Памяць Народа ажывае на нашых вачах! (+новыя відэа)

2015-05-13

Памяць Народа ажывае на нашых вачах! Больш трапнае акрэсленне цяжка падабраць. Дасланыя конкурсныя відэазапісы знаёмяць з цікавымі людзьмі, шчырымі сведкамі свайго часу, іх складаным і часам трагічным лёсам. Вядома, што лёс аднаго чалавека – лёс усяго Краю!

Дзякуючы вуснагістарычным даследаванням перад намі паўстае жывая гісторыя беларускага народа, якая пры шчырасці сведак часу слаба адпавядае догматам, ідэалогіям і пазнейшым стэрэатыпам, якія склаліся ў нашым грамадстве адносна гісторыі ХХ ст. 

Прадстаўляем Вашай увазе працы чарговых удзельнікаў першага беларускага конкурсу відэа-інтэрв’ю “Памяць Народа”. Стылёвыя відэа-інтэрв’ю змяшчаюць неардынарныя і захапляючыя  аповеды-успаміны, так, да прыкладу, надзвычай цікавым будзе знаёмства з галоўным, але наўмысна забытым аўтарам мемарыяльнага комплексу “Хатынь”.

Вяртаем сваю гісторыю, вяртаем свае імёны, вяртаем памяць. Разам!

Адзінаццаты ўдзельнік конкурсу, Настасся Роўда, прадстаўляе іншы ад папярэднікаў падыход да запісу відэа-інтэрв’ю. Сведка часу, цудоўная жанчына Надзея Рыгораўна Харашэвіч, распавядае пра свайго мужа – таленавітага мастака і сапраўднага патрыёта Беларусі – Кастуся Харашэвіча. Пра лёс такіх беларусаў нам варта ведаць:

 

Дванаццаты ўдзельнік конкурсу, Валянціна Літвіновіч, зрабіла акцэнт не толькі на апавяданні, але і на працэсе самога суразмоўя. У выніку, размова Івана Ткачова са сведкай часу Антанінай Іванаўвай Гарчаковай сімвалізуе своеасаблівы дыялог пакаленняў:

 

Трынаццаты ўдзельнік конкурсу, Кацярына Крамарэнка, занатавала на відэа неверагодны лёс сведкі часу Бараноўскага Вячаслава Уладзіміравіча. Відэа-інтэрв'ю, акрамя цікавых успамінаў пра Машэрава, Марата Казея, звестак пра ваенныя і даваенныя часы, вяртае да гісторыі імя сапраўднага аўтара мемарыяльнага комплексу «Хатынь». Даведаемся:

 

Чатырнаццаты ўдзельнік, Кацярына Пятруцый, запісала відэа-інтэрв’ю сямейнае пары Казiмiра Фамiча і Марыі Станiславаўны Астасевічаў. Сведкі часу прыгадваюць даўнія падзеі, а праца выканана ў даволі стылёвай атмасферы:

 

Пятнаццаты ўдзельнік, Алена Мыльнікава, абрала ў якасці сведкі часу сваю родную прабабулю, якая, нягледзячы на свой досыць сталы ўзрост, застаецца пры добрай памяці і з'яўляецца выдатным суразмоўцам ды апавядальніцай. Слухаць Алену Канстанцінаўну Коўш цікава, пазнавальна і вельмі …балесна, але лёс аднаго чалавека – гэта лёс усяго народу. Божа, барані нас і нашчадкаў нашых ад гэтакіх успамінаў…:

 

 

Каментары да навіны: