“Восень 1939 года ў гістарычнай традыцыі і вуснай гісторыі”. Рэцэнзія

2016-01-14

Ян Ежы Мілеўскі. Рэцэнзія на  кнігу: Восень 1939 года ў гістарычнай традыцыі і вуснай гісторыі,  рэд. Аляксандр Смалянчук, Мінск 2015, с. 287

У 2014 годзе беларускія ўлады вельмі стрыманым чынам адзначылі 75-ю гадавіну падзей 17 верасня 1939 г. У адрозненні ад іх беларускія гісторыкі з па-за афіцыйнага асяродку наадварот праявілі вялікую актыўнасць, прыкладам чаго з’яўляецца рэцэнзаваная кніга. Складаецца яна пераважна з рэфератаў, прадстаўленых падчас навуковай канферэнцыі, якая была арганізавана ў верасні 2014 г. у Мінску Лятучым Універсітэтам і Беларускім архівам вуснай гісторыі. Іх аўтары ў большасці паходзяць з заходняга боку колішняй “рыжскай мяжы”. Ці мела гэта ўплыў на іх зацікаўленасці і ацэнкі?

Кніга складаецца з двух частак: першай, якая мае назву “Восень 1939 г. у памяці і гісторыі” і другой – больш засяроджанай на метадалагічных пытаннях – пад тытулам “Вуснагістарычнае даследаванне: тэорыя і практыка”. Здаецца, што сярод размешчаных ў першай частцы артыкулаў, нягледзячы на іх безумоўную цікавасць, ёсць такія, што цалкам не адпавядаюць храналогіі публікацыі ці датычацца яе толькі мінімальным чынам. 

Рэдактар рэцэнзаванай працы, Аляксандр Смалянчук, у прадмове і ва ўступным артыкуле ставіць пытання, якія датычацца ацэнкі акта 17 верасня 1939 г. Ён лічыць, што савецкая гістарыяграфія надалей застаецца падставай для фармулявання гістарычнай палітыкі ў Беларусі. У адпаведнасці з ёй 17 верасня 1939 г. адбыўся акт “аб’яднання брацкіх народаў”, падчас калі большасць еўрапейскіх даследчыкаў піша аб “акупацыі” і “чацвёртым падзеле Польшчы”. Прафесар Смалянчук лічыць, што да пытання важнасці “аб’яднання” з беларускай кропкі гледжання трэба адносіцца, сыходзячы таксама з пазіцый агульначалавечых каштоўнасцяў, і дыскусіраваць па гэтай праблематыцы з гісторыкамі з іншых краін, у першую чаргу з Польшчы. Аднак аўтар аднаго з артыкулаў, Рыгор Лазько (Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт), не зусім падзяляе гэты погляд. Ён кажа, што да аб’яднання прычыніліся “чужыя”, то значыцца не беларусы абіралі яго момант і спосаб здзяйснення. Беларусам жа засталося толькі выкарыстаць новую сітуацыю ў сваіх інтарэсах, каб пры лепшым выпадку ўзяць лёс у свае рукі. Параўноўвае пры гэтым – досыць няўдала – сітуацыю сваіх суайчыннікаў у 1939 г. з сітуацыяй палякаў у 1918 г. і пытаецца: ці палякі павінны былі быць супраць аб’яднання толькі таму, што шлях да яго ішоў праз супрацоўніцтва з дзяржавамі агрэсарамі?

Аднак на думку Аляксандра Смаленчука надышоў час адкінуць укаранёныя стэрэатыпы, бо ўпартае прытрымліванне камуністычнай ідэалогіі краіны, якой ужо не існуе, не адпавядае інтарэсам беларускай дзяржавы. Ён лічыць, што пераацэнка мінулага – гэта неабходны этап у будаванні самаідэнтыфікацыі Рэспублікі Беларусь і трэба прызнаць, што сам вельмі шмат у гэтым кірунку робіць.

З артыкулаў аўтарства польскіх гісторыкаў варта звярнуць увагу на тэкст Адама Даброньскага з Беластоцкага ўніверсітэта (Чырвоная армія ў аповедах сведак вераснёвых падзей 1939 г. на тэрыторыі ІІ Рэчы Паспалітай. Уражанні і фактычны стан) – развейваюцца ў ім шмат міфаў, напрыклад, аб забіцці польскіх жаўнераў, якія адбывалі варту ля нагробнай пліты маршала Пілсудскага на Росах (яны былі адкліканы раней). Аўтар звяртае таксама ўвагу на факт, што адной з прычынаў слабасці польскай контрразведкі на ўсходніх граніцах было тое, што ў склад Корпусу аховы пагранічча не залічваліся мясцовыя жыхары, якія б належалі да нацыянальных меншасцяў.

У лік найбольш цікавых трэба аднесці тэкст аўтарства Вольгі Івановай з Мінску («Заходнікі» і «ўсходнікі» ва ўспамінах жыхароў былога савецка-польскага пагранічча), якая актыўна ўдзельнічала ў рэалізацыі праекта Беларускага архіва вуснай гісторыі ў 2012-2014. У гэты час сабрана звыш 220 успамінаў – у  большасці рэспандэнткамі былі жанчыны, а таксама асобы праваслаўнага веравызнання (90 адсоткаў на Палессі і 65 адсот. на Міншчыне).  Падчас апошняй экспедыцыі сфармулявана адмысловае пытанне на тэму адрознення паміж жыхарамі па абодва бакі былой польска-беларускай граніцы, а таксама розніцы між “першымі Саветамі” і “другімі Саветамі” – аказалася, што “першыя Саветы” былі лепшымі за “другіх” у асноўным з прычыны таго, што былі нядоўга. Нечакана, што за дзесяткі гадоў пасля ліквідацыі граніцы падзел на “ўсходнікаў” і “заходнікаў” (якія нібы адрозніваюцца культурна, з’яўляюцца больш гаспадарлівымі і набожнымі) існуе дагэтуль. Аўтарка сцвярджае, што адкрытым застаецца пытанне аб прычыне такога доўгага захоўвання ў памяці тых падзелаў.

Да гісторыі родных мясцінаў звярнуліся ў сваіх артыкулах Сяргей Токць, Анатоль Трафімчык, Андрэй Вашкевіч і Таццяна Касатая, што ў выпадку выкарыстання вуснай гісторыі дае дадатковы пазітыўны эфект, бо тады прасцей дайсці да адпаведных рэспандэнтаў. Сяргей Токць, аўтар тэкстаў аб так званым скідзельскім паўстанні, развейвае шмат міфаў, якія вакол яго сфармавала савецкая прапаганда. У сваю чаргу, Анатоль Трафімчык піша пра першыя савецкія выбары ў родным Ганцавіцкім раёне (Лунінецкі павет). Тэкст галоўным чынам заснаваны на ўспамінах сабраных сярод жаўнераў ген. Уладзіслава Андэрса, якія з Гувераўскага Інстытута патрапілі ў Асяродак “Карта”. У пераважай большасці іх аўтары гэта асобы польскай нацыянальнасці, таму заходзіць пытанне, ці не адбылося тут якога-небудзь скрыўлення вобразу. Безумоўным аднак было агульнае для ўсіх здзіўленне спосабам правядзення выбараў (вызначэнне кандыдатаў уладамі, правіла аднаго кандыдата на адно месца, факт, што чальцы выбарчай камісіі былі адначасова агітатарамі). Вашкевіч і Касатая (у артыкуле “Вайна і мір 1939–1940 гг. ва ўспамінах жыхароў Гародні і ваколіцаў”) звяртаюць увагу, што ў савецкай гістарыяграфіі першародную ролю адыгрывалі статыстычныя дадзеныя, якія так падаваліся, што фальсіфікавалі рэчаіснасць і паказвалі дынамічны развой. У той жа час з успамінаў большасці рэспандэнтаў выцякае негатыўны вобраз падзей 1939-1940 гг., у асноўным па прычыне несправядлівых арыштаў і дэпартацый.

Дагэтуль вельмі мала ведаем пра дзейнасці савецкіх спецслужб пасля 17 верасня 1939 г. у заходніх абласцях, якія адыгралі важную ролю падчас арганізацыі часовай адміністрацыі, асабліва ў правядзенні першых арыштаў. Піша аб тым Анатоль Вялікі з Мінску.

Бліжэй да старога стылю у аналізе перыяду 1939-1940 гг. Аляксандр Вабішчэвіч з Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, які напісаў артыкул аб зменах у вобласці культуры на прыкладзе пінскага раёна, засноўваючыся на матэрыялах партыйнага апарата. Аўтар бадай ухіляецца ад каментараў, адзінае, што некаторыя акрэсленні вылучае двукоссем, што мусіць сведчыць аб яго дыстанцыі ад іх, напрыклад “засмечанасць” настаўніцкіх кадраў, але недастатковая антырэлігійная праца ўжо ідзе без двукосся. З аднаго боку піша аб рашэннях, датычных аховы помнікаў, з другога – аб дзейнасці агульнасаюзнай экспедыцыі, якая вывозіла з заходніх абласцей разнастайныя каштоўныя помнікі культуры, напрыклад 33 тысячы тамоў кніг з бібліятэкі Духоўнай семінарыі ў Пінску. У артыкуле прысутнічае і старая фраза, што шмат рэчаў не ўдалося здзейсніць, бо пачалася вайна з Германіяй.

Напрыканцы варта працытаваць меркаванне Аляксандра Смаленчука, паводле каторага рыжская граніца існуе дагэтуль, але праходзіць не праз рэкі і лясы, а ў памяці і свядомасці жыхароў. 


Паводле: Biuletyn Historii Pogranicza, nr. 14, Białystok 2014, s. 108-110.

Каментары да навіны: