Выйшла з друку брашура "Калектыўны зварот студэнтаў-філосафаў 1981 года"

2015-02-25

Групай па даследаванні гісторыі нонканфармізму ў БССР “Кружэлка” апублікавана брашура, прысвечаная калектыўнаму звароту студэнтаў філасофскага аддзялення БДУ, напісанаму ў 1981 годзе. Гэты зварот быў, як кажуць, “шырока вядомы ў вузкіх колах”, пра яго па Менску хадзілі рознай ступені даставернасці легенды, але грунтоўных публікацый не было. Цяперашняя публікацыя ставіць за мэту праліць святла на тое, што менавіта і чаму адбылося ў 1981 годзе сярод студэнтаў філасофіі галоўнага ўніверсітэта Беларусі.

Даследаванне дадзенай унікальнай праявы грамадскага жыцця ў БССР часоў позняга "застою" грунтуецца, між іншым, на вуснагістарычным матэрыяле – успамінах былых студэнтаў. Брашура складаецца з трох частак. У яе ўключаныя: артыкул, напісаны гісторыкам Уладзімірам Валодзіным; адзін дакумент з фондаў Нацыянальнага архіву Рэспублікі Беларусь, які вельмі яскрава адлюстроўвае эпох; і, нарэшце, рэфлексіі аднаго з тагачасных студэнтаў Леаніда Свярдлова. Аб’ём брашуры – 56 старонак А5. Брашура ілюстраваная тагачаснымі чорна-белымі фотаздымкамі.

Спампаваць брашуру ў электронным выглядзе можна па спасылцы: "Калектыўны зварот студэнтаў-філосафаў 1981 года" , а атрымаць папяровы асобнік – напісаўшы на пошту групы “Кружэлка”.

Каментары да навіны: