Канферэнцыя "Вусная гісторыя (не)пераадоленага мінулага"

2015-06-11

Украінская асацыяцыя вуснай гісторыі

Адэскі нацыянальны ўніверсітэт імя І.І. Мечнікава

Адэскі акадэмічны цэнтр Міжнароднай акадэміі навук
 

Запрашаюць да ўдзелу ў навуковай канферэнцыі па вуснай гісторыі

"Вусная гісторыя (не)пераадоленага мінулага:

падзея – наратыў – інтэрпрэтацыя",

якая адбудзецца 8-9 кастрычніка 2015 года ў Адэсе

 

Сучасныя падзеі, што адбываюцца ва Ўкраіне, ды звязаныя з гэтым сусветныя працэсы прыцягваюць вялікую ўвагу даследчыкаў, нараджаюць шмат неадназначных каментараў і вострай палемікі. Навукоўцы намагаюцца зразумець вытокі, паясніць сутнасць, прааналізаваць механізмы і ацаніць уплывы тых з'яваў і на ўзроўні сусветнай супольнасці, і на ўзроўні асобных дзяржаў і сацыяльных груп, і на ўзроўні асобнага індывіда. Паступова ўсё больш увагі надаецца таму, што адным з важных напрамкаў асэнсавання сучасных падзей ёсць праблема "непераадоленага мінулага" – ментальнай, культурнай, сацыяльна-палітычнай, псіхалагічнай узаемасувязі мінулага і сучаснай сітуацыі.

Ва Ўкраіне дагэтуль непераадолена таталітарнае мінулае і дзяржава за 23 гады свайго існавання так і не здолела выпрацаваць стройную палітыку ў сферы гістарычнай памяці. Але паступова фарміруецца разуменне таго, што, не разлічыўшыся з мінулым, з гісторыяй, грамадства не можа будаваць новую дзяржаву, канструяваць новую ідэнтычнасць, паспяхова развівацца.

Менавіта таму акадэмічная дыскусія пра праблему непераадоленага мінулага, яго ўплыву на сучасныя падзеі ў краіне і свеце, пра ролю асобы і грамадскасці ў яе вырашэнні, пра значэнне паваротных гістарычных момантаў і ролю ў іх асобы набывае асаблівую актуальнасць. Звязанымі з гэтым з'яўляюцца праблемы асаблівасцяў асэнсавання і адлюстравання гістарычных зломаў, разрываў, сацыяльных рэвалюцый, масавых рэпрэсій і перыядаў адноснай стабільнасці, застою ці прагрэсу ў згадках непасрэдных сведак і ўдзельнікаў такіх падзей.

Для даследчыкаў, якія ў сваёй працы выкарыстоўваюць метод вуснай гісторыі, дадзеная сітуацыя прапануе новыя перспектывы ў вывучэнні "традыцыйных" для вуснагістарычных пошукаў тэм (зарыентаваных перш за ўсё на аналіз суб'ектыўнага вымярэння гісторыі ды выяўлення ў ёй незаўважаных на макраўзроўні досведаў, значэнняў і наступстваў падзей), а таксама дадатковы вектар у размеркаванні асноўных метадалагічных праблем вуснагістарычнага аналізу. Напрыклад: этычныя аспекты інтэрв'юіравання і стасункаў паміж рэспандэнтам і даследчыкам у кантэксце вывучэння траўматычнага досведу; асаблівасці ўспрыняцця і інтэрпрэтавання гісторый людзей, якія перажылі палітычныя рэпрэсіі, голадамор, вайну, дэпартацыі, змену палітычных рэжымаў, разнастайныя сацыяльныя катаклізмы. Вельмі важнымі застаюцца пытанні: калі Падзея становіцца Мінулым, якое можна эфектыўна вывучаць метадамі вуснай гісторыі? Пры якіх умовах Мінулае "адпускае" Сучаснасць, перастае непасрэдна ўплываць на яе, задаваць кірунак ці рамку будучага? Якім чынам і з дапамогаю якіх прылад можна "пераадолець" мінулае, якое абцяжарвае?

Для абмеркавання гэтых ды іншых актуальных пытанняў вуснагістарычных даследаванняў Украінская Асацыяцыя Вуснай гісторыі ў супрацоўніцтве з Адэскім нацыянальным універсітэтам імя І.І.Мечнікава і Адэскім акадэмічным цэнтрам Міжнароднай акадэміі навук праводзіць навуковую канферэнцыю і запрашае да ўдзелу даследчыкаў, якія карыстаюцца методыкай вуснай гісторыі, а таксама даследчыкаў розных галінаў сацыягуманітарных ведаў.

Для абмеркавання прапануюцца наступныя тэмы:

  • - вусная гісторыя як крыніца пазнання мінулага і сродак "пераадолення" яго трагедый;
  • - паняцце "непераадоленае мінулае" (Vergangenheitsbewältigung), яго вытокі і інтэрпрэтацыі;
  • -  нямецкі досвед у пастаноўцы, асэнсаванні і пошуку шляхоў вырашэння праблемы "непераадоленага мінулага"; досвед іншых краін;
  • - падзеі таталітарнага мінулага, якія патрабуюць пераасэнсавання і супольнага пераадолення;
  • -  асабістая гісторыя ў кантэксце паваротных гістарычных падзей;
  • -  гістарычныя траўмы і трагедыі ў ракурсе вуснагістарычных аповедаў;
  • -  улада, грамадства, чалавек скрозь прызму асабовага досведу;
  • -  гістарычная постаць і асэнсаванне яе ролі ў вуснагістарычным аповедзе;
  • -  гендарныя аспекты гісторыі таталітарных дзяржаў;
  • -  суадносіны архіўных і вуснагістарычных крыніц; супольнае і адметнае ў метадах іх аналізу і праблемах інтэрпрэтацыі;
  • - інтэрв'юіраванне як чалавечае ўзаемадзеянне: магчымыя эфекты ўспамінання і распавядання для апавядальніка і слухача;
  • -  прафесійная этыка даследчыка ў кантэксце вывучэння балесных падзеяў мінулага.

Канферэнцыя адбудзецца ў Адэсе 8-9 кастрычніка 2015 года на базе АНУ імя І.І. Мечнікава.

Заяўкі прымаюцца да 21 ліпеня 2015 года на электронны адрас: oh.confercence.odessa@ukr.net

У заяўцы трэба пазначыць інфармацыю пра сябе, тэму і сцісла выкласці асноўныя тэзісы выступу (да 300 словаў).

Праезд, пражыванне і харчаванне ўдзельнікаў канферэнцыі – за іхні ўласны рахунак.

Мовы канферэнцыі – украінская і руская.

Арганізацыйны ўнёсак – 150 грн.

Аргкамітэт канферэнцыі:

Гелінада Грынчэнка (Харкаў)

Аксана Кісь (Львоў)

Лідзія Кавальчук (Адэса)

Аляксандр Прыгарын (Адэса)

Тацяна Пастушэнка (Кіеў)

Каментары да навіны: