Прышчэпка ад дыктатуры

2015-08-06

Вусны гісторык бачыць і агучвае тое, што правячыя колы хацелі б замаўчаць. Ці можа вусны гісторык стаць суб’ектам палітычнага працэсу? Сваё бачанне таго, што такое вусная гісторыя і чым яна карысная для людзей, якія жывуць у дыктатарскіх грамадствах, прадставіў cусветна вядомы нямецкі гісторык Аляксандр фон Плата.

У свеце нямала правячых рэжымаў з адзіным, афіцыйна вывераным пунктам погляду. Германія і Італія 30-х гадоў мінулага стагоддзя высвечвалі грамадскія працэсы толькі ў адным свеце. Таму пасля вайны афіцыйныя дакументы гэтых краін давалі адназначнае ўяўленне пра сістэму фашызму. Першыя навуковыя работы пра ўмовы ўтрымання ў канцэнтрацыйных лагерах былі напісаныя людзьмі, якія самі прайшлі «гітлераўскі ГУЛАГ».

Па словах Аляксандра фон Плата, у 1945 годзе ў Германіі запанавала тэорыя нулявой гадзіны. Згодна ёй, усё, што было з немцамі да гэтага года, падвяргалася абнуленню, і гісторыя краіны пісалася з чыстага ліста. Тэорыя ўплывала і на побытавае жыццё: пераважная частка насельніцтва ўвогуле адмаўлялася, нават у думках, звяртацца да нацысцкага перыяду. Людзі баяліся, што і за думкі іх асудзяць, і што з імі будуць абыходзіцца як са злачынцамі. Таму, напрыклад, пасля Нюрнбергскага працэсу ў Заходняй Германіі аж да 1958 года не было судоў над ваеннымі злачынцамі. Неабходнасць судоў і тое, што моладзь стала запытвацца ў бацькоў пра жыццё падчас панавання Гітлера, прывялі да пошуку новых адказаў на прыроду нацыянал-сацыялізму. Такія адказы магла даць толькі вусная гісторыя.

Гісторыкі пачалі апытваць грамадзян: як вы жылі да 1945 года? Менавіта не пра функцыянаванне дзяржаўнай машыны, а пра іх побыт, штодзённая жыццё. Вуснагістарычныя даследаванні далі дадатковае разуменне, чаму немцы паверылі Гітлеру. Асноўнае меркаванне — Гітлер выратаваў краіну ад сусветнага крызісу і пазбавіў немцаў ад ціску ганебнай для іх Версальскай дамовы — пацвердзілася. Але знайшлося яшчэ тры цікавыя аспекты. Па-першае, гендарны. Нацыянал-сацыялізм прывабліваў дзяўчат тым, што даваў ім магчымасць вырвацца з кола сям’і і пачаць грамадска актыўнае жыццё. Другім складнікам было тое, што немцы сталі больш роўныя — парушыліся сцены паміж сацыяльнымі класамі. І трэцім элементам у скрыню падтрымкі Гітлера, як паказалі апытанні людзей, стала зніжэнне рэлігійнага ўздзеяння, асабліва ў Рурскай вобласці. Вусная гісторыя здолела даць разуменне, што Гітлер не быў д’яблам-чараўнікоў, які завабіў масы. Вызначыліся канкрэтныя складнікі ягонай прыцягальнасці. Узнікла разуменне, як у XX стагоддзі і надалей адэкватна адказваць на пагрозы, што сыходзяць ад нацызму. І знайсці гэтыя адказы дапамагла менавіта вусная гісторыя, — лічыць гісторык фон Плата.

Таксама вуснагістарычны падыход дапамагае грамадству глядзець на гісторыю не як на кавалкі часу, абмежаваныя зацэментаванымі датамі, а як на жывы працэс. Прагучыць нечакана, але даследаванні паказалі, што ў 1945 годзе нават тыя людзі, якія змагаліся з Гітлерам у Германіі, апынуліся ў складанай сітуацыі. Яны змагаліся, але яны ж адначасова і жылі, планавалі ажаніцца ці нарадзіць дзяцей, і 1945 год прымусіў іх перакройваць жыццё наноў. Таму вус ная гісторыя прымусіла класічную гістарыяграфію змяніць устойлівыя гадавыя рамкі: 1933–1945 або 1939–1945 гады. Напрыклад, вынікі аднаго з даследаванняў вусных гісторыкаў у Германіі называліся «Жыццёвая культура немцаў у Баварскай вобласці 1930–1960 гг.». Да гэтага часу такія рамкі не прымяняліся, і яны дазволілі глядзець на гісторыю народа як на складанейшы працэс, а не вывераны падручнік.

Ініцыятывы па даследаванні вуснай гісторыі ў Германіі ў 1960–1970 гадах паўставалі ў выглядзе гістарычных майстэрняў. Звычайна яны мелі назву «Супраціў і пераслед у часы нацыянал-сацыялізму ў пэўным годзе ў канкрэтнай мясцовасці». Яны ставілі ў цэнтр увагі паводзіны людзей у часы панавання Гітлера і пасля Другой сусветнай вайны. Даследаванні зрабілі вялікі ўнёсак у разуменне нямецкай ментальнасці.

У Беларусі на дадзены момант працуюць адзінкавыя арганізацыі па працы з народнай памяццю. Гэта, напрыклад, Гістарычная майстэрня, якая даследуе акупацыю Беларусі, паўсядзённасць вайны, жыццё ў гета, збірае ўспаміны «Праведнікаў свету». Таксама працуе Беларускі архіў вуснай гісторыі, які таксама засяроджаны на зборы ведаў пра XX стагоддзе.

Дзейнасць такіх устаноў — гэта сапраўдная процівага адзінаму гістарычнаму погляду на жыццё, якім асабліва грашаць несвабодныя краіны. Таму не дзіўна, што вусны гісторык можа не па сваёй волі стаць суб’ектам палітычнага працэсу. Дзяржава бачыць у ім канкурэнта, які чуе і агучвае тое, што правячым элітам хацелася б замоўчваць. Але нават у такой няроўнай канкурэнтнай барацьбе вусны гісторык пачуваецца моцным, бо за ім — праўда памяці народа.

Аляксей ЧУБАТ, Новы Час, № 28 (445)

Каментары да навіны: