Вусная гісторыя і дзіцячыя ўспаміны

2015-12-02

Пачніце з іх дзяцінства” - так вучыць  распачынаць усялякае вуснагістарычнае інтэрв’ю  на сваіх семінарах Эван Фолкэнберы (PhD з гісторыі Універсітэта Паўночнай Караліны) , гэтаму прысвечаны і яго артыкул-зацемка Oral history and childhood memories (Вусная гісторыя і дзіцячыя ўспаміны).

У артыкуле аўтар падкрэслівае перавагі інтэрв’ю, якое пачынаецца здалёк – з успамінаў аб дзяцінстве, нават калі даследчая тэма зусім не датычыцца гэтага перыяда жыцця рэспандэнта. Сыходзячы з ўласнага досведу  і на ўласным прыкладзе, гісторык пераконвае, што такі падыход стварае надзейны фундамент для вашага інтэрв’ю. Раннія ўспаміны закладаюць працоўны матэрыял для наступных пытанняў, болей асэнсаваных, што робіць размову больш змястоўнай.

Такім чынам, сцвярджае Эван Фолкэнберы, “гэтыя ўспаміны павялічваюць агульную каштоўнасць інтэрв’ю, адчыняюць  дзверы ў большую колькасць пытанняў,  гісторый і больш багатае інтэрв’ю аб цэлым жыцці”.

Зварот напачатку кожнага інтэрв’ю, незалежна ад тэмы праекта, да ўспамінаў з дзяцінства можа вывесці даследчыка на непрадказальны набор гісторый і інфармацыі,  якія могуць быць карыснымі не толькі ў рамках аднаго канкрэтнага  праекта, але ў пэўны момант могуць стаць матэрыялам для больш шырокіх даследчых праблем.

Досвед працы БАВГ пацвярджае слушнасць думкі Эвана Фолкэнберы. Падобны падыход практыкуецца ў нашых экспедыцыях, дзе звычайна мы выкарыстоўваем метад аўтабіяграфічнага наратыву..

Цытуючы артыкул, дзе гаворыцца, што “большасць людзей любіць распавядаць пра сваіх дзядоў і бабуль, калі яны іх добра ведалі”, можам дадаць, што старэйшыя людзі ў пераважнай большасці любяць распавядаць пра сваё дзяцінства наогул.  

Гэта стварае адпаведны настрой для правядзення інтэрв’ю, дазваляе адарвацца ад будзённасці і паглыбіцца ў самыя раннія ўспаміны, за звычай, гэтыя ўспаміны прыемныя і светлыя.   

Безумоўна, такі падыход дазваляе даведацца значна болей  пра бэкграўнд рэспандэнта, адкрыць новыя праблемы і тэмы, якія трэба асвятліць. Аднак  гэта прымушае даследчыка ўжо па ходу размовы мяняць  форму апытання, пераносіць акцэнты, рэагаваць на нечаканыя  нюансы.  Гэта, як адзначае сам Эван Фолкэнберы, ператварае інтэрв’ю  з простага збору вусных сведчанняў у больш складаны інтэлектуальны працэс, які патрабуе больш вымаганняў ад інтэрв’юера.

Больш падрабязна з тэкстам артыкула на ангельскай мове можна пазнаёміцца на сайце Oxford University Press's: Oral history and childhood memories. By Evan Faulkenbury. November 27th 2015        

Каментары да навіны: