«Заходнікі» і «ўсходнікі» ва ўспамінах жыхароў былога савецка-польскага пагранічча

2015-09-17

«Заходнікі» і «ўсходнікі»ва ўспамінах жыхароў былога савецка-польскага пагранічча

Вольга І в а н о в а,

канд. гіст. навук (Менск)

 

«Вы сапсаваныя даўняй польскай нянавісцю да Расіі! Вас пранізаў класавы, сацыяльны страх перад рэвалюцыяй! Вы не хочаце сацыялістычнага ладу жыцця, калгасаў! Вы – прыватнікі, аднаасобнікі з ног да галавы! […] Вас трэба доўга яшчэ перавыхоўваць, каб вы сталі нармальныя савецкія людзі».

З рамана Генрыха Далідовіча «Заходнікі».

 

Выбраны для даследавання аб’ект – паняцце і вобраз «заходніка» і «ўсходніка» на былым савецка-польскім паграніччы – дастаткова складаны для аналізу і мае цэлы шэраг аспектаў, якія могуць разглядацца ў кантэксце дасягненняў розных дысцыплін: лінгвістыкі, сацыялогіі, культурнай антрапалогіі, псіхалогіі ды інш. У традыцый- най беларускай гістарыяграфіі гэтыя паняцці не выкарыстоўваюцца ці  амаль  не выкарыстоўваюцца. Іх можна  сустрэць у мастацкай літаратуры 1 , публіцыстыцы і сучаснай журналістыцы, а таксама ў по- быце і вуснай традыцыі. Дадзеныя вуснагістарычных крыніц даюць магчымасць уключыць гэтыя паняцці ў навуковы кантэкст, а таксама зрабіць спробу іх ацэнкі ў міждысцыплінарнай перспектыве.

Адразу трэба адзначыць, што паняцці  маюць «памежнае» паходжанне, і таму адлюстроўваюць у сабе спецыфіку «памежжа»*.

У значэнні, прапанаваным прафесарам Эльжбетай Смулковай, памежжа – гэта месца сутыкнення, пранікнення, накладання розных народаў ці этнічных груп, іх культур і моваў.


* У вусных аповядах жыхароў былога савецка-польскага пагранічча выяўляецца значная розніца паміж паняткамі “мяжа” і “граніца”. Калі першае магло успрымацца як паняцце абстрактнае і не заўсёды ідэнтыфікавалася рэспандэнтамі, то апошняе звычайна разумелася як спецыяльна абсталяваны кавалак тэрыторыі, які аддзяляў адну дзяржаву ад іншай, адну групу людзей ад другой. У межах дадзенага артыкула пад “паграніччам” і “граніцай” будзе разумецца тэрыторыя уздоўж былой савецка-польскай мяжы. Пад “памежжам” – тэарытычная сацыялінгвістычная катэгорыя з уласнымі прыкметамі і характарыстыкамі, прапанаванымі А. Смулковай. “Савецка-польская  граніца”  падзяліла Беларусь на Усходнюю і Заходнюю, і гэты падзел ў вызначаным кантэсце з’яўляецца асноўнай прыкметай паняццяў  “Заходняя Беларусь” і “Усходняя Беларусь”.


У залежнасці ад часу ўзнікнення і гісторыі вылучаюцца г. зв. «рэліктавае» (згладжанае) і «актуальнае» памежжа. У першым выпадку згаданыя рысы памежжа  праяўляюцца  менш выразна. Да іншых значных характарыстык памежжа, якія могуць істотна паўплываць на методыку і вынікі даследавання належаць: змешаная свядомасць жыхароў памежжа і адсутнасць рэфлексіі над «іншасцю» ва ўласнай культуры; сімвалічны характар памежжа; тэрытарыяльная расцягнутасць памежжа, якое не можа быць зведзена да паняцця «пагранічча»; дынамічны характар свядомасці жыхароў, які мае ўласцівасці змяняцца пад уплывам знешніх фактараў; сціранне межаў паміж «сваім» ды «іншым»; культурная інтэграцыя, і, нарэшце, немагчымасць пабудовы «памежных універсаліяў» 2 .

Апошняе слушна і ў дачыненні да большасці вуснагістарычных даследаванняў, якія, як правіла, не выяўляюць пэўных заканамернасцяў і не будуюць універсальныя схемы, але выкрываюць гіста- рыяграфічныя, сацыяльныя, лінгвістычныя праблемы з пункту гледжання актуальнай сучаснасці і перспектываў развіцця навукі і грамадства.

Яшчэ  адным  кантэкстам  вызначэння   паняццяў   і  вобразаў «заходнікаў» і «ўсходнікаў» з’яўляецца катэгорыя «сваіх / чужых», якая найбольш грунтоўна прадстаўлена ў даследаванні «Памежжы Беларусі ў міждысцыплінарнай  перспектыве», што  праводзілася ў 2003–2005 гг. пад кіраўніцтвам прафесара Эльжбеты Смулковай на ўсходнім і заходнім паграніччах сучаснай Беларусі. Тут вартыя ўвагі публікацыі Эдуарда Мазько (дзе праблема разглядаецца ў межах падыходаў культурнай антрапалогіі), а таксама Алеся Смаленчука і Вольгі Шаталавай (у межах вуснагістарычнага падыходу). На іх падставе вымалёўваецца шматступенёвая градацыя: «свае» – «сваеіншыя» – «іншыя» – «чужыя» – «ворагі».

Крытэрыямі аднясення да пэўнай катэгорыі звычайна з’яўляюцца мова, месца пражывання,  вера, нацыянальнасць, культура, сацыяльны статус. Да «сваіх» як правіла адносяцца крэўныя родзічы, аднавяскоўцы  ці  пераехаўшыя  да  сваякоў;  да  «сваіхіншых» – аднавяскоўцы іншай веры ці някрэўныя родзічы; да «іншых» – жыхары суседніх вёсак (з іншай гаворкай, іншага сельсавета / прыхода / калгаса), а таксама прыехаўшыя ў вёску, што не маюць сваякоў; да «чужых» – прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў і культур, грамадзяне іншых дзяржаў, прадстаўнікі іншага сацыяльнага статусу ці сацыяльнай  ролі (габрэі, цыганы, немцы, настаўнікі, святары, інтэлігенцыя, знахары, памерлыя) 3 .

Варта адзначыць таксама катэгорыю «чужы сярод сваіх» – гэта «свой» чалавек, які страціў павагу і давер «сваіх» праз ненарматыўныя для дадзенай супольнасці паводзіны, але можа іх вярнуць шляхам ачышчэння, пакаяння  ці праходжання пэўных абрадаў 4 . Што тычыцца вобразу ворага, то ён, як правіла дэгуманізаваны, не мае чалавечага твару і чалавечых якасцяў 5 .

Усе гэтыя катэгорыі з’яўляюцца дастаткова рухомымі і часам неадназначнымі, асабліва ва ўмовах г. зв. «рэліктавага памежжа», аднак задаюць пэўную рамку для аналізу ўспамінаў і вызначэння паняццяў «заходнікі-ўсходнікі» ў вуснагістарычнай і гістарыяграфічнай перспектывах.

Што тычыцца спробаў антрапалагічна-вуснагістарычнага аналізу паняцця «заходнікі», то Эдуард Мазько ў згаданым артыкуле на падставе аналізу ўспамінаў жыхароў Горацкага р-на Магілёўскай вобл. адзначыў выразную «іншасць» ці нават «чужынскасць» «заходнікаў» для жыхароў Усходняй Беларусі, што тлумачылася, як правіла, іх матэрыяльным статусам (большай заможнасцю), узроўнем культуры, гаспадарлівасцю. Часам яны вызначаліся з пункту глеждання іх былой дзяржаўнай прыналежнасці як «палякі».

Параўнанне ацэнкі падзеяў 1939 г. «заходнікамі» і «ўсходнікамі», а таксама вызначэнне пэўных аспектаў свядомасці ў судачыненнях прапануецца ў працы Алеся Смаленчука 6 .

У 2012–2014 гг. у межах праекта «Беларускі архіў вуснай гісторыі» праводзіліся  экспедыцыі ўздоўж былога савецка-польскага пагранічча. На поўдні даследаванні праводзіліся на Палессі (Жыткавіцкі  р-н  Гомельскай вобл.,  Лунінецкі  і  Столінскі  р-ны Брэсцкай вобл.), у цэнтральнай частцы – на Міншчыне (Стоўбцаўскі р-н), а на поўначы – на Віцебшчыне (пераважна Глыбоцкі і Полацкі р-ны). Усяго было сабрана больш 220 успамінаў, агульнай працягласцю каля 250 гадзін.

Большасць рэспандэнтаў складалі жанчыны 1920 – першай паловы 1930-х гг. нараджэння. Колькасць рэспандэнтаў-мужчын не перавышала 30 %. Звычайна рэспандэнтамі з’яўляліся старэйшыя жыхары вёсак. Гараджане ў складзе рэспандэнтаў амаль адсутнічалі. Канфесійны склад у розных рэгіёнах меў свае асаблівасці: на Палессі – больш за 90 % рэспандэнтаў – праваслаўныя, аднак значнай была колькасць пратэстантаў, на Міншчыне больш 35 % – католікі, на Віцебшчыне – каля 80 % – праваслаўныя, 20 % – католікі. Такім чынам, пры вызначэнні рэгіянальных асаблівасцяў, найбольш значнай прыкметай можа быць канфесійная прыналежнасць рэспандэнтаў.

Падчас даследаванняў дамінавала біяграфічнае інтэрв’ю з дадатковым блокам пытанняў па тэме пераменаў 1939 г. Спецыяльнае пытанне, якое тычылася розніцы паміж «заходнікамі» і «ўсходнікамі» было сфармуляванае толькі ў экспедыцыі на Віцебшчыну ў 2014 г.

Цяжка вызначыць, калі пачалі фармавацца і актыўна выкарыстоўвацца назвы «заходнікі» і «ўсходнікі». Магчыма, гэта адбылося неўзабаве пасля ўсталявання самой мяжы. Аднак у іншых кантэкстах і значэннях гэтыя назвы існавалі і раней, а таксама паралельна з фармаваннем саманазваў у дачыненні да жыхароў Заходняй і Усходняй Беларусі. Людзей, якія жылі на захад ад мяжы называлі выкарыстоўваючы расійскамоўны эквівалент – «западнікі», этнічную і канфесійную прыналежнасць – «палякі» ці зняважлівы варыянт апошняга – «пшэкі».

  •  
  • – Так мы іх «западнікамі» […] А оні на нас кажуць: «восточнікі». (Ева Комар, 1929, в. Малы Малешаў, Жыткавіцкі р-н (УБ). // БАВГ. 20(1)–428–1120, #00:28:02-6# ).
  • – Т.К.: Калі Вы сюды прыехалі вас не называлі западніцай?
  • М.Т.: Пшэчка… А я і не абіжалася. Падумаеш! Хай завуць, чым хочуць. (Марыя Тамук, 1928, в. Папкі, Дзяржынскі р-н (УБ). // БАВГ.40(1)–666–243. #00:35:00-4#, #00:37:00-5# ).

Большы спектр паняццяў ужываўся для пазначэння жыхароў Усходняй Беларусі (БССР). «Усходнікамі» ў самой Усходняй Беларусі маглі таксама называць кіраўнікоў розных узроўняў, што прызначаліся зверху і прыязджалі з Расіі. Ужываўся гэтаксама расійскамоўны варыянт «васточнікі», і размоўна-дыялектнае вытворчае ад яго «вастыкілы» (г. Дзісна, Віцебская вобл.).

Слова «калгаснікі» ў шэрагу аповедаў, асабліва з Віцебшчыны, не насіла зняважлівага акцэнту, а выкарыстоўвалася ў якасці вызначэння сацыяльнага і працоўнага статусу людзей, якія працавалі ў калгасе. Па гэтым жа крытэры жыхары Заходняй Беларусі часам назваліся «шляхтай», «шляхцюкамі». Выразную зняважлівую канатацыю, трэба меркаваць, гэтыя саманазвы атрымоўвалі пазней пад уздзеяннем верыфікацыі вобразаў «заходнікаў» і «ўсходнікаў» пасля 1939 г. Выкарыстанне гэтых слоў у нейтральным ці жартаўлівым кантэксце, з іншага боку таксама можа тлумачыцца імкненнем пазбегнуць канфрантацыі, пазбыцца супярэчнасцяў ці не выносіць іх за межы супольнасці.

– Я.К.: «Калхознікі» – усё яны [жыхары Заходняй Беларусі] звалі. Калхознікі! [смяецца] Ну, мы ў калхозе, а яны не калхознікі былі. Вот.

Н.Х.: А вы іх як звалі?

Я.К.: Ну, западнікі і западнікі. (Яўгенія Кляпец, 1931, в. Пруды, Ушацкі р-н (УБ). // БАВГ. 46(1)–842–3461. #00:31:12-2#).

  •  
  • – Вот мы на этой старане счыталіся васточнікі. А тые, на той старане, ужо ў Волме, ужо западнікі. Ані к нам атнасілісь как-то недружэлюбно. Называлі «калгаснікі» […] Так яны ненавідзелі этых калгасаў […] А гэта шляхта сабе счытае прэвышэ нашых калгаснікаў. (Мікалай Севярын, 1922, в. Кавальцы, Дзяржынскі р-н (УБ). // БАВГ.40(1)–673–2457. #00:32:00-6# ).

Тэрмін «тарбэшнікі» таксама з’явіўся пасля 1939 г., калі жыхары Усходняй Беларусі падаліся «у старцы» у Заходнюю з «торбамі». На Палессі сустракалася зняважлівае азначэнне «вошыўцы».

– Стуля з Восточной Беларусі ў нашую Беларусію ходзілі. К нам ходзілі, попоходзілі  ў старцы  [па прадукты]… І  мы  дарылі  іх, дарылі. (Марыя Вярэніч, 1927, в. Намакрава, Лунінецкі р-н (ЗБ). // БАВГ. 20(1)–323–854. #01:03:05-0#).

Хоць оні казалі на Совецкі Союз: «А вы вошыўцы, вошыўцы». (Ева Комар, 1929, в. Малы Малешаў, Жыткавіцкі р-н (УБ). // БАВГ.20(1)–428–1120. #00:28:02-6# ).

Называлі таксама жыхароў Усходняй Беларусі «бальшэвікамі», часам прыпісваючы ім нечалавечыя рысы. Дэгуманізаваны вобраз «бальшэвіка», створаны польскай прапагандай, адклаўся ў памяці тагачасных дзяцей. Тым не менш, сустракаліся і выразныя спробы апраўдання, маўляў, бальшавікі таксама людзі.

– Мы не бачылі большовікоў. А ніколі. Пока не прышлі оні к нам большовікі. […] Як прогналі полякаў, да большовікі тут. (Паўліна Лінкевіч, 1924, в. Сцяблевічы, Жыткавіцкі р-н (ЗБ). // БАВГ. 20(1)–412–1073. #00:39:02-1# #00:46:00-1#).

Часам, можна было сустрэць атаясамліванне жыхароў Усходняй Беларусі з «рускімі», «Расіяй», а Заходняй – з «палякамі», «Польшчай», асабліва ў тых рэспандэнтаў, якія выразна не праяўлялі бе- ларускай свядомасці.

  •  
  • – А я не знаю, дзе тая была Беларусь. Мы толькі зналі, што там Расія. (Антаніна Анашкевіч, 1929, в. Шо, Глыбоцкі р-н (ЗБ). // БАВГ.46(1)–814–3318. #01:10:39-5# ).

Фарміраванне вобразаў «заходнікаў» і «ўсходнікаў» і ўзгадаванне «іншасці-чужынскасці» ў 1920–1930-х гг. адбывалася шляхам прапаганды, рэпрэсій, высяленняў, правакацый з абодвух бакоў 7 . Савецкі бок працаваў у гэтым сэнсе больш «паспяхова». Прапаганда імкнулася стварыць вобраз шчаслівага савецкага жыцця. Дзеля гэтага ладзіліся паказальныя мерапрыемствы, якія памятаюць як «усходнікі», так і «заходнікі».

– Як первы май ілі окцябрска, так всех этых вучняў на ногі ў колону. І, значыць, эты красные флагі ў рукі. І аж у Вільчу. А там жэ ж Вільча дзерэвня на самой граніцы. І ўжэ по-над граніцой водзяць нас. І на машыне [...] уключаць эты паціфон, накруцяць ручкой. І: »стальною грудзью врагоў граміла 27-я». А там ужэ відно людзі на дзерэв’я позалазілі і наблюдаюць за намі. (Мікалай  Ахоценка, 1928, в. Града, Жыткавіцкі р-н (УБ). // БАВГ. 20(1)–449–1219.#00:49:05#).

У значнай колькасці аповедаў прысутнічае сюжэт аб забароне «ўсходнікам» размаўляць з «заходнікамі», што было для некаторых падзеленых сем’яў вельмі трагічным, а для іншых стварала істотныя падставы для абразы і фарміравання «чужынскасці».

  •  
  • – І вот за граніцай, было ж так, шо за граніцою маці, а тутака замужам дочка […] Маці говорыць, а дочка, шоб не отозвалася. Бо дочку заберуць. Нашые, нашые не давалі. А полякі розрэшалі говорыць […] То она кажа: «Шо ты, дочэчка, занямела, шо ты не отзываешся проці мяне». Да голосіць. А дочка ж сама плача нічком, но не отзовецца. (Ева Комар, 1929, в. Малы Малешаў, Жыткавіцкі р-н (УБ). // БАВГ. 20(1)–428–1120. #00:25:02-1# ).

Многія рэспандэнты ўключалі ў свае ўспаміны вобразы, створаныя прапагандай і дзеяннямі ўлады, таму іх аповеды часта аказваліся  супярэчлівымі.  Напрыклад,  калі  «ўсходнікі» казалі  пра шчырую дапамогу ежай, вопраткай, а таксама пра праяўленні гасціннасці адкрытасці да камунікацыі з боку «заходнікаў», у іх аповедах адчувалася пэўная адчужанасць і дыстанцыя. Пры гэтым яны ўспрымалі сітуацыю як натуральную і не бачылі асаблівых прычын для праяўлення ўдзячнасці. З іншага боку, частымі былі спробы развянчання міфаў прапаганды і крытычнай ацэнкі ўмоваў жыцця па абодвух баках мяжы.

– «Ха, а дзе лучшэ жывуць? Дзе стожкі стояць!» У нас жэ стожкоў то не было. [...] Западнікі ставілі стожкі з хлебом. [...] У 29-м году наша дзерэвня загорэлося [...] то з того Малешава прыбеглі к мостам, это граніца проходзіла. [...] Оні беглі помогаць, а іх не пусцілі. (Віктар Варвановіч, 1927, в. Малы Малешаў, Жыткавіцкі р-н (УБ). // БАВГ. 20(1)–432–1145. #00:25:00-6#, #00:26:00-1#).

– Як ужо граніцу адкрылі, дажэ прыезжалі к нам гароды пахаць на сваім кані. У нас не даюць дужа коней у калхозе [...] (Яўгенія Кляпец, 1931, в. Пруды, Ушацкі р-н (УБ). // БАВГ. 46(1)–842–3461.#00:31:12-2#).

– Говораць, што пры пану плохо было, а старые людзі расказвалі, што это непраўда. [...] Ім было неплохо жыць  пры  Польшчы… (Юльян Гарбар, 1929, в. Браніслаў, Жыткавіцкі  р-н (УБ). //  БАВГ.20(1)–380–954. #00:12:00#).

– Там [ва Усходняй Беларусі] нааборот хужэй было, а не лепш. Тут было много лучшэ. Тут свабодные людзі. Свабодного слова. Што хоч говоры, ніхто цябе не прыцесняў. У нас во то ў Леніне толькі было 6 ілі это 7 поліцыянтоў на весь раён. (Міхаіл Катовіч,1924, в. Цімашэвічы, Жыткавіцкі р-н (ЗБ). // БАВГ. 27(1)–456–1263.#00:10:01-7# ).

Розніца паміж «заходнікамі» і «ўсходнікамі» праяўлялася таксама ў прынцыпах вядзення гаспадаркі, асаблівасцях гаворкі, выкарыстанні пэўных моўных абаротаў, папулярных песнях, адзенні, побытавай упарадкаванасці. Для «заходнікаў» і «ўсходнікаў» існавалі свае «героі», пра якіх часта не ведалі па іншы бок граніцы. Але адным з самых значных адрозненняў было стаўленне да веры, Бога і царквы.

– Там калхоз! Дзе ж там лепшай будзеш жыць?! Там разам зямля была. У нас палоскі. А ў іх жнуць разам. Усе. Бабы. Чаму? А што калхоз ніхто не знаў. Толькі чаму разам? А яны, як увідзяць, што ўжэ гэтыя нашыя папрыходзяць бабы і начнуць гаварыць. Тады яны ўцекалі. А не маглі дагадацца, чаму яны разам жнуць? Чаму у іх зямля не падзеленая. (Антаніна  Анашкевіч, 1929, в. Шо, Глыбоцкі р-н (ЗБ). // БАВГ. 46(1)–814–3318. #01:10:39-5# ).

– У нас пры Польшчы кажам «дзень добры». А мы гэто «здравствуйце» не чулі. Да кажам: «Абы што яны кажуць на нас». (Лахвіч Зінаіда, 1924, в. Беразнякі, Жыткавіцкі р-н (ЗБ). // БАВГ. 20(1)–414–1079. #00:27:01-6# ).

  •  
  • – А так, як 3 май, дык мы ідзём на граніцу [...] спяваем песню: «Witеj maj, Trzeci Maj, u polaków blogi raj!» – спяваем, што ў нас рай! Аааа, яны: «Саюз нерушымый рэспублік...» Эээй, нам не нравіцца эта. Але ж всё адно пабудзем там. (Антаніна Арцішэўская, 1922, в. Сверынава, Стаўбцоўскі р-н (ЗБ). // БАВГ. 40(1)–584–1827. #00:07:57#).

– Як прыйдуць сюды да нас, то ўжо: «Ай, калхознік пайшоў, калхознік». А ў іх юбкі нейкія атрэчныя ў зборкі, а маладая дзяўчына, а такая надзетая. А ў нас так трошку спрытней было. [...] Дак, я б сказала, культурнейшыя былі. Нейкая і мода праглядалася троху. А там калхоз, бедната… (Антаніна Анашкевіч, 1929, в. Шо, Глыбоцкі р-н (ЗБ). // БАВГ. 46(1)–814–3318. #01:12:39-5#).

– Да, пры поляках было... Нідзе на вуліцы смеціночкі не побачыш. А ў нас нельго было перэступіць. Грязі было столько. Да, у ніх чыстота была. [...] А тут дажэ туалетаў не зналі... (Ева Хмяльніцкая,1927, Валянціна Клімовіч, в. Малы Малешаў, Жыткавіцкі р-н (УБ). // БАВГ. 20(1)–433–1149. #00:51:02-7# ).

– Залючыцкіе [в. Новыя Залюцічы, Жыткавіцкі р-н (УБ)] мужчыны, гэ, стояць… А моя маці подышла, да перэхрысцілася, так бы ў цэркоў ідзе. А этые солдаты кажуць: «А што гэто за цётка? Мо, это она нека ненормальна». [...] А гэто была Польшча, гэто была цэрква, гэто прызнавалі Бога. А там не, там сатана. (Вольга Крышэўская, 1923, в. Новыя Мілевічы, Жыткавіцкі р-н (ЗБ). // БАВГ. 20(1)–411–1066. #01:09:00-1#).

Унікальнасць  сітуацыі аб’яднання Беларусі і сцірання  адрозненняў паміж «усходнікамі» і «заходнікамі», якое адбывалася, пачынаючы з 1939 г., заключаецца ў тым, што яно праводзілася «іншымі» ці «чужымі». З прыходам «першых» і «другіх» Саветаў, з прыходам немцаў 8 , потым з пачаткам прымусовай калектывізацыі, разбурэннем цэркваў і касцёлаў, пра што рэспандэнты таксама ўзгадваюць як  пра  дзеянні,  што ажыццяўляліся  звонку. Адносіны да гэтых працэсаў выяўляюць характэрныя  рысы свядомасці «заходнікаў» і «ўсходнікаў».

Калі для «ўсходнікаў» Заходнюю Беларусь вызвалялі «свае» ад «чужых», то для «заходнікаў», сітуацыя была нашмат больш складанай і неадназначнай. На Міншчыне сустракаліся дастаткова рэзкія ацэнкі ў дачыненні да г.зв. «аб’яднання», з якім звязваўся пачатак вайны. Ва ўспамінах пра новую ўладу выкарыстоўваліся вызначэнні – «першыя Саветы», «другія Саветы», «першыя рускія», «другія рускія», «бальшавікі» і «таварышы». Прычым у першым і другім выпадках адлюстроўваліся, як правіла, станоўчыя ці нейтральныя адносіны да прыйшоўшых. Затое «рускія» ўжо траплялі ў катэгорыю «іншых». Пры выкарыстанні двух апошніх тэрмінаў праяўлялася ўжо адмоўнае стаўленне да новай улады.

Як ужо адзначалася, часам новая ўлада і азначэнні, якія выкарыстоўваліся пры яе характарыстыцы, атаясамліваліся з жыхарамі Усходняй Беларусі.

  •  
  • – Польшчу ў 39-м году освободзілі… од полякаў. [...] Шчытайце, нашы пошлі войною освободзіць. Ну, оні [палякі] большая часць былі недовольные, шо нашые освободзілі… (Адам Кулакевіч, 1921, в. Вільча, Жыткавіцкі р-н (УБ). // БАВГ. 20(1)–384–959. #00:34:04#).

– «Свае» прыйшлі? Я не магу сказаць. Я заўсёды чула, што эта рускія прыйшлі. (Эва Парэцкая, 1933, г. Канберра, Аўстралія (нар. за 7 км ад мяжы у в. Даўгінава, Вілейскі р-н, Мінская вобл. // БАВГ.42(1)–721–2642. #00:28:30-7#).

– Да какое з’еднанне! Захват! Якое з’еднанне?! Хто та даваў якое з’еднанне! Напалі на сонных, пастрэлялі всех. [...] Вайна настаяшча была. (Сузанна Варанецкая, 1926, в. Рубяжэвічы, Стоўбцаўскі р-н (ЗБ). // БАВГ. 40(1)–598–1881. #01:19:02#).

– Сразу было трудно, людзі (западнікі) не хацелі іці ў калхоз. Не хацелі раставацца са сваім хазяйством. [...] І нам прышлося, учыцелям, работаць агітатарамі. [...] Просто тут смешывалі западных і беларусов. Паэтаму нас сюда ў Баранавічскую обласць і пасылалі. (Ганна Радзько, в. Кавальцы, Дзяржынскі р-н (УБ). (настаўніца, якая пераехала з Магілёўскай вобл.) // БАВГ. 40(1)–672–2455.  #00:08:00-5#).

На «заходнікаў» і «ўсходнікаў» жыхары памежжа падзяляюцца і сёння. У залежнасці ад рэгіёну гэтыя вобразы могуць адрознівацца і ўключаць дадатковыя характарыстыкі. Напрыклад, на Віцебшчыне з усходняга боку  былой  граніцы  праяўляецца  імкненне  сцерці «іншасць» у стаўленні адных да другіх. Можна  меркаваць,  што афіцыйнае «аб’яднанне» тут пэўна дало свае вынікі.

– Ну гэткія ж самыя людзі [пра жыхароў Усходняй Беларусі]… Толькі што – калхоз. Вядома ж, як калхоз. [...] І цяпер. Вот, як былі яны калхознікі, дык і цяпер калхознікі. А яны нас «пшэкі». [...] Паехала пляменіца ва Ушачы, медсястрой работаець, [...] дык яе пальцам ледзь не запаролі, што пшэчка… (Антаніна  Анашкевіч, 1929, в. Шо, Глыбоцкі р-н (ЗБ). // БАВГ. 46(1)–814–3318. #01:16:44-2#).

– Яны такія [усходнікі],у Бога яны ня вераць. [...] Яны любяць выпіць. [...] Мы атлічаемся ад іх. [...] А яны як былі калхознікі так і асталіся. Мы былі ў калхозе, але ж мы не такія як яны. [...] Каб устрэцілі вы нашага чалавека і іхнага, вы б самі панялі, што яны не такія як мы. (Любоў Хрол, 1922, в. Хралы, Глыбоцкі р-н. (ЗБ). // БАВГ.46(1)–812–3312. #00:36:20-3# ).

  •  
  • – А такія ж самыя людзі! [пра жыхароў Заходняй Беларусі] Але ўсё роўна самі сабой. [...] Вроде яны ужо багацейшыя, лепшыя ужо там. [...] Мы ужо ў калхозе, а ў іх не знаю колькі гадоў было без калхозаў. [...] Сваіх дзевак замуж звалі. З нашага боку ні адну дзеўку замуж не ўзялі. Усё роўна яны самі сабой там. Усё роўна калхознікі. Уродзе і хацелі і ўсё, але ўсё роўна аддзяляліся. (Яўгенія Кляпец, 1931, в. Пруды, Ушацкі р-н (УБ). // БАВГ. 46(1)–842–3461. #00:35:18-1#).

На Міншчыне праявы «іншасці», а нават «чужынскасці» больш істотныя. Гэта тлумачыцца, як першапачатковай розніцай у канфесійным складзе і захаваннем пэўнага ўплыву з боку каталіцкага кас- цёла, так і істотнай актывізацыяй яго дзейнасці пасля 1990 г.

  •  
  • – Р.Ш.: І цяпер во гэных людзей з ейнага боку тожэ мы толькі «калхознікамі» і завём. Гэна калхознікі, а мы не калхознікі. [смяюцца]
  • Э.Ж.: А яны нас завуць «пшэкі». [...] Злуецца мужык, дык ты «пшэчка». Ааа, ўжо «пшэчка». (Эмілія Жданюк, 1920, Рамуальда Шакалік в. Рудзевічы, Стаўбцоўскі р-н (ЗБ). // БАВГ. 40(1)–625–2248. #00:25:00-6# ).
  •  

– Т.К.: А вось адчувалася розніца паміж людзьмі, вось хто з Вашай вёскі і хто адсюль?

М.Т.: Неа. Неа. Вось я асталася сюды, ну з усімі дружылі, усюды хадзілі. Дзе ў каго свадзьба, дзе ў каго хрысціны. Усюды хадзілі. (Марыя Тамук, 1928, в. Папкі, Дзяржынскі р-н (УБ). // БАВГ. 40(1)–666–2433. #00:35:00-4#, #00:37:00-5# ).

Што тычыцца Палесся, то яго можна разглядаць як культурна цэласны рэгіён, дзе было больш складана сфармаваць выразную адметнасць паміж усходняй і заходняй часткамі. Жыхары гэтага рэгіёну і сёння часам ідэнтыфікуюць сябе як «палешукі». Тут, аднак, прысутнічае заўважны ўплыў пратэстанцкіх супольнасцяў, а адрозненні «заходнікаў» і «ўсходнікаў» часцей грунтуюцца на такой якасці, як жаданне і ўменне працаваць і весці гаспадарку. У жыхароў Усходняй Беларусі, згодна успамінаў, гэтыя  якасці  праяўляюцца менш выразна. Найбольшая розніца ў цяперашнім матэрыяльным дабрабыце, якая выяўляе кантраст паміж усходняй і заходняй часткамі, назіраецца ў раёне вёсак Вялікі і Малы Малешаў.

– Сюды к Пінску – гэто Полесье. От гэтой во сюды скрозь – гэто Полесье. У нас дажэ полякі  казалі «полешукі». (Міхаіл  Катовіч, 1924, в. Цімашэвічы, Жыткавіцкі р-н (ЗБ). // БАВГ. 27(1)–456–1263. #01:02:01-1# ).

– А цяперака оні дома повыстрайвалі тамака – страх. [...] А шо іх подняло? Этые парнікі. То яны багатые людзі сталі. А это так мы, шо оні за граніцою. (Ева Комар, 1929, в. Малы Малешаў, Жыткавіцкі р-н (УБ). // БАВГ. 20(1)–428–1120. #00:28:02-6# ).

– Вот у нас уся дзерэвня заросла. А ў том Малешаве пошлі, там бы, ой! Там на двор выкінеш што-небудзь, да табе штраф дадуць. (Ева Хмяльніцкая,  1927, Валянціна  Клімовіч, в.  Малы  Малешаў, Жыткавіцкі р-н (УБ). // БАВГ. 20(1)–433–1149. #00:51:02-7# ).

Можна сцвярджаць, што вобразы «заходніка» і «ўсходніка» ў дачыненні да насельніцтва былога савецка-польскага пагранічча фармаваліся як да восені 1939 г., так і пазней. Пасля 1939 г. гэтыя вобразы сталі больш дакладнымі, з’явілася магчымасць іх «праверкі» і выпрацоўкі ўласнага погляду, пераадолення стэрэатыпаў прапаганды.

«Заходнікі» як жыхары тэрыторыі на захад ад былой савецка-польскай граніцы надзяляюцца рысамі культурнай адметнасці, гаспадарлівасці, пабожнасці. Яны і сёння лічацца больш заможнымі.

«Усходнікі» звычайна вызначаюцца як менш культурныя, матэрыяльна бяднейшыя і, як правіла, няверуючыя. Гэтая розніца і сёння ў большай ці меншай ступені праяўляецца ў розных рэгіёнах Беларусі. Паводле шкалы «свае–чужыя», такая адметнасць можа ацэньвацца як «іншасць». «Чужынскасць» праяўляцца ў асноўным у тых выпадках, калі  «заходнікі» і  «ўсходнікі» атаясамліваюцца з  «палякамі»,  «рускімі», «бальшавікамі», «Саветамі». «Іншасць» можа прымаць зняважлівыя канатацыі (напрыклад, «пшэкі», «калгаснікі»), якія аднак не выходзяць за межы суседскіх ці сваяцкіх адносінаў.

Адкрытым застаецца пытанне аб прычынах дастаткова доўгага існавання гэтых вобразаў і паняццяў у памяці і свядомасці «заходнікаў» і «ўсходнікаў» у параўнанні з не настолькі працяглым часам існавання самой савецка-польскай граніцы міжваеннага часу. Адказ на яго можа быць знойдзены шляхам дадатковых гістарычных, культуралагічных і сацыялагічных даследаванняў.

 

Заўвагі

1    Далідовіч Г. Заходнікі. Мінск: Юнацтва, 1994; Дорская А., Сцебурака У., Каляда Ю. «Усходнікі» vs «заходнікі». Рэжым доступу: http://budzma.org/ country/usxodniki-vs-zaxodniki.html. Дата доступу: 25.08.2014.

2    Смулкова Э. Думаючы пра Памежжа… // Acta Albaruthenica. 2005. T. 5. С. 26–30; Smułkowa E. Wokół pojęcia pogranicza. Wschodnie i zachodnie pogranicze Białorusi w ujęciu porównawczym // Pogranicza Białorusi w perspektywie interdyscyplinarnej = Памежжы Беларусі ў міждысцыплінарнай перспектыве / red. Elżbieta Smułkowa i Anna Engelking. Warszawa, 2007. S. 5–9; Straczuk J. Cmentarz i stół. Pogranicze prawosławno-katolickie w Polsce i na Białorusi. Wroclaw: Wyd. Uniwersytetu Wrocławskiego, 2006 .

3    Мазько Э. Падарожжа па-за лакальнасць: «нашыя» людзі паміж «сваім» і «чужым» светам // Pogranicza Białorusi…  S. 179–208.

4    Белова О. В. Свой–чужой. // Славянская мифология. Москва: Международные отношения, 2002. С. 425–426.

5    Гасанов И. Б. Национальные стереотипы и «образ врага». Москва: Российская академия управления, 1994. С. 24.

6    Смалянчук А. 1939 год у беларускай гісторыі і памяці  (паводле вусных  успамінаў жыхароў  былой  савецка-польскай  мяжы).  Даклад на III  Мінскай  канферэнцыі   Інстытута  «Палітычная  сфера».  «Войны ў палітычнай і культурнай традыцыі Беларусі і іншых краін Цэнтральна-Усходняй Еўропы». Мінск. 30.05.2014 (неапублікаваны).

7  Раманава  І. Жыццё  ва умовах савецкага пагранічча. Беларускае пагранічча па савецкі бок дзяржаўнай мяжы ў 1930-я гг. // Pogranicza Białorusi… S. 73–101; Смалянчук А. 1939 год у беларускай гісторыі…

8    Падрабязней  пра гэтыя аспекты гл.: Смалянчук А. Другая сусветная вайна у памяці насельніцтва заходняга і ўсходняга памежжа Беларусі // Pogranicza Białorusi… S. 122–156; Смалянчук А. 1939 год у беларускай гісторыі…

Каментары да навіны: