«Нацыяналізмы на постсавецкай прасторы: логікі, этыкі, практыкі»

2016-06-19

Інтэрнэт-часопіс «Гефтер», Цэнтр франка-расійскіх даследаванняў і Фонд Ягора Гайдара запрашаюць прыняць удзел у міжнароднай канферэнцыі «Нацыяналізмы на постсавецкай прасторы: логікі, этыкі, практыкі», якая адбудзецца ў Маскве 31 кастрычніка — 2 лістапада 2016 года.

Рэдакцыя інтэрнэт-часопіса «Гефтер», Цэнтр франка-расійскіх даследаванняў і Фонд Ягора Гайдара прапануюць абмеркаваць тое, якім чынам фармуюцца і функцыянуюць нацыянальныя і нацыяналістычныя ідэнтычнасці — як на ўзроўні афіцыйна прызнаных дактрын нацыяналістычнага толку, так і, галоўнае, на ўзроўні паўсядзённых практык. Адначасова варта правесці тэрміналагічнае размежаванне паміж тэрмінамі «нацыя» і «нацыяналізм», з аднаго боку, і паміж імі абодвума і шэрагам сумежных з імі вызначэнняў (такімі, як «нацыянальнасць», «этнічнасць», «грамадзянства» і інш.), з іншага.

Арганізатары прапануюць удзельнікам канферэнцыі абмеркаваць наступныя праблемы, звязаныя з нацыянальнымі і нацыяналістычнымі ідэнтычнасцямі ў познім СССР і на постсавецкай прасторы:

— Пераемнасць і разрыў: наколькі сучасныя варыянты нацыяналізму ёсць спадкаемцамі  познесавецкіх?

— Канстанты нацыянальнага як спосаб кантраляваць палітычную лаяльнасць.

— Істытуцыянальныя формы нацыяналізму: як фармулюецца «рускасць» («украінскасць», «беларускасць», «эстонскасць» і г.д.) за межамі Расіі (Украіны, Беларусі, Эстоніі…)?

— Нацыяналізм і неакаланіялізм: экспансія рускасці і рыторыка «выратавання» — ад «выратавання рускага свету» да выратавання як эсхаталагічнай катэгорыі.

— Памяць пры нацыяналізме: якія практыкі памяці ў рамках нацыяналістычных дактрын існавалі ў СССР і як яны трансфармаваліся на постсавецкай прасторы?

— Нацыяналізм і дысідэнцтва ў СССР — нацыяналізм і палітычная апазіцыя ў постсавецкую эпоху.

— Нацыяналізм і нацыянальная траўма: ці можа гутарка пра нацыяналізм быць спосабам пераадолення калектыўнай траўмы, і калі так, то чаму ў Расіі і шэрагу іншых краін Усходняй Еўропы яна купіруецца?

— Этыка нацыяналізму: якія этычныя прынцыпы кладуць ідэолагі нацыяналізму ў падмурак сваіх дактрын? Якія маральныя катэгорыі фармуюцца ў рамках нацыяналістычных тэорый?

— Нацыяналізм як інфаповад: практыкі медыярэсурсаў, якія вызначаюць сябе як нацыяналістычныя.

— Нацыяналізм і дэмакратыя: чаму ў эпоху перабудовы дэмакратыя часта разглядалася як нацыянальная місія і што стала з гэтымі ўяўленнямі ў далейшым?

— Альтэрнатыўныя палітычныя праграмы: як палітычныя мысляры часоў перабудовы (такія, як А.Д. Сахараў, Я.Т. Гайдар і інш.) ставіліся да рыторыкі нацыятворчасці і што гатовыя былі ёй супрацьпаставіць?

— Нацыяналізм і эканоміка ў постсавецкіх краінах.

Канферэнцыя працягнецца тры дні і будзе насіць камбінаваны характар: на пленарных пасяджэннях і ў ранішніх сесіях адбудуцца навуковыя даклады, час пасля абеду будуць займаць практычныя мерапрыемствы — круглыя сталы і воркшопы. На гэтых практычных мерапрыемствах будуць разбірацца асобныя кейсы (ці падобныя групы кейсаў), і на гэтым матэрыяле будуць адпрацоўвацца канцэпцыі аналізу нацыяналізму і грамадзянскай супольнасці. Падаваць заяўкі можна на кожную з дзвюх формаў удзелу ў канферэнцыі — як на выступ з дакладам (індывідуальны ці ў суаўтарстве), так і на арганізацыю воркшопа ці круглага стала (панэль).

Па выніках канферэнцыі будзе выдадзены зборнік абраных выступаў і панэляў ў выглядзе калектыўнай манаграфіі. Аргкамітэт пакідае за сабой права адбору матэрыялаў.

Як прыняць удзел

Мы чакаем вашы заяўкі (500 слоў на ангельскай альбо рускай мове) на адрас: callforpapernationalism@gmail.com  да 26 чэрвеня 2016 года.

Удзельнікі будуць абраны да 15 ліпеня. Тэзы і даклады максімальна 8000 слоў павінны быць пададзены не пазней 15 кастрычніка.

Каментары да навіны: