Сустрэча чальцоў міжнароднай сеткі EUSTORY з удзелам БАВГ у дацкім Хельсінгёры

2015-05-08

19-21 красавіка ў дацкім горадзе Хельсінгёр прайшла штогадовая сустрэча чальцоў сеткі EUSTORY - міжнароднай арганізацыі, якая аб’ядноўвае арганізатараў конкурсаў для моладзі ў шматлікіх краінах Еўропы.  Беларускі архіў вуснай гісторыі ў якасці аднаго з удзельнікаў гэтай міжнароднай праграмы прадставіў сваю дзейнасць за мінулы год і планы на сёлета. Прадстаўніца нашага архіва Вольга Цадко прэзентавала вынікі конкурсу “1939 год у памяці жыхароў Беларусі”, які скончыўся ўлетку 2014 года.

Асабліва арганізатараў цікавілі крытэры і працэс ацэнкі конкурсных прац. У экспазіцыі спецыяльнай выставы, дзе прэзентаваліся вынікі конкурсных праектаў, былі прадстаўлены дзве працы пераможцаў леташняга конкурсу, іх вартасці ў параўнанні з астатнімі работамі. Акрамя таго, экспазіцыя Беларускага архіва вуснай гісторыі таксама ўключала візуальныя матэрыялы праекта 2015 году – конкурсу для студэнтаў “Чарнобыльская катастрофа і яе наступствы ў памяці жыхароў Беларусі”. Вольга Цадко распавяла калегам пра асаблівасці новага конкурсу, яго адрозненні ад мінула праекта і вынікі, якія чакаецца атрымаць.

У якасці практычнай часткі мерапрыемства арганізатары правялі варкшоп, на якім ўдзельнікі з розных краін змаглі абмеркаваць наступныя пытанні: “што з’яўляецца больш актуальным для ўдзельнікаў конкурсу: нацыянальная гісторыя ці лакальная гісторыя/гісторыя сям’і?”; “каго павінны выхоўваць такія праекты: гісторыкаў ці свядомых грамадзян?” і г.д.

Сустрэча EUSTORY прайшла сумесна з канферэнцыяй адукатараў са ўсей Еўропы – Euroclio. Тэма канферэнцыі – “Шлях  да дэмакратыі”. Арганізатары конкурсаў для моладзі прынялі ўдзел у абмеркаваннях розных тэматычных выступаў, а таксама мелі шанец паразмаўляць з настаўнікамі з розных куткоў Еўропы.

Кожны год EUSTORY прапануе пераможцам конкурсаў далучацца да акадэмічных актыўнасцяў па розным гістарычным пытанням. Так, напрыклад, у гэтым годзе, пераможцы леташняга конкурсу маюць магчымасць трапіць у верасні на семінар ў польскім горадзе Ольштын па тэме “У пошуках Паўночнай Атлантыды”.

Матэрыял падрыхтавала Вольга Цадко

Каментары да навіны: