Прэзентацыя зборніка “Кастусь Каліноўскі і нацыятворчы працэс у Беларусі” ў Гродна

2015-09-11

Прэзентацыя зборніка “Кастусь Каліноўскі і нацыятворчы працэс у Беларусі” прайшла 8 верасня ў галерэі “Крыга”. Яго аўтары спрабуюць раскрыць важнасць міфалагізацыі асобы Каліноўскага, якая адбывалася цягам усяго мінулага стагоддзя і працягваецца сёння.

Зборнік стаў вынікам канферэнцыі, якая праходзіла ў Лондане 27-29 сакавіка 2014 года. Арганізавала яе Згуртаванне Беларусаў у Вялікай Брытаніі. Разынка кнігі ў тым, што дзейнасць Каліноўскага і гістарычную памяць аб ім абмяркоўвалі не толькі гісторыкі, але і прадстаўнікі другіх навуковых галінаў.

У Гродне кнігу прэзентавалі гісторыкі Алесь Смалянчук, Алесь Радзюк і Алесь Краўцэвіч (на фота вышэй). Гісторык Васіль Герасімчык распавёў пра цяжкую долю сям’і Каліноўскіх і пра важнасць папулярызацыі міфа пра Каліноўскага праз школьныя падручнікі. Па словах Герасімчыка, “Каліноўскі свядома ішоў да неўміручасці”. Гісторык таксама адзначыў, што Кастусь працягваў справу свайго старэйшага брата Віктара, які памёр ад сухот у 1862 годзе. А расійскі следчы Ратч, які вёў следства супраць Кастуся, таксама прыклаўся да стварэння гераічнага міфа.

Гісторык Іна Соркіна расказала, што нядаўна ў адным з польскіх архіваў знайшліся невядомыя раней матэрыялы, дзе ўзгадваецца Кастусь Каліноўскі. Гэта ўспаміны Людвікі Ямант, якая была роднай сястрой Марыі Ямант, менавіта для яе Каліноўскі пісаў: “Марыська чырнабрыва, галубка мая…”

У канцы Алесь Смалянчук нагадаў пра пастаянныя спробы зрабіць Каліноўскага варожым элементам для беларусаў, а постаць Мураўёва-вешальніка перарабіць на героя і таленавітага адміністратара. Але навуковец лічыць, што ўсе гэтыя спробы марныя: “Постаць Каліноўскага-героя настолькі моцна засела ў нашай свядомасці, у першую чаргу дзякуючы пісьменніку Уладзіміру Караткевічу і яго знакамітым “Каласам…”, што ні адна прапаганда не зможа знішчыць асобу героя ў нашай свядомасці”.

Аляксей Кайрыс, Твой стыль

 


Чытай больш: http://www.t-styl.info/by/119/history/14899/
© Твой стыль

Каментары да навіны: