Гісторыкі і журналісты: разам ці паасобку

2014-06-04

27 чэрвеня а 17й гадзіне ў Мінску Інтэрнэт-праект «Беларускі архіў вуснай гісторыі» запрашае журналістаў і дакументалістаў на круглы стол, прысвечаны праблемам працы са сведкамі часу.

Журналісты і дакументалісты часта працуюць з асобамі сталага веку, нярэдка выключнымі суразмоўцамі, відавочцамі важных падзей ХХ стагоддзя. Імі збіраецца канкрэтны матэрыял для тэматычных артыкулаў, фільмаў і г.д. Што адбываецца з гэтым матэрыялам пасля? Якія захады можна зрабіць, каб каштоўная інфармацыя ад сведкаў, якія нямоўльна сыходзяць, была захавана для будучых пакаленняў? 

БАВГ існуе з 2011 года і з’яўляецца адзіным у Беларусі ўнікальным сховішчам вусных успамінаў па гісторыі Беларусі, якія можна паслухаць і пабачыць онлайн, пазнаёміцца з тэкставай транскрыпцыяй інтэрв’ю. На партале працуе тэматычны, храналагічны, імянны і геаграфічны пошук, якія дазваляюць хутка шукаць неабходную інфармацыю. Таксама каманда распрацоўвае розныя актуальныя тэматычныя накірункі, па выніках якіх ствараюцца рубрыкі, напоўненыя разнастайным ілюстратыўным матэрыялам.

Мы хацелі б наладзіць дыялог з вамі, бо займаемся падобным зборам матэрыялу, хаця і выкарыстоўваем сваю метадалогію. Таму запрашаем паўдзельнічаць у круглым стале, каб з аднаго боку распавесці пра нашыя матэрыялы, якія маглі б быць вам карыснымі, з другога – даведацца пра вашу практыку захавання ўспамінаў і пра тыя праблемы, у тым ліку этычнага кшталту, якія ўзнікаюць падчас працы са сведкамі. Давайце абмяняемся досьведам. Высветлім, чым адрозніваецца праца журналіста ад працы вуснага гісторыка, абмяркуем наша магчымае супрацоўніцтва.

Удзельнікі ад БАВГ – навуковы кіраўнік, доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук, каардынатар праекта Ірына Кашталян, кіраўнік архіва Вольга Іванова, аператар і адміністратар праекта Павел Сітнік, каардынатар конкурса для школьнікаў па 1939 г. Вольга Цадко

Іншагароднім будуць аплочаны праезд і пры неабходнасці прадастаўлены начлег. 

Заяўкі падавайце на info@nashapamiac.org да 20 чэрвеня. Пра канкрэтнае месца правядзення будзе паведамлена дадаткова.

Каментары да навіны: