Пайшоў з жыцця протаіерэй Георгій Сапун

2015-12-14

13 снежня пайшоў з жыцця 91-гадовы айцец Георгій Сапун, вясковы святар неверагоднага лёсу, верны і самаадданы душпастыр.

Айцец Георгій даваў нашаму архіву шэраг інтэрв’ю ў 2012-2013 гг., таму дня нас гэта асабліва сумная і трагічная навіна.

Шчырыя спачуванні родным і блізкім айца Георгій ад імя нашага архіва! Светлая памяць слаўнаму беларускаму святару і вечная пашана яго душпастырскай дзейнасці!

Георгій Савіч Сапун нарадзіўся 29 лютага 1924 г. у в. Доры Валожынскага р-на ў сям'і святара Савы Іванавіча і Домны Антонаўны Сапун. Скончыў Навагрудскую настаўніцкую семінарыю. Падчас вайны вучыўся ў а. Афанасія Мартаса на двухгадовых курсах святароў у Наваградку. Быў сведкам і ўдзельнікам грамадскага і рэлігійнага жыцця ў Наваградку ў перыяд нямецкай акупацыі, знаёмы з Барысам Рагуляй і іншымі беларускімі дзеячамі той пары. Пасля вайны як сын святара быў высланы ў Іркуцкую вобласць. У 1947 г. здзейсніў рызыкоўны пабег з высылкі, вярнуўся ў в. Пачапава, дзе і распачаў сваю шматгадовую самаадданую святарскую службу. Перажыў перыяд рэлігійных ганенняў на царкву, не спыняючы актыўную душпастырскую дзейнасць.

Пасля распаду Саюза і адраджэння духоўнага жыцця ў краіне а. Георгій пачынае працу па аднаўленню знішчаных храмаў і закрытых прыходаў. У пачатку 2000-х гг. уласнымі сродкамі і з дапамогай ахвярадаўцаў аднавіў дзве разбураныя цэрквы: Свята-Пакроўскую ў в. Пачапава і ўнікальную трохкутную Свята-Троіцкую ў в. Сваротва. З матушкай Ганнай пражыў у шлюбе больш за 60 гадоў. Выгадавалі трое дзяцей – дзвюх дачок і сына.

Асобны матэрыял пра Георгія Сапуна з фрагментамі яго ўспамінаў апублікаваны на нашым сайце: Айцец Георгій Сапун – вясковы святар неверагоднага лёсу

Больш падрабязна з жыццёвым шляхам святара можна пазнаёміцца на падставе інтэрв'ю з айцом Георгіем, змешчаных у архіўным фондзе БАВГ.

Каментары да навіны: