Папоўнілася этнаграфічная калекцыя БАВГ (+Аўдыё)

2014-12-17

У наш архіўны фонд дабаўленыя дзве новыя этнаграфічныя калекцыі. Яны ўваходзяць у архіўны збор матэрыялаў палявых даследаванняў выдатнага беларускага этнографа, мастацтвазнаўцы Вольгі Лабачэўскай. На дадзены момант цалкам даступныя для вывучэння аўдыёматэрыялы калекцый: "Гомельшчына, 2003" і "Беласточчына, 2005".

Дадзеныя калекцыі ўтрымліваюць запісы інтэрв'ю з этнаграфічных экспедыцыяў, якія праводзіліся 10 і болей год таму. З гэтай прычыны сярод рэспандэнтаў сустракаецца шмат людзей яшчэ 1910-х гадоў нараджэння, чые расповеды сёння ўжо самі па сабе маюць каштоўнае значэнне. У першую чаргу матэрыялы гэтых калекцый складаюць этнаграфічныя звесткі, якія адлюстроўваюць традыцыйны сялянскі побыт і звычаі, выяўляюць старыя вясковыя рамёствы, дапамагаюць ўзнавіць і патлумачыць месцамі ўжо страчаныя тэхналогіі ткацтва, прадзенне і іншых майстэрстваў, фіксуюць праявы народнай мастацкай творчасці. Асаблівую ўвагу заслугоўваюць апісанні рэлігійных практык: святаў, абрадаў і рытуалаў, якія зараз знікаюць разам з адыходам у нябыт традыцыйнага ладу сялянскага жыцця.

Так, надзвычай цікавым з'яўляецца абрад выклікання дажджу, які сваімі каранямі сягае ў дахрысціянскую эпоху і які яшчэ да сярэдзіны мінулага стагоддзя актыўна выконваўся ў беларускіх вёсках, калі выпадалі надта засушлівая і неўрадлівыя часы. Прапануем паслухаць аповед пра падобны абрад так званага "абракання", які практыкаваўся  жыхарамі вёскі Ладыжын, Калінкавіцкага р-ну, Гомельская вобл.:

 

Апроч выключна этнаграфічных дадзеных  гэтыя калекцыі ўтрымліваюць матэрыялы, якія дазваляюць прасачыць сацыяльна-эканамічныя змены і культурныя пераўтварэнні, якія адбыліся ў вясковым укладзе жыцця цягам ХХ ст. У гэтым сэнсе, напрыклад, для нас цяпер можа здавацца досыць нечаканай з'явай існаванне яшчэ ў 1920-я ў беларускай вёсцы на землях, якія ўжо ўваходзілі ў склад сацыялістычнай рэспублікі працоўных і сялян, пэўнага сацыяльнага (калі не сказаць класавага) падзелу на "мужыкоў" і "шляхту", што ўвасаблялася ў побытавай культуры, звычаях і ўбранні:

 

Кажучы пра сацыяльныя трансфармацыі і ўзрушэнні, якія перажыла беларуская вёска і яе насельніцтва, варта звярнуцца да калекцыі "Беласточчына, 2005", запісы якой збіраліся на польска-беларускім памежжы ў рамках міждысцыплінарнай экспедыцыі Міжнароднай гуманітарнай школы Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы Варшаўскага універсітэта. Сярод апытаных жыхароў Беласточчыны захаваліся яшчэ ўспаміны пра бежанства 1915 года, якое пранесла карэнныя змены ў жыццё тутэйшых беларускіх сялян. Адарваныя ад традыцыйнага ўкладу жыцця і выгнаныя вайной з роднай зямлі, яны мусілі шукаць прытулку і лепшай долі ў малазнаёмых мясцінах цэнтральных губерняў Расійскай імперыі, дзе іх неўзабаве нападкала новае ліхалецце рэвалюцыі і грамадзянскай вайны:

 

Каментары да навіны: