Да 70-годдзя з Дня Перамогі (+Відэа)

2015-05-09

Да 70-годдзя з Дня Перамогі БАВГ пачынае цыкл публікацый, прысвечаных тэме вайны, акупацыі, штодзённага жыцця падчас ваеннага ліхалецця, якія будуць заснаваны на ўспамінах сведак – людзей перажыўшых тыя страшныя часы нашай гісторыі. 

Разглядаючы запісы ўспамінаў, якія датычацца памяці аб ХХ ст., хіба няма аніводнага, дзе б не закраналася тэма вайны. Яна пакінула незабыўны адбітак нават на ўспамінах тых, хто па ўзросту не з'яўляўся сведкам той вайны, бо гісторыя сям'і бадай кожнага беларуса так ці інакш захоўвае памяць аб тых падзеях.

У беларускай гістарыяграфіі звычайна  перыяд 1941-1944 гг. гісторыкамі акрэсліваецца, за выняткам  падзей непасрэдных баявых дзеянняў, як час акупацыі. Аднак ў размовах і ўспамінах відавочцаў вы слова акупацыя наўрад ці пачуеце, бо там існуе толькі адно вызначэнне – ВАЙНА.

З успамінаў Чэслава З., 1931 г.н. Стаўбцоўскі р-н, Мінская вобл.

Ч.З.: […] І парцізаны грабілі і немец грабіў. І паліцыя грабіла, чорт яго паймёш што было. Не дай Бог. Вайна есть вайна. Не дай Бог вайна, што зрабіла […]

 

Для беларусаў, перажыўшых акупацыю, усе чатыры гады гэтых падзей перажываліся менавіта як вайна, стан перманентнай вайны. І сапраўды, вывучаючы ўспаміны, разумееш, што лінія "нябачнага" фронту праходзіла акурат па беларускай вёсцы. 

І кожнае імгненне, літаральна кожную хвіліну з тых чатырох ваенных год, магло адбыцца непапраўнае, як для канкрэтнага чалавека, так і для жыхароў цэлага сяла. Кожны нечаканы і непрадуманы рэйд партызан мог абысціся ў выніку спаленнем нейкай вёскі.

 

Беларуская вёска, такім чынам, рабілася закладніцай у руках акупантаў, нам цяжка цяпер уявіць сабе падобнае шматгадовае існаванне ў стане закладніка:

 

Жудасці карных аперацый нацыстаў вядомыя, але, думаецца, нам, не зведаўшым варункаў той бязлітаснай вайны, бадай не магчыма зразумець, які часамі перад чалавекам стаяў выбар у выпадку пагрозы смерці: ці то ўласнай гібелі, ці то гібелі блізкіх альбо цэлай сям'і:

 

Такім чынам, вызваленне, а пасля і Перамога – гэта сапраўды вялікі дзень для народа, што пазбавіўся жудасці той вайны, якая насіла бязлітасны татальны характар.

Таму на гэтае свята разам з данінай пашаны воінам, якія змагаліся і гінулі за перамогу, трэба ўспомніць і ўшанаваць тых, хто перажыў і пераадолеў цяжар вайны, знаходзячыся тут, у беларускай вёсцы, якая перанесла гвалт і прымус варожай акупацыі. І нягледзячы на гаспадарчую абязкроўленасць і спусташэнне, прынесенае захопнікамі, беларускія сяляне заставаліся асноўнай апорай вызваленчага партызанскага руху, не толькі забяспечваючы яму матэрыяльную падтрымку, але і крывавым коштам сотняў спаленых вёсак.

Каментары да навіны: