Прэзентацыя БАВГ у Магілёве

2015-04-30

Беларускі архіў вуснай гісторыі быў прадстаўлены 24 красавіка на гістарычным факультэце МДУ імя А. А. Куляшова. Адбылося гэта падчас прэзентацыі Конкурсу «Чарнобыльская катастрофа і яе наступствы ў памяці жыхароў Беларусі».

Мэта праекта, як паведаміў адзін з яго аўтараў, гісторык Андрэй Мастыка, — назапашванне сведчанняў ад непасрэдных удзельнікаў тых або іншых падзей.

«Праект быў распачаты вясной 2011 года і знаходзіцца на стадыі станаўлення, — адзначае Андрэй. — Ужо сабрана каля тысячы аўдыё- і відыазапісаў. У тым ліку, ёсць унікальныя сведчанні, якія маюць дачыненне да міжваеннага перыяду, падзей 1939 года. Жыхары ўсходняй і заходняй Беларусі распавялі пра аб’яднанне краіны. Не менш цікавыя звесткі датычацца Чарнобыльскай катастрофы».

«Умовы Конкурсу простыя — трэба ўзяць інтэрв’ю ў тых, хто жыве зараз або некалі жыў на забруджанай тэрыторыі. Таксама варта паразмаўляць з ліквідатарамі Чарнобыльскай катастрофы, — даводзіць каардынатар праекта, гісторык Уладзімір Валодзін. — Важная, аднак, умова — інтэрв’ю абавязкова трэба зафіксаваць на дыктафон ці на відэа. Пераможца атрымае ноўтбук».

«Папулярызацыя розных метадаў збірання гістарычных крыніц, якія маюць дачыненне да Беларусі, — важная задача, якую мы будзем абавязкова выконваць», — каментуе арганізатар мерапрыемства Аляксандр Агееў.

Дзяніс Яўсеенка, МДУ імя Куляшова

Каментары да навіны: