Канферэнцыя: справаздача

2014-10-01

Правядзенне гэтай канферэнцыі – важная падзея як для беларускай навукі, так і для Беларусі ўвогуле. 

Грамадскае значэнне канферэнцыі пераацаніць складана. Сёлета споўнілася роўна 75 год з моманту, калі Заходняя і Усходняя часткі Беларусі фармальна былі аб'яднаныя ў адзіную краіну – БССР. Ацэнкі гэтай падзеі вельмі неадназначныя: ад станоўчых да рэзка негатыўных. Да таго ж яна па-рознаму разглядаеццца ў розных гістарыяграфіях: польскай, украінскай, беларускай. Таму не дзіўна, што падобныя даты актуалізуюць дыскусіі, і калі падобныя гістарычныя юбілеі ігнаруюцца дзяржавай, то асабліва важна, каб у грамадстве высілкамі недзяржаўных арганізацый ствараліся пляцоўкі для адкрытага абмеркавання. Менавіта такім месцам 26 і 27 верасня стала заля бізнэс-цэнтра Imaguru.

Трэба сказаць, нячаста ў Беларусі сустракаюцца навукоўцы з розных краін для абмеркавання праблем вуснай гісторыі. Падобныя сустрэчы – добрая магчымасць распачаць міждысцыплінарныя даследаванні і плённую супрацу. Да таго ж шырокая зацікаўленасць канферэнцыей паказала – метад вуснай гісторыі выкарыстоўваецца даследчыкамі розных гуманітарных навук, і становіцца ўсё больш актуальным.

Праграма мерапрыемства была надзвычай шчыльнай: шмат дакладчыкаў з Беларусі і Польшчы (агулам 32 удзельнікі), забароненая выстава Ігара Мельнікава «Заходнебеларуская Атлантыда», прэм'ера фільма Ягора Сурскага «Восень 1939: на мяжы памяці» з удзелам сведкаў падзей восені 1939 года, прэзентацыя кнігі Анатоля Трафімчыка «1939 год і Беларусь: забытая вайна».

Ну і канешне ўзнагароджанне пераможцаў конкурса «1939 год у памяці жыхароў Беларусі».

Такім чынам Беларускі архіў вуснай гісторыі адзначыў гэтую дату – сумясціў навуку і мастацтва, а да традыцыйнага фармату канфэрэнцыі дадаў пазнавальную экскурсію, якая адбылася пасля двух дзён канферэнцыі.

У гэтай вандроўцы па памежжы 1921-1939 гг. прыняў удзел гісторык Ігар Мельнікаў, які арганізаваў касцюмаваны пераход савецка-польскай мяжы пры ўдзеле савецкага і польскага памежнікаў. У правядзенні экскурсіі дапамог і бард Андрэй Мельнікаў, а таксама краязнаўца з Дзяржынска Вераніка Матусевіч. Праехалі па былой мяжы: Семкава, Заслаўе, Новае поле, Ракаў, Дзяржынск і Негарэлае – каб адчуць дух часу, які захаваўся хіба што толькі ў памяці.   

Беларускі архіў вуснай гісторыі дзякуе МГА «Гісторыка» і асабіста Алесю Ясінскаму, Лятучаму універсітэту і асабліва Таццяне Вадалажскай, Інстытуту славістыкі ПАН за дапамогу ў арганізацыі і правядзенні канферэнцыі, членам журы конкурса за сумленную і адказную працу, барду Андрэю Мельнікаву, Паўлу Каралёву, Вераніцы Матусевіч ды Ігару Мельнікаву за непаўторную экскурсію, Ягору Сурскаму за фільм, а таксама ўсім, хто дапамагаў зрабіць нашыя мерапрыемствы цікавымі і незабыўнымі.

Каментары да навіны: