Вусная гісторыя ў кіно

2016-06-28

25-26 чэрвеня ў Мінску Беларускі архіў вуснай гісторыі правёў чарговы навучальна-практычны семінар, прысвечаны працы з відэа ў межах вуснагістарычных даследаванняў.

Трэнінг быў разлічаны на шырокую аўдыторыю людзей, якія цікавяцца вуснай гісторыяй, краязнаўствам і этнаграфіяй і хацелі б даведацца больш пра магчымасці запісу і  выкарыстання відэа, апрацоўку адздыманага матэрыялу і стварэнне ўласных відэа праектаў.

Першы дзень быў прысвечаны тэарэтычным аспектам. Уводзіны ў вусную гісторыю як даследчы метад зрабіў навуковы кіраўнік праекта БАВГ, доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук, які азнаёміў прысутных з асноўнымі прынцыпамі і падыходамі працы вуснага гісторыка. Аднак, па меркаванню гісторыка, oral history уяўляе сабо больш шырокую гуманітарную практыку, якая дазваляе чалавеку пераасэнсаваць не толькі пэўныя гістарычныя ўяўленні, але і пабачыць месца і ролю чалавека ў грамадскіх і гістарычных працэсах наогул. Таму вуснагістарычныя матэрыялы маюць вялікую прывабнасць для выкарыстання іх у дакументалістыцы і кіно, бо жыццёвы аповед чалавека, яго сацыяльны і культурны досвед і перакананні, непасрэдным чынам змяшчаюць у сябе цэлы спектр сацыяльна-палітычных пытанняў і агульначалавечых праблем.

У сваім выступе архівіст Таццяна Касатая распавяла наведвальнікам трэнінгу пра правілы карыстання фондамі і калекцыямі вуснагістарычных відэа і аўдыё дакументаў, якія захоўваюцца ў Беларускім архіве вуснай гісторыі. Таксама Таццяна прадэманстравала, як атрымаць доступ і непасрэдна працаваць з архіўнымі зборамі, змешчанымі на сайце БАВГ, што, безумоўна, можа прыдасца тым, хто захоча надалей заняцца выкарыстаннем  вуснагістарычных крыніц у сваіх відэа праектах.

Далей удзельнікі семінару пазнаёміліся з прыкладамі выкарыстання вуснай гісторыі ў дакументальным і мастацкім кіно. Не сакрэт, што ігравое кіно часта звяртаецца за натхненнем і сюжэтам да падзеяў гістарычнага мінулага, а вусная гісторыя з’яўляецца найбольш жывой, ілюстратыўнай і багатай крыніцай такога роду звестак. 

У якасці прыкладаў сусветных дасягненняў у дакументальным кіно, якія ў сваёй аснове мелі вуснагістарычныя аповеды, былі прадэманстраваны фрагменты з такіх фільмаў, як  “Шоа”, “Погляд цішыні” і г.д. Сярод айчынных здабыткаў у гэтай сферы былі прадстаўлены: “Дарога на Курапаты” і “У вайны не жаночае аблічча”.

У працэсе дэманстрацыі ўрыўкаў фільмаў разглядаліся і аналізаваліся тыя прыёмы, якія выкарыстоўвалі рэжысёры, каб найлепшым чынам скарыстаць запісы вуснагістарычных інтэрв’ю для адлюстравання і найбольшага раскрыцця ідэі сваёй карціны.

У канцы першага дня семінара адбылася прэзентацыя дакументальнай стужкі “Калгаснікі”, здымкі якой праходзілі пад час леташняй экспедыцыі БАВГ на Заходняе Палессе. Пасля прагляду прысутныя змаглі падрабязней даведацца пра стварэнне фільма і паразмаўляць з яе аўтарам - Ягорам Сурскім.

Другі дзень трэнінга быў арыентаваны больш на практычныя моманты працы з відэа. Відэааператар Алесь Лапо правёў занятак па асновам відэаздымак: тэхнічныя асаблівасці правядзеня запісаў вусных успамінаў, запіс гуку, пастаноўка святла, кампазіцыя.

Каардэнатар праекта БАВГ Павел Сітнік распавёў пра  маральна-этычныя і псіхалагічныя аспекты ў правядзенні відэазапісу вуснагістарычных інтэрв’ю. Павел адзначыў важнасць наладжвання добразычлівых стасункаў з рэспандэнтамі, захавання пэўнай шчырай і адкрытай атмасферы пад час правядзення інтэрв'ю і ролі ў гэтым у першую чаргу самога інтэрв'юера. 

Апошняя частка семінара была прысвечана навучанню асновам відэамантажу. Для удзельнікаў быў праведзены агляд сучасных тэхналогій відэаздымкі і  асноўных праграмам па апрацоўцы відэа, а таксама практычнае знаёмства з прынцыпамі і тэхнікай мантажу на канкрэтных прыкладах.

БАВГ і надалей плануе праводзіць падобнага кшталту трэнінгі, накіраваныя на павышэнне навыкаў выкрыстання відэа ў вуснагістарычных практыках і даследаваннях як сярод прыхільнікаў і карыстальнікаў метаду oral history , так аматараў відэаздымак.  Сачыце за абвесткамі на нашым сайце. 

Каментары да навіны: