Бежанства 1915. Да стагоддзя трагічных падзей (+Аўдыё)

2015-09-04

Сто год таму, у канцы жніўня - пачатку верасня 1915 года, войскі кайзераўскай Германіі ўвайшлі на тэрыторыю Беларусі. Так, 3 верасня 1915 г. было захоплена Гродна, тыднем раней быў заняты Брэст. Гэты наступ немцаў на другі год Першай сусветнай вайны спавадаваў бежанства амаль паўтарамільённага мірнага насельніцтва заходніх раёнаў Беларусі ў глыб Расіі. З пачатку жніўня 1915 г. царскімі ўладамі была распачата кампанія па эвакуацыі мірных жыхароў з тэрыторый, з якіх пад націскам немцаў мусіла адступіць руская армія. З мэтай заахвочвання да бежанства, уладамі былі прадпрыняты шырокія прапагандысцкія захады для распаўсюджвання сярод мясцовых сялян інфармацыю аб зверствах нямецкіх захопнікаў.

З пункту гледжання вайсковай стратэгіі дадзеная аперацыя мусіла пазбавіць кайзераўскія войскі пэўнай матэрыяльнай і чалавечай базы, што павінна было перашкодзіць варожым сілам замацавацца на акупаванай тэрыторыі. Для самой жа заходнебеларускай грамадскасці бежанства 1915 года стала адной з трагічных старонак Першай сусветнай вайны, якая карэнным чынам змяніла лёсы сотні тысяч беларускіх сялян, выправіўшыхся ва ўцёкі ад вайны на ўсход, адкуль тысячам з іх не было суджана вярнуцца назад. Наступствы масавага перасялення таксама мелі значны ўплыў на грамадскія, палітычныя і эканамічныя працэсы, якія адбываліся ў Беларусі ў той гістарычны перыяд.

У калекцыі Вольгі Лабачэўскай нашага архіва захоўваюцца ўспаміны жыхароў Беласточчыны аб тых падзеях стогадовай даўніны. Зазвычай гэта расповеды колішніх дзяцей, заснаваныя на ўспамінах іх бацькоў, якія непасрэдна перажылі эвакуацыю і вярнуліся на радзіму. Для большасці  людзей таго пакалення бежанства захавалася ў памяці як найважнейшая падзея, да якой яны вярталіся ва ўспамінах на працягу ўсяго свайго жыцця. Адарваныя ад традыцыйнага ўкладу жыцця і выгнаныя вайной з роднай зямлі, яны мусілі шукаць прытулку і лепшай долі ў малазнаёмых мясцінах цэнтральных губерняў Расійскай імперыі, дзе іх неўзабаве нападкала новае ліхалецце рэвалюцыі і грамадзянскай вайны:

 

Няпростым было і вяртанне, якое адбывалася ў новых палітычных рэаліях: бежанцы вярталіся ў новую дзяржаву праз новаўтвораныя межы. Часцяком людзі варочаліся на выпаленыя вайной землі, руіны ўласных хат, дзе трэба было пачынаць  адбудоўваць жыццё з нуля.

Ва ўспамінах часта сустракаецца асаблівы вобраз рускага чалавека, якія сфарміраваўся ў ментальнасці беларускіх бежанцаў падчас іх вандровак па прасторам Расіі, а таксама ўяўленне пра добрае і сытае жыццё тамтэйшага насельніцтва "за царом".

 

Каментары да навіны: