Вусная гісторыя, як метад даследавання гісторыі Евангельскай Царквы ў Беларусі

2015-12-13

Адным з важных навуковых мерапрыемстваў у межах святкавання юбілею Мікалая Радзівіла стала ІІ Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Евангельская Царква Беларусі: гісторыя і сучаснасць. (Да 500-годдзя Мікалая Радзівіла Чорнага)”. Канферэнцыя прайшла ў Мінскай багаслоўскай семінарыі 5 снежня 2015 г.

Для ўдзелу ў навуковым форуме сабраліся больш два дзясяткі навукоўцаў сярод якіх прадстаўнікі Мінска, Брэста, Гродна, Полацка і іншых гарадоў Беларусі, а таксама ЗША. У працы канферэнцыі бралі ўздел служыцелі евангельскіх цэркваў, выкладчыкі і студэнты семінарыі.

Адкрыў пленарную сесію канферэнцыі рэктар Мінскай багаслоўскай семінарыі, генеральны сакратар Саюза ЕХБ у Беларусі Леанід Міховіч, які адзначыў выдатную ролю Мікалая Радзівіла Чорнага ў гісторыі Евангельскай Царквы Беларусі, у гісторыі беларускага кнігадруку, пашырэнні асветы. З гэтай прычыны было прынятае рашэнне надаць імя Мікалая Радзівіла Чорнага бібліятэцы Мінскай багаслоўскай семінарыі.

Праца канферэнцыі праходзіла па двух секцыях: “Гісторыя Евангельскай царквы Беларусі ад XV да пачатку ХХ ст.” і “Евангельская царква Беларусі ў ХХ – ХХІ ст.”. Варта адзначыць, што на канферэнцыі былі прадстаўленыя як навукова-тэарэтычныя даклады, якія ахапілі практычна увесь храналагічны перыяд гісторыі Евангельскай Царквы Беларусі, так і навукова-практычныя выклады, у якіх закраналіся пытанні вуснай гісторыі, экскурсіяў па пратэстанцкіх мясцінах Беларусі, а таксама ўсталяванне ў нашай краіне помніка Бібліі.

У прыватнасці, з дакладам “Вусная гісторыя, як метад даследавання гісторыі Евангельскай Царквы ў Беларусі” выступіў адміністратар праекта БАВГ Павел Сітнік. Яго выступ быў прысвечаны як дзейнасці і арганізацыі працы архіва агулам, так і практычным ды метадалагічным аспектам збору ўспамінаў, якія распрацоўваюцца і ўкараняюцца камандай Беларускага архіва вуснай гісторыі. У гэтай сувязі, Павел Сітнік распавёў пра вынікі працы сёлетняй экспедыцыі на Берасцейшчыне, якая была прысвечана гісторыі евангельскага руху ў гэтым рэгіёне і, у прыватнасці, жыццю і дзейнасці баптысцкага прапаведніка Л.М.Дзекуць-Малея.

Таксама ў працы канферэнцыі брала чынны ўдзел яшчэ адна прадстаўніца БАВГ Таццяна Касатая з надзвычай цікавым дакладам “Антырэлігійныя кінастужкі, як крыніца даследавання дзяржаўна-рэлігійных узаемадачыненняў у БССР”.

Наступная навукова-практычная канферэнцыя ў Мінскай багаслоўскай семінарыі адбудзецца ў снежні 2017 г., і будзе прысвечана 500-годдзю выдання Бібліі на беларускай мове.

Паводле навін Мінскай багаслоўскай семінарыі

Каментары да навіны: