Прэзентацыя Віртуальнага музея савецкіх рэпрэсій

2015-11-26

3 снежня 2015 г. ў 19:00 адбудзецца прэзентацыя праекта Віртуальны музей савецкіх рэпрэсій. Мерапрыемства пройдзе ў Галерэі Ў, пр. Незалежнасці, 37а

З інтэрактыўнай экспазіцыяй музея можна пазнаёміцца на сайце http://represii.net/


Асноўнай мэтай ініцыятыўнай групы Віртуальнага музея з’яўляецца захаванне памяці пра савецкія рэпрэсіі.

Савецкія палітычныя рэпрэсіі, якія насілі масавы характар, часта прыводзілі да асуджэння і заключэння, і нават фізічнага знішчэння грамадзян толькі за іншыя палітычныя погляды альбо “няправільнае” сацыяльнае паходжанне.

У Беларусі ахвярамі рэпрэсій сталі прадстаўнікі ўсіх пластоў грамадства, пачынаючы з культурных і палітычных элітаў, якіх абвінавачвалі ў буржуазным нацыяналізме, і сканчаючы рэпрэсіямі супраць сялян у перыяд калектывізацыі.

Аднак у нашай краіне дагэтуль не аддадзеная даніна памяці ахвярам рэпрэсій, гісторыя рэпрэсій у БССР не дастаткова асветленая ў гісторыяграфіі, у сучаснай Беларусі няма ні агульнанацыянальнага музея, ні асобнай экспазіцыі, якая б комплексна і аб’ектыўна распавядала пра гісторыю савецкіх рэпрэсій.

Таму дзейнасць Музея накіраваная на запіс і захаванне ўспамінаў ахвяраў рэпрэсій, пошук і збор матэрыяльных сведчанняў злачынных дзеянняў савецкай рэпрэсіўнай машыны.

Задачай музея таксама з’яўляецца распаўсюджванне і данясенне да грамадства сабраных ведаў пра трагічныя падзеі нашага мінулага.

Каментары да навіны: