«Цікавая вайна была, але больш не трэба»

2016-04-24

Не толькі людзі на пасадах былі на ліквідацыі аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі і засталіся жывымі. Наступны наш суразмоўца — Леанід Аляксандравіч Казлоў працаваў на ЧАЭС звычайным шафёрам ад моманту, калі вырылі катлаван пад яе збудаванне, да апошняга «ўздыху» рэактара. Ён дапамагаў перасяленцам вывозіць рэчы, вазіў начальнікаў і бачыў, як будавалі супрацьфільтрацыйную сцяну, каб радыёактыўная вада не патрапіла ў Прыпяць. Леанід Аляксандравіч родам з вёскі Чыкалавічы, але ўжо 24 гады як пакінуў сваю малую радзіму…

Зараз наш герой жыве разам з жонкай на пенсію. Іх хата — у гарадскім паселішчы Камарын, што ў Брагінскім раёне.

Як сам пра сябе расказвае, нарадзіўся ў 1940 годзе ў вёсцы Чыкалавічы, працаваў у Растове-на-Доне на будоўлі, але вярнуўся дамоў. У 1972 годзе праз рэчку ад яго роднай вёсцы, на адлегласці 25 кіламетраў пачалі будаваць Чарнобыльскую атамную электрастанцыю.

« Кантора фірмы, у якую я ўладкаваўся, была ў Вышгарадзе (КМБП  —  кіраванне механізацыі будаўнічых прац  —  рэд.). Спыталі: “Ёсць правы?”  “Ёсць!” І я пачаў працу памочнікам экскаватаршчыка. Мы грузілі пясок на бетонны завод » — кажа Леанід Аляксандравіч.

Так ён і яго калегі з нуля, ад катлавана і цокалю, пачалі будаваць атамную станцыю, працуючы 5 дзён на тыдзень.

 

Начны выбух

Пасля Леаніда Казлова перавялі на іншую працу, і ён пачаў вазіць начальніка. Тым часам жонка таксама ўладкавалася на ЧАЭС. Ім пашчасціла атрымаць жыллё ў горадзе Прыпяць. Бывалі там, але часцей прыязджалі на вёску да бацькоў.

Аднойчы на выхадных Леанід Аляксандравіч вярнуўся ў вёску.

« Пачалі мы з бацькам жонкі  разбіраць стары сарай, рэзаць бензапілой сцены. А ён мне кажа: “Чуў, ноччу на атамнай станцыі быў выбух”,  — прыгадвае ён.  — І рабочыя, якія працавалі на станцыі, паехалі туды. Але я ж шафёр з іншай фірмы. Паехаў толькі ў панядзелак. Прыязджаю, а на прыпынку цягніка няма людзей! “Штосьці  мала людзей едзе на працу”, — падумалася мне. Рухаемся далей, а кандуктар абвяшчае: “Гэты цягнік ездзе на Прыпяць у апошні раз. Часова ніхто сюды не зможа прыехаць”.

На вакзале ў Прыпяці мітусня, людзі з дзецьмі, тыя плачуць. Але той Прыпяці ужо няма  горад мёртвы » .

Леаніда Аляксандравіча папярэдзілі: яго кватэра можа быць апячатаная. Але ў яго атрымалася забраць дакументы і цёплую вопратку. Пасля прыехаў назад у вёску:

« Усе плачуць. Такая сітуацыя, як падчас партызанскай вайны » ,  — апісвае ён колішні настрой землякоў.

 

Гарэлка з горада за калючым дротам

А назаўтра трэба было на працу. І ён паехаў. На працы прапанавалі займацца ліквідацыяй і пасадзілі за стырно 375-га «Урала» — спецмашыны з будкай. Шафёру далі пуцёўку, і ён адправіўся ў Прыпяць дапамагаць былым жыхарам вывозіць рэчы.

А горад ужо абнесены калючым дротам. Гаспадыня, што едзе ў машыне, кажа на КПП свой адрас, ёй даюць дазвол праязджаць.

« А калі я ўжо заехаў, кажуць: “Можа, будзе што са спіртнога  —  бяры, нам трэба”. Кажу: “Без праблем”. Прыязджаем назад, пытаюць: “Е?”  “Е!” Далі ім і настойкі, і самагонкі. Гэтыя ж людзі потым правяраюць у цябе рэчы ў машыне. Калі ты ім не даў гарэлкі (грошы не бралі)  дык добрую рэч дазіметрам правераць і скажуць выкідваць ,  — распавядае суразмоўца. —  І разумееце, потым еду я на Кіеў іншым шляхам, не праз Чарнобыль. Бачу ворах, думаю: што гэта? А гэта рэчы, якія людзі спрабавалі вывезці. Іх скідваюць туды. Еду на другі дзень, пытаюся: “А куды яно падзелася?”  “Як куды? Ужо ў Адэсе ці ў Растове прадаюць”. Ох, і нажываліся гэныя людзі! »

 

«Чаму напарніка няма?» — «Памёр»

На працу ездзілі не з панядзелка па пятніцу, як раней, а вахтамі па 15 дзён. Былі і іншыя асаблівасці, звязаныя з аварыяй:

« Прыязджаю на вахту і пытаюся: “А чаму напарніка няма?”  “Напарнік памёр. Прыйшоў дадому, памыўся, сеў на канапу. Кажа: “Мне штось так пагана!” Лёг  і не ўстаў » ,  — узгадвае суразмоўца.

Нягледзячы на трагічныя абставіны, жыццё знешне шмат у чым не змянілася, і гэта падкупала:

« Радыяцыя была незаўважная, ад яе не балела,  — кажа мужчына. —  І мы самі сябе не глядзелі. Плацілі грошы  і працаваў нават хворы на страўнік. Кажам: “Валодзя, табе ж нельга!” А ён:“Ох, Лёня, у мяне дзьве дзяўчынкі, трэба падымаць”. І паехаў на станцыю. Паездзіў-паездзіў з Кіева на працу  —  і дзяўчат пакінуў, і сам памёр » .

 

Замежны трактар не заводзіцца без гадзінніка

На ўзроўні дзяржавы аварыю на ЧАЭС успрынялі больш сур’ёзна, чым невядомы Валодзя. Ліквідатары атрымалі нават замежную тэхніку: японскі трактар «Komatsu», нямецкія экскаватары «Caterpillar», якія, на думку рабочых, працавалі дужа добра.

Наяўнасць экзатычнай тэхнікі прыводзіла і да кур’ёзаў:

« Таварыш прыязджае  не заводзіцца трактар!  — дзівіцца Леанід Аляксандравіч. —  І так яго, і гэдак  —  мусілі паехаць па інжынера. Жанчына заходзіць у кабіну і кажа: маўляў, вісеў гадзіннік. Калі яго павесіць назад  усё будзе працаваць. А напарнік зняў гадзіннік ды павёз яго дадому. Паехалі да яго аж у Кіеў, знайшлі і на працу больш не ўзялі » .

 

Як бетон не даехаў да станцыі

Але бывала зусім не смешна. Адбывалася тое, чаго цяпер пабойваюцца праціўнікі ідэі новай АЭС: цэмент не даязджаў да станцыі.

« Пачалі вазіць з Вышгарада ў Прыпяць сухі бетон,  — распавядае ліквідатар  Чым больш рэйсаў  тым больш табе плацяць. Але 115 кіламетраў трэба яшчэ праехаць! Дык некаторыя ехалі ў лес, высыпалі гэты бетон, ехалі назад і атрымоўвалі паперку, што загрузіліся. Не даязджаў той бетон. Тады даішнікі ўзялі верталёт і пачалі назіраць за рухам гэтых бетонамяшалак » .

Звольнілі некалькі чалавек. Леанід Аляксандравіч вырашыў адмовіцца ад такой працы сам.

 

Кандыдаты на смерць

З працы на станцыі мужчына запомніў абвалоўку канала, што адыходзіў ад Прыпяці да станцыі, вада якога ішла ў астуджальную сажалку. Потым капалі глыбокую канаву, у якую засыпалі гліну і белы раствор, каб забруджаная вада не пайшла ў Прыпяць. Менавіта гаворка ідзе пра супрацьфільтрацыйную  сцяну . Людзі на працах, відавочна, пачуваліся расслаблена:

« Горача. Хлопцы сядзяць, у ванне рэчыва гэтае белае муцяць, голыя,  — расказвае Леанід Аляксандравіч. —   Ідзе нейкі таварыш з радыялагічнага цэнтра ў Ленінградзе. Кажа: “Яны ўжо гатовыя кандыдаты на смерць”. Многа такога было. Самі сябе гробілі праз грошы, праз невыкананне тэхнікі бяспекі » .

 

Прынясу графіту ды зраблюся фермерам!

Вынаходлівы савецкі розум не мог звыкнуцца, што столькі дабра прападае праз радыяцыю, якую не бачна. Прымяніць дома спрабавалі многае, у прыватнасці графіт.

« Калі будавалі атамны блок, па дыяметры яго абкладалі графітам, з выгляду накшталт шлакаблокаў. Пасля выбуху графіт разляцеўся. А ў масквіча выціскны падшыпнік з графіту, дыяметрам як скрынка з-пад згушчонкі. Гэта ж дэфіцыт! Думаю, я прынясу са станцыі ды зраблюся фермерам!  — усміхаецца Леанід Казлоў. — Знайшоў адзін ды паклаў у кішэню. А трэба ісці праз вароты. Звініць! Мне кажуць: “Ты насычаны радыяцыяй”. Адказваю, што пайду мяняць вопратку. Пахадзіў, выкінуў графіт з кішэні, прыходжу — прапусцілі » .

Бралі дахаты металічныя ключы ды іншае, што спатрэбіцца ў гаспадарцы. Але паступова зразумелі: ад рэчаў вялікі фон, і лепш іх не прыносіць.

 

Цікавая вайна была, але больш не трэба

З аварыі прайшло шмат гадоў:

« Пераехалі сюды, у Камарын, і жывем тут 23 гады. Скора будзе гадавіна аварыі на атамнай станцыі, скора Дзень незалежнасці спраўляць,   —  расказваў Леанід у ліпені 2015 года.  — Так мы і жылі пасля вайны » .

Пасля аварыі людзі вучыліся жыць, але не ўсе выжывалі. З часам заўважылі, што нельга класціся на зямлю   будзе забруджаная вопратка, а ў горле з’явіцца горыч. Даведаліся, што часам лепш ехаць з зачыненай форткай, каб у салон не трапляў пыл. Ці атрымоўвалася абараніцца ад радыяцыі, для сябе мужчына так і не вызначыў:

« Але, дзякуй Богу, перажыў і дажыў да сёння, —  радуецца ён.  — Цікавая вайна была, успаміны е… Не хацелася б, каб такое паўтарылася. Будуецца атамная станцыя пад Мінскам, гляджу — не дай Бог. Па тэлевізары кажуць, што вельмі-вельмі бяспечная, і ўсё пад кантролем.

Там (на ЧАЭС —   рэд.) таксама быў кантроль » .

Матэрыял прадстаўлены Беларускім архівам вуснай гісторыі. Інтэрв’ю запісаў Уладзімір Валодзін. Тэкст падрыхтавала Ганна Валынец Зялёны Партал.

Каментары да навіны: