Канферэнцыя “Памяць і Змены ў Еўропе. Усходнія перспектывы” з удзелам БАВГ

2015-12-15

7-8 снежня 2015 года Беларускі архіў вуснай гісторыі прыняў удзел у канферэнцыі  “Memory and Change in Europe. Eastern Perspectives” праекта Genealogies of Memory, што адбылася ў Варшаве ў канферэнц-цэнтры Zielna.

Пасяджэнне адкрыў прафесар Анджэй Новак – польскі гісторык, публіцыст, эксперт па ўсходняй палітыцы, разам  са сваім нямецкім калегай Стэфанам  Тробстам - прафесарам гісторыі, журналістам, адмыслоўцам па Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. Удзельнікі – прафесар Кая Кажмерска, прафесар Джаана Міхліц і доктар Таццяна Журчэнка – казалі пра бягучы стан даследаванняў памяці, неаднароднасць і рэгіянальную разнастайнасць даследчых падыходаў. Абмеркаванне праходзіла пад старшынствам  ініцыятараў і каардынатараў праекта Genealogies of Memory: Доктара Джааны  Вавжыняк (Інстытут сацыялогіі, Варшаўскі ўніверсітэт) і доктара Малгажаты Пакер (Музей гісторыі польскіх габрэяў  POLIN).

На абмеркаванне ўдзельнікам былі прадстаўлены першыя вынікі праекта, апублікаваныя ў кнізе „Memory and Change in Europe. Eastern Perspectives”, Berghahn Books:  2015.

Да дыскусіі па праблемах памяці далучыліся практыкі, якія паспрабавалі адказаць на пытанне аб тым, як навуковыя даследаванні ставяцца да сацыяльнай і палітычнай дзейнасці, звязанай  з захаваннем  памяці. Дадзеную групу “практыкаў ад палітыкі памяці” прадстаўлялі: доктар Лукаш Каміньскі (Інстытут Нацыянальнай памяці, Польшча), доктар Стэфан Эйзэль (Фонд Конрада Адэнаўэра, Германія), прафесар Ян Рыдэль (Кіраўнік Камітэта ENRS), доктар Réka Földváryné Kiss (Венгерскі Камітэт Нацыянальнай памяці). Абмеркаванне праходзіла пад старшынствам Рафала Рагульскага – дырэктара Інстытута Еўрапейскай сеткі памяці і салідарнасці.

Праблемы збору і захавання памяці, а таксама перспектывы працы праекта Genealogies of Memory актыўна абмяркоўваліся на другі дзень канферэнцыі. Падчас гэтага абмеркавання Вольгай Цадко быў прэзентаваны Беларускі архіў вуснай гісторыі і прадстаўлены плён яго дзейнасці.  Распрацоўкі  Беларускага Архіва вуснай гісторыі выклікалі зацікаўленасць у замежных калег і даследчыкаў памяці. Асаблівую ўвагу прыцягнула практычнае ўвасабленне інтэрнэт-сховішча вусных успамінаў, а таксама экспедыцыйнай дзейнасці каманды БАВГ.

 

Каментары да навіны: