Лекцыя і семінар Аляксандра фон Плато ў Мінску

2015-06-15

Шаноўныя сябры!

Спяшаемся паведаміць вам, што напрыканцы чэрвеня па запрашэнню Беларускага архіва вуснай гісторыі Мінск наведае выбітны нямецкі даследчык, адмыслоўца ў галіне вуснай гісторыі Аляксандр фон Плато (Alexander von Plato).

Падчас свайго візіту гісторык прачытае публічную лекцыю, прысвечаную вуснай гісторыі і яе асноўным праблемам, а таксама для людзей заангажаваных у вуснагістарычныя даследаванні будзе праведзены практычны семінар па выкарыстанню метаду oral history у вывучэнні траўматычнай памяці.

Лекцыя  мае адбыцца ўвечары 26 чэрвеня, а семінар пройдзе ўдзень 27 чэрвеня 2015 года ў Мінску. Месца і час правядзення яшчэ ўзгадняюцца, таму просім сачыць за нашымі абвесткамі.

Уваход на лекцыю будзе вольны.

Фармат семінара прадугледжвае абмежаваную колькасць удзельнікаў, таму зацікаўленых просім ужо зараз накіроўваць заяўкі з пазначэннем кароткіх звестак пра сябе, матывацыі ўдзелу, узроўню ведаў у накірунку вуснай гісторыі, кантактнай інфармацыі на адрас электроннай пошты: info@nashapamiac.org

Апошні тэрмін прыёму заявак: 24 чэрвеня 2015 года.

Аляксандр фон Плато, гісторык, заснавальнік і дырэктар Інстытута гісторыі і біяграфіі ўніверсітэта завочнага навучання г. Хагена, выдавец і сарэдактар часопіса аб біяграфічных даследаваннях і вуснай гісторыі BIOS, сакратар і віцэ-прэзідэнт Міжнароднай Асацыяцыі вуснай гісторыі, аўтар шматлікіх публікацый, фільмаў і выстаў па нямецкай і міжнароднай гісторыі, запрошаны прафесар у Вене, Вініпегу, Варонежы.

Важным накірункам у даследаваннях Аляксандра фон Плато з'яўляецца тэма ІІ Сусветнай вайны. Гэтай тэматыцы прысвечана, выдадзеная гісторыкам у якасці рэдактара і сааўтара, кніга "Рабы Гітлера" (Hitler's slaves. NY: Berghahn Books, 2010), у якой на падставе асабовых жыццёвых гісторый пацярпелых адлюстроўваецца дзейнасць інстытута прымусовай працы ў акупаванай нацыстамі Еўропе.

Каментары да навіны: