Да Дня памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій (+Відэа)

2015-10-30

Штогод у дзень памінання ахвяраў рэпрэсій заходзіць размова аб колькасці пацярпелых і загінуўшых у той трагічны перыяд нашай гісторыі. У пэўным сэнсе гэта мусіць падкрэсліць маштаб бязлітаснай рэпрэсіўнай сістэмы, усталяванай ў сталінскім СССР. Безумоўна, размах рэпрэсій цяжка пераацэніць. Але звычайныя статыстычныя дадзеныя, слупочкі лічбаў у падручніках ці нават грунтоўных навуковых працах, бадай што застаюцца толькі сухім лічбавым падлікам. Іх значэнне яшчэ больш нівеліруецца ў сучасным дыгіталізаваным свеце, дзе ўсё даўно ўжо вымяраецца доўгімі многазнакавымі лікамі, і дзе мільёны – сапраўды, ператварыліся ў банальную статыстыку. Тым больш, што мы з шэрагу прычын не ведаем і наўрад ці  даведаемся сапраўдную колькасць ахвяр і пацярпелых у часе палітычнага тэрору. Таму апеляванне да лічбаў, якія па розных падліках між сабой яшчэ і розняцца на цэлыя парадкі, хіба не лепшы спосаб ацэніць размах, а тым больш  асэнсаваць існасць рэпрэсій.

У гэтым сэнсе лепшым сведчаннем сутнасці і маштабнасці сталінскай рэпрэсіўнай палітыкі з'яўляюцца ўспаміны непасрэдных сведак таго жахлівага часу. Бо як сведчаць нашы вуснагістарычныя даследаванні рэпрэсіі даходзілі да самых да усрайкаў граніц вялізарнай Чырвонай імперыі. У самых аддаленых вёсках нашага краю людзі сталага веку, якія часцяком не маюць аніякай адукацыі, добра разумеюць значэнне слова "рэпрэсіі", у іх успамінах захоўваюцца расповеды пра "чорныя варанкі" і дзейнасць органаў НКУС і г.д.

Так, на прыкладзе ўспамінаў жыхаркі невялікай прыгранічнай вёскі былога савецка-польскага памежжа, можна зразумець, які глыбокі чорны адбіткам ў калектыўнай памяці мясцовага насельніцтва пакінула лічба 1937, што красамоўна сведчыць аб характары і маштабнасці тых падзей:

 

Характэрным, бадай, тут будзе само вызначэнне "хаптуз", якім акрэсліваюцца трагічныя з'явы 1937 года.  Што гаворыць аб аўтэнтычнасці і гістарычнасці паходжанні гэтай тэрміну, у адрозненні, напрыклад, ад пазнейшага паняцця "рэпрэсіі", запазычанага з афіцыйнага дыскурса часоў рэабілітацыі і асуджэння рэпрэсій.

Бадай што, найвялікшыя страты ў гады сталінскіх рэпрэсій для Беларусі былі звязаны з палітыкай калектывізацыі.

Па сутнасці сама прымусовая арганізацыя калектыўных гаспадарак з'яўлялася пэўнай формай насілля над беларускімі сялянамі, якія складалі пераважную большасць насельніцтва тагачаснай БССР. Але "сацыялістычныя пераўтварэння на вёсцы" патрабавалі больш жорсткіх і рашучых мер - раскулачванні і дэпартацыі сталі паўсядзённай рэчаіснасцю таго часу.

Адзін з прыкладаў, характарызуючы формы і метады падобных "сацыялістычных" пераўтварэнняў, пачуем з вуснаў сведкі часу Лідзіі Іларыёнаўны з в. Губіна, Лепельскага р-на, сястра якой была высланая падчас калектывізацыі. На вялікі жаль, відавочцаў падзей калектывізацыі канца 20 – пач. 30-х гг. засталіся адзінкі, таму тым больш каштоўнымі з'яўляюцца іх успаміны.

 

Рэпрэсіі не абышлі стараной і Заходнюю Беларусь, якая не была закранутыя прымусовай калектывізацыяй 1920-30-х гг. Усталяванне "сацыялістычнай рабоча-сялянскай" улады тут у 1939 годзе, суправаджалася таксама правядзеннем маштабных рэпрэсій. Апошняя хваля дэпартацыі кулакоў і інш. класава варожых элементаў у заходніх абласцях БССР праходзіла за два дні да пачатку Вялікай Айчыннай вайны, у ноч з 19 на 20 чэрвеня 1941 г.:

Каментары да навіны: