Выйшла ў свет кніга Вольгі Івановай "Асабістыя архівы Беларусі канца XVIII – пач. XXІ ст."

2015-02-18

Выйшла ў свет кніга супрацоўніцы БАВГ, архівісткі, Вольгі Івановай, прысвечаная даследаванню асабістых архіваў Беларусі. У якасці эпілога да сваёй працы аўтаркай выкарыстаная цытата выбітнога беларускага гісторыка Віталя Скалабана:

“Некаторыя сцвярджаюць, што ў нас загінулі архівы, бібліятэкі, каштоўныя дакументы… Ды не! Мы не такія бедныя, як нам часам хочацца. У нас у Беларусі даволі багатыя архівы. І беларускіх збораў вельмі шмат па-за межамі Беларусі ў многіх краінах свету. Трэба не спаць, а шукаць гэтыя дакументы і вяртаць іх на Бацькаўшчыну”.

Нягледзячы на ўсе страты, якія панеслі асабістыя архіўныя зборы цягам апошніх двух стагоддзяў у нашай краіне, дзейнасць многіх прадстаўнікоў беларускай літаратуры, мастацтва і навукі зрабіла магчымым захаванне дакументальнай памяці пра выдатныя асобы гісторыі Беларусі. Таму ў сваім даследаванні Вольга Іванова робіць вельмі важную справу па вывучэнні той дакументальнай асобаснай спадчыны Беларусі, якая яшчэ захавалася на дадзены момант, а таксама спрабуе зрабіць ацэнку і сістэматызацыю гэтага масіву дакументаў асабістага паходжання.   

У кнізе прасочваецца гісторыя і аналізуецца стан захавання асабістых архіваў беларускіх дзеячаў навукі, культуры і грамадска-палітычнай сферы, пачынаючы з канца XVIII ст. Вызначаюцца накірункі іх пошуку, шляхі выкарыстання ў навуковых, культурных, сацыяльна-прававых, грамадска-палітычных мэтах. Даецца ацэнка асабістых архіваў як гістарычнай крыніцы і гісторыка-культурнага феномена.

Большая частка кнігі ўяўляе сабой даведнік, дзе змешчаны дадзеныя пра больш чым 1400 архіваў беларускіх дзеячаў у сховішчах Беларусі і краін замежжа па стану на 2008-2010 гг. Даведнік складаўся з выкарыстаннем метада архіўнай рэканструкцыі: пазначаліся ўсе вядомыя месцы захоўвання частак асабістага архіва канкрэтнага дзеяча.

Каманда БАВГ віншуе Вольгу з выхадам кнігі і жадае далейшых поспехаў на ніве беларускай гістарычнай навукі!

Іванова, В. Асабістыя архівы Беларусі канца XVIII – пач. XXІ ст. / Вольга Іванова. – Мінск: Зміцер Колас, 2014. – 404 с.

 

Каментары да навіны: