Тады мы не жылі

2014-05-13

4 мая каманда Беларускага архіва вуснай гісторыі адправілася ў сваю першую ў гэтым годзе экспедыцыю – на тэрыторыю Лоеўскага і Рэчыцкага раёнаў. Кіраўнічка праекта, гісторык Ірына Кашталян разам з групай краязнаўцаў і гісторыкаў (агулам 15 чалавек), меліся сабраць успаміны аб голадзе ў БССР .

Для даследчыкаў было важна знайсці адказы на пытанні, якім чынам узгадваюцца і асэнсоўваюцца тыя падзеі сведкамі, як паўплываў траўматычны досьвед на далейшае жыццё відавочцаў. Вялікая ўвага надавалася памяці пра асаблівасці даваеннай, ваеннай і паваеннай штодзённасці, успамінам пра Чарнобыль і рэпрэсіі. Таксама закраналіся пытанні, звязаныя з этнаграфіяй рэгіёну. 

                     Фота 1. Краявіды                                             Фота 2. Поле кветак

 

Падчас падрыхтоўчага этапа была праведзеная сур’ёзная праца ў архівах, дзякуючы якой атрымалася вызначыць населеныя пункты Гомельшчыны, якія найбольш пацярпелі ад пасляваеннага голаду 1946-1947 гг. Агульная іх колькасць склала амаль 30 населенных пунктаў, разам з Лоевам і Рэчыцай.  

Гэтую экспедыцыю можна лічыць адной з самых паспяховых за ўвесь час існавання архіва – сабраныя матэрыялы з’яўляюцца надзвычай інфарматыўнымі. Трэба адзначыць, што ўсяго было апытана 76 рэспандэнтаў ва ўзросце ад 57 да 94 гадоў. Большасць рэспандэнтаў – беларусы, якія калі і пераязджалі, то толькі ў межах раёна. Паводле веравызнання дамінавалі праваслаўныя. Самымі маладымі сталі рэспандэнты, якія былі запісаны як знакавыя асобы і эксперты.

                    Фота 3. Рэчыца                                                   Фота 4. За працай

 

Што тычыцца метаду збора інфармацыі – інтэрв’ю – то тут перавага аддавалася паўадкрытай форме. Гэта значыць, што ў першай часцы размовы рэспандэнту давалася магчымасць выбудаваць і расказаць гісторыю свайго жыцця самастойна, так, як ён сам лічыць больш слушным. Толькі пасля гэтага даследчык задаваў ўдакладняючыя пытанні і звяртаўся да загадзя падрыхтаванага апытальніка. 

Варта сказаць, што падобная форма апытання дазволіла ўстанавіць, што голад надзвычай моцна паўплываў на свядомасць людзей – усе яны дакладна запомнілі ягоную дату. Больш старэйшыя сведкі маглі параўнанаць два голады (ці галадоўкі, як называюць іх там), якія перанёс рэгіён – 1932-33 і 1946-47 гадоў. Ва ўспамінах рэспандэнтаў першы быў асабліва страшным, бо ратавацца ад яго было складаней. Пасля вайны з’явілася больш магчымасцяў: з’ехаць па вярбоўцы ці ў далучаную Заходнюю Беларусь (працаваць, жабраваць, купляць неабходнае). Асабліва цяжка было тым, хто пацярпеў у вайну: страціў жыллё, свойскую жывёлу, кармільца. 

          Фота 5. Дом Анатоля Сыса                                        Фота 6. Лоеў

 

Мы пачулі шмат рэцэптаў харчавання і стратэгій выжывання ва ўмовах голаду. Яны ўражваюць: насельніцтва ела вожыкаў, буслоў і іх яйкі, спажывалі ракушкі, рабілі праснакі з гнілой бульбы і выжымак, адыходаў ад дзейнасці мясцовых крухмальных заводаў, хлеб з канюшыны, вераса і г.д. Усё гэта не магло не выклікаць наступстваў для здароўя людзей. Сведкі ахвотна дзяліліся інфармацыяй пра тое, якія стравы былі асноўнымі на стале, дзе здабывалі прадукты, як жылося калгаснікам, якія абавязкі яны мелі ў адносінах да дзяржавы і ці дапамагала яна ім. Цікавае параўнанне ўспамінаў жыхароў горада і вёскі, якія паказалі, што цяжка было прадстаўнікам абедзвюх груп. 

Гэты досьвед зрабіўся глыбокай, назагойнай ранай у жыцці і памяці людзей. «Тады мы не жылі»  – так яны ўзгадваюць голад.

Варта нагадаць, што гэта не першая экспедыцыя па галадаморы, якую праводзіць Беларускі архіў вуснай гісторыі. Летась была паездка на Палессе  (калекцыя « Ельск, 2013 »). У параўнанні з Палескім рэгіёнам, на Гомельшчыне фіксуюцца больш страшныя праявы голаду. Амаль усе сведкі казалі пра смерць ад голаду як сваіх аднавяскоўцаў, так і прышлых людзй. Найбольш пераканаўчым і знакавым стала знаходжанне сведкі, які паказаў магілу бацькі, што памёр ад голаду ў 1947 г.

        Фота 7. Саманчук Іван Васільевіч                  Фота 8. Магіла бацькі Саманчука І.В.

 

Экспедыцыя скончыла сваю працу 10 мая. Можна лічыць, што мы дасягнулі пастаўленай мэты. Сабраны матэрыял ілюструе ўспрыняцце пасляваеннага голаду, асэнсаванне яго наступстваў. Удзельнікі экспедыцыі стварылі моцную каманду. У ходзе мерапрыемства адбываліся актыўныя дыскусіі па тэме голада, абмяркоўваліся асаблівасці рэгіёна.

     Фота 9. Абмеркаванне ў канцы дня              Фота 10. Знаёмства з мясцовасцю

 

Сабраныя матэрыялы складуць асобную калекцыю, якая ў хуткім часе з’явіцца на партале, выбраныя фрагменты папоўняць рубрыку. Таксама гэтыя матэрыялы разам з ранейшымі даследваннямі па тэме голаду будуць выкарыстаны ў дакументальным зборніку.

Каментары да навіны: