Канферэнцыя ў БрДУ: падсумаванні

2014-11-27

21 лістапада ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А. С. Пушкіна праходзіла навукова-практычная канферэнцыя “Вусная гісторыя: тэорыя і практыка”. Гэта адна з нешматлікіх спробаў у Беларусі актуалізаваць вусную гісторыю як акадэмічную дысцыпліну. Праблемнае кола канферэнцыі павінна было быць даволі шырокім – ад гістарыяграфіі да праблемаў памяці. Але, на жаль, з 39 заяўленых удзельнікаў, выступіла толькі трэцяя частка. У тым ліку быў прадстаўлены рэферат “Накірункі і перспектывы развіцця вуснай гісторыі ў Беларусі ў канцы ХХ – пачатку ХХІ стст.” падрыхтаваны архівістамі БАГВ Вольгай Івановай і Таццянай Касатай. У ім закраналіся праблемы існавання вуснай гісторыі ў Беларусі. Некаторыя з іх былі відавочна прадстаўлены на самой канферэнцыі: дамінаванне факталагічнай апісальнасці ў вуснагістарычных даследаваннях; праблемы метадалогіі вуснай гісторыі (на гэту тэму былі прадстаўлены толькі два даклады: Ірыны Чарнякевіч і Віталя Піліповіча).

На канферэнцыі адбылася прэзентацыя фільма “Дзеці вайны”, які з’яўляецца вынікам праекта “Збор і выкарыстанне ў адукацыйным працэсе ўспамінаў непаўналетніх вязняў фашызма, остарбайтараў, ахвяраў нацызма як сродка прафесійнай падрыхтоўкі студэнтаў-гісторыкаў”. Дарэчы, з праграмы канферэнцыі вынікае, што студэнты Брэсцкага ўніверсітэта даволі актыўна ўдзельнічаюць не толькі ў зборы вусных успамінаў, але і ў напісанні на іх падставе навуковых прац.

Такім чынам, правядзенне такіх адмысловых канферэнцый садзейнічае стварэнню пляцовак даследчыкаў вуснай гісторыі для абмеркавання праблем і абмена вопытам. Што з’яўляецца адной з тэндэнцыі развіцця вуснай гісторыі ў Беларусі.

 

Справаздачу падрыхтавала: Таццяна Касатая

Каментары да навіны: