Публічная дыскусія «Першая сусветная вайна, фармаванне нацый і паўставанне дзяржаў Цэнтральна-Усходняй Еўропы»

2014-05-28

Першая сусветная вайна на Захадзе называецца Вялікай. Але для Беларусі яна заўжды ў ценю іншай Вялікай вайны – Айчыннай. Хоць абедзве падзеі перагарнулі ўвесь свет, змянілі межы ва ўсім рэгіёне і пакінулі на Беларусі крывавы след, але адну вайну мы памятаем, а пра другую практычна забыліся. Чаму так адбылося? 100–гадовы юбілей ад пачатку Першай сусветнай вайны – выдатная нагода, каб узгадаць пра гэту падзею і яе значэнне для нашай краіны.

Які ўплыў аказала Першая сусветная вайна на палітычную і сацыяльную сітуацыю ў нашым рэгіёне? Як разгортвалася нацыянальнае будаўніцтва ў ваеннай віхуры? Ці выглядала б па-іншаму палітычная мапа Еўропы, калі б не адбылася вайна? Ці можна назваць паўставанне беларускай дзяржаўнасці «вынікам» Першай сусветнай вайны?

Гэтыя пытанні будуць абмяркоўвацца падчас публічнай дыскусіі «Першая сусветная вайна, фармаванне нацый і паўставанне дзяржаў Цэнтральна-Усходняй Еўропы», якая абдудзецца 31 траўня 2014 года ў Мінску на пляцоўцы крэатыўнай прасторы ЦЭХ (пр-т Незалежнасці, 58, к.6). Пачатак а 15.00. Уваход вольны!

Арганізатарамі дыскусіі выступілі: Інстытут палітычных даследаванняў «Палітычная сфера», Лятучы ўніверсітэт, Міжнародны кансорцыум «ЕўраБеларусь».

У якасці дыскутантаў запрошаныя: доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук (Інстытут славістыкі Польскай акадэміі навук), кандыдат гістарычных навук Уладзімір Ляхоўскі (БДУ), доктар гісторыі Рымантас Мікніс (Інстытут гісторыі Літвы), доктар гісторыі Яанна Героўска-Калаўр (Інстытут гісторыі Польскай акадэміі навук). Мадэратар дыскусіі – кандыдат гістарычных навук Алесь Пашкевіч.

Паводле palityka.org

 

Каментары да навіны: