХ ст.", - запэўніў Павел.


Дзеля таго, каб канчаткова стала зразумела, якога характару дакументы захоўвае архіў, Ганна Кавалёва, архівіст праекту, сказала некалькі словаў пра вусную гісторыю як навуковую дысцыпліну і метад даследавання: "Вусная гісторыя дае магчымасць пачуць тых людзей, якім на працягу многіх гадоў не давалі права расказваць сваю праўду".


Дарэчы, некаторыя настаўнікі ўжо маюць досвед правядзення вуснагістарычных даследаванняў - хтосьці спрабуе раскрыць пэўную тэму самастойна, хтосьці займаецца даследаваннем гісторыі сваёй мясцовасці разам з вучнямі. Таму асаблівы інтарэс выклікаў у прысутных менавіта конкурс для школьнікаў. Вольга Цадко распавяла пра конкурс і адказала на пытанні педагогаў: "Аднойчы так было, што мы з вучнямі правялі даследаванне, апыталі старых людзей. А потым даслалі гэтую працу на абласны конкурс. Дык нам сказалі, што гэта ненавукова, бо даты неправільныя. Як у гэтым выпадку будзеце паступаць вы?". Вольга патлумачыла прынцып вуснай гісторыі - важна пачуць кожнага чалавека, а не толькі ўстанавіць факты. "Важна гэтая суб'ектыўнасць, важна, чаму чалавек нешта ўзгадвае, а нешта забывае. Часцей пытайце "чаму?" - гэта істотна".


Паразмаўлялі і на тэму 1939-га, надзвычай актуальную ў святле сёлетней гадавіны. У даследчыкаў спрабавалі высветліць самыя тыповыя адказы на пытанні аб стаўленні да прыходу Саветаў: "Вы ж разумееце, што мае дзядуля і бабуля ўзгадваюць зусім не тое, што зараз прынята казаць пра верасень 39-га. Што кажуць іншыя людзі?" - такое пытанне гучала на сустрэчы. Аднак, гэтую праблему мусяць вырашыць самі настаўнікі, калі будуць кіраваць працамі сваіх вучняў, ці з уласнай матывацыі пагутараць са старэйшым пакаленнем. "Бо ў кожнага сваё жыццё і памяць свая", - падвяла вынік сустрэчы Ганна Кавалёва.
 

Каментары да навіны: