Ірына Кашталян расказала пра вусную гісторыю на Дзікім Захадзе

2014-06-26

Трэба зазначыць, што гэта не першы выязны семінар, які праводзяць камадна БАВГ. Дзякуючы праекту «Жывая гісторыя майго краю» нам удалося аб'ехаць усе вобласці Беларусі, каб расказаць пра наш архіў і перадаць зацікаўленым досьвед вуснагістарычных даследаванняў. 

Фота 1. Ірына Кашталян расказвае ўдзельнікам пра галоўныя прынцыпы вуснай гісторыі

Гэтым разам майстар клас адбыўся ў вёсцы Грабаўка (Гомельская вобл.) на мяжы з Украінай. «Пасялілі ўсіх удзельнікаў на базе ГРК «Ранчо», я прыкладам жыла на тэрыторыі Аляскі [аргасядзіба зроблена ў стылі вестэрн, кожны дамок – гэта штат ЗША – рэд.]», – дзеліцца ўражаннямі Ірына.

Трэнінг атрымаўся інтэрнацыянальным: навучацца асновам вуснагістарычнага майстэрства прыйшлі не толькі беларусы, але і прадстаўнікі Нямеччыны, Малдовы, Украіны. Праводзіўся ён у выглядзе гульні. «Удзельнікі вучыліся правільна слухаць сведкаў і праз гэтае сапраўды змаглі ўявіць гістарычныя падзеі», – адзначыла даследчыца.

            Фота 2. На трэнінг сабралася шмат людзей                                          Фота 3. «Гульні» ў вусную гісторыю

Відавочна, што інтарэс да вуснай гісторыі з кожным годам становаіцца ўсё большым, прычым не толькі ў навуковым асяродку. Да архівістаў БАВГ часта звяртаюцца настаўнікі, краязнаўцы, журналісты з пытаннем, куды можна змясціць сабраныя інтэрв'ю. Таму БАВГ узяўся за рапрацоўку адмысловай пляцоўкі, дзе кожны зможа пакінуць свае даследаванні. Дарэчы, у межах «Жывой гісторыі майго краю» пасля нашых семінараў і трэнінгаў некаторыя ўдзельнікі ўзяліся за вуснагістарычныя праекты. Атрымалася вельмі добра.

Трэба сказаць, што шматлікія мерапрыемствы БАВГ былі б проста немагчымыя без дапамогі нашых сяброў. «Мы вельмі добра адчувалі і адчуваем падтрымку нашых партнёраў: «Deutscher Volkshochschul-Verband e.V.» (ФРГ) в РБ, Інстытута развіцця адукацыі. Спадзяемся, што плённае супрацоўніцтва з імі будзе і надалей», – падсумоўвае Ірына.

Фота 4. Урачыстая частка фестывалю

Беларускі архіў вуснай гісторыі збіраецца і ў далейшым ладзіць цікавыя мерапрыемствы, бліжэйшыя адбудуцца ўжо ў гэтую пятніцу і суботу (27-28 чэрвеня).                                     

Каментары да навіны: