Палессе, 2015: калектывізацыя і пасляваенны антысавецкі супраціў (+Відэа)

2015-11-21

Спяшаемся паведаміць, што ў нашым архіўным фондзе выстаўлена поўная калекцыя матэрыялаў, сабраных падчас экспедыцыі "Палессе, 2015". Такім чынам, даступныя для прагляду і праслухоўвання ўсе відэа- і аўдыёзапісы інтэрв'ю гэтай калекцыі.

Экспедыцыя на Палессі па тэме пасляваеннай калектывізацыі ў Заходняй Беларусі праводзілася з 13 па 18 жніўня 2015 года ў Пінскім, Іванаўскім і Столінскім раёнах Брэсцкай вобл. пад кіраўніцтвам доктара гістарычных навук А.Ф. Смаленчука.

Было сабрана 65 інтэрв'ю, агульнай працягласцю больш 110 гадзін. Рэспандэнтамі з'яўляліся жыхары 34 буйных і невялікіх палескіх вёсак пераважна 1920-1930-х гг.

У адпаведнасці з даследчай тэмай падчас экспедыцыі нас найбольш цікавіла памяць людзей пра падзеі, звязаныя са стварэннем калгасаў, сялянскае жыццё і калгасны лад наогул.

Каб даведацца пра сам працэс калектывізацыі, характар яе правядзення шмат увагі ў пытаннях да рэспандэнтаў было скіравана на першыя пасляваенныя гады, якія папярэднічалі гэтым падзеям. Паваенны час быў, натуральна, складаным для спустошанай вайной і акупацыяй палескай вёскі. Сітуацыя ўскладнялася яшчэ прысутнасцыю на гэтых землях ўзброеных фармаванняў, якія аказвалі супраціў савецкай уладзе. Пераважна рэспандэнты ўспаміналі пра дзейнасць атрадаў украінскіх нацыяналістаў, такім тут называлі “бульбаўцаў” і “бандэраўцаў”. Але сярод іх былі групоўкі, якія складаліся з мясцовых жыхароў незадаволеных новым рэжымам, таксама ў іх уваходзілі былыя паліцаі ці іншыя так званыя калабаранты, якія ўхіляліся ад мажлівых рэпрэсій з боку савецкай улады. Такі напаўваенны стан у некаторых раёнах Піншчыны захоўваўся да пачатку 1950-х гг., калі былі знішчаныя апошнія ачагі супраціўлення.

Пра няпэўнасць, небяспекі і страх, якія панавалі ў той час, пра страты і ахвяры, якія неслі ўсе бакі супрацьстаяння, у тым ліку ахвяры і пакуты бязвіннага насельніцтва, у сваім інтэрв’ю нам распавёў ветэран вайны,  ганаровы супрацоўнік МУС Ключэнка Васіль Захаравіч. У першыя пасляваенныя гады ён быў зусім маладым участковым міліцыянерам, якога з Віцебшчыны пасля падрыхтоўчых курсаў партыйнай школы накіравалі ў Заходнюю Беларусь аднаўляць савецкую ўладу.

У дадзеным урыўку інтэрв’ю Васіль Захаравіч узгадвае напружаны эпізод з яго тагачаснай міліцэйскай службы пра ліквідацыю адной з апошніх бандыцкіх груповак, якая дзейнічала ў Столінскім раёне:

 

Фотаздымак з эпохі: рэспандэнт у складзе групы ўчастковых міліцыянераў Брэсцкай вобл., слухачоў курсаў павышэння кваліфікацыі. 1953 г.

Каментары да навіны: