Памёр савецкі палітвязень і грамадскі актывіст Сяргей Ханжанкоў

2016-03-17

16 сакавіка ва ўзросце 74 гадоў пайшоў з жыцця былы савецкі  палітвязень і  грамадскі актывіст Сяргей Мікалаевіч Ханжанкоў.

Сяргей Ханжанкоў нарадзіўся 13 сакавіка 1942 года ў Магаданскай вобласці ў сям’і былых палітзняволеных (бацька быў асуджаны ў 1935-м, дзед па матчынай лініі — у 1929-м). У 1955-м сям’і дазволілі вярнуцца ў Менск.

У 1962 годзе Сяргей Ханжанкоў - 20-гадовы студэнт гідратэхнічнага факультэта Беларускага палітэхнічнага інстытуту - з трыма аднадумцамі хацелі падарваць вежу каля касцёла Святога Роха, якая глушыла «варожыя галасы» на тэрыторыі Мінска і ваколіц. Праз здраду паплечніка групу раскрылі, а ўдзельнікаў арыштавалі. Суд даў Сяргею Ханжанкову 10 гадоў зняволення, якія палітвязень адбыў «ад званка да званка» ў лагеры для асабліва небяспечных злачынцаў у Мардовіі. Пасля лагера Сяргей Ханжанкоў доўга хварэў на сухоты.

Пасля вызвалення з лагераў у 1973-м вярнуўся ў Мінск. Працаваў інжынерам у Беларускім дзяржаўным інстытуце праектавання аўтадарог, на заводзе імя Кірава. З 2002-га на пенсіі. Удзельнік I-га з’езда палітзняволеных (жнівень 1990-га, Санкт-Пецярбург).

Не быў рэабілітаваны і свядома не дамагаўся рэабілітацыі.

У Беларускім архіве вуснай гісторыі захаваліся ўспаміны спадара Сяргея. Інтэрв’ю з ім было запісана ў межах праекта “Апошнія сведкі”, прысвечанага ахвярам палітычных рэпрэсій у СССР,  і знаходзіцца ў калекцыі Міжнароднага таварыства “Мемарыял”.

Каманда Беларускага архіва вуснай гісторыі выказвае шчырыя спачуванні родным і блізкім Сяргея Мікалаевіча.

Паводле звестак Радыё Свабода

Каментары да навіны: