Канферэнцыя УАВГ “Вусная гісторыя ў эпоху змен”

2016-08-30

Украінская асацыяцыя вуснай гісторыі і кафедра ўкраіназнаўства Харкаўскага нацыянальнага ўніверсітэта імя В.Н. Каразіна запрашаюць да ўдзелу ў навуковай канферэнцыі “Вусная гісторыя ў эпоху змен: сацыяльны кантэкст, грамадска-палітычныя выклікі, акадэмічныя стандарты”, якая пройдзе  1-2 снежня 2016 года ў Харкаве

Ад часу станаўлення вуснай гісторыі як асобнага напрамку сацыягуманітарных студый цэнтральнымі праблемамі даследчыцкіх рэфлексіяў былі пытанні сацыяльных выклікаў і абумоўленасцяў, грамадскай адказнасці і ініцыятывы, палітычнага і акадэмічнага значэння якога-кольвек вуснагістарычнага праекта. Асаблівае гучанне гэтыя пытанні набывалі ў час сацыяльных закалотаў і супрацьстаянняў,  у перыяд (пост)рэвалюцыйных зрухаў, на этапах пераадолення і “прапрацоўкі” мінулага, якія з новай сілай актуалізавалі праблемы акадэмічнай і грамадска-палітычнай адказнасці вуснага гісторыка, разумення сацыяльнага і палітычнага кантэксту здейсняемага праекта, захавання даследчыцкай этыкі і развіцця прафесійных навыкаў камунікацыі і ўзаемадзеяння.

Сучасная сітуацыя трывалага пераасэнсавання мінулага, “бітваў” за ўспаміны як капітал гістарычнай палітыкі ды інструменталізацыі памяці як сродку легітымізацыі пэўных палітычных праектаў надзвычай актыўна выклікае шэраг пытанняў. Калі завяршаецца пэўная падзея і калі яна робіцца гісторыяй? Якім чынам інструментарый вуснай гісторыі можа ўплываць на зберажэнне памяці пра падзеі, якія яшчэ адбываюцца? Ці змяняецца сутнасць вуснай гісторыі пры яе выкарыстанні для вывучэння палітычных выклікаў і грамадскіх рэакцый сёння? З перспектывы тых выклікаў і рэакцый – чые “галасы” з мінулага мы намагаемся адшукаць, пачуць, запісаць і прааналізаваць? І, нарэшце, якім чынам прафесійная вусная гісторыя можа прадухіліць бесперспектыўнае, з погляду мемарыяльнай ацэнкі, павялічэнне запісаў успамінаў?

Менавіта гэтым пытанням – пра сацыяльна-палітычную ролю вуснай гісторыі ў эпоху пераадолення, прапрацоўкі і пераасэнсавання мінулага, этычным прыярытэтам, грамадскай пазіцыі і прафесійнай адказнасці вуснага гісторыка – будзе прысвечана сёлетняя канферэнцыі Украінскай асацыяцыі вуснай гісторыі (УАВГ).

Гэта канферэнцыя будзе юбілейнай: у 2016 годзе УАВГ адзначае 10-годдзе існавання. За гэты час УАВГ была арганізатарам і суарганізатарам дзевяці навуковых мерапрыемстваў (канферэнцый, навукова-метадычных семінараў і ўсеўкраінскіх круглых сталоў па пытанням тэорыі ды практыкі вуснай гісторыі), з яе ўдзелам было выдадзена шэсць зборнікаў навуковых артыкулаў і адзін зборнік вусных гісторый.

На канферэнцыі прапануецца абмеркаваць наступныя пытанні:

- Вусная гісторыя ва Ўкраіне: досвед, дынаміка, перспектывы.

- Вусная гісторыя Цэнтральна-Усходняй Еўропы: спецыфіка палітычных выклікаў і сацыяльных узаемадзеянняў.

- Пераасэнсаванне мінулага: палітычны праект і вуснагістарычная ініцыятыва.

- Методыка вуснагістарычнага даследавання (пост)рэвалюцыйнай і ваеннай сучаснасці: сацыяльныя выклікі і акадэмічныя мажлівасці.

- “Незавершанае мінулае” як грамадска-палітычная рэалія і навуковая праблема: досвед вуснагістарычных даследаванняў.

- Грамадская ініцыятыва і вуснагістарычныя праекты: перавагі і цяжкасці супрацы.

- Вусная гісторыя траўматычных падзей: даследчыцкая этыка і прафесійная падрыхтоўка даследчыка.

- Вусная гісторыя ў школе: досвед вучнёўскіх праектаў па лакальнай вуснай гісторыі.

У рамках работы канферэнцыі запланавана правядзенне круглага стала “Выхад за межы аўдыторыі : вуснагістарычныя праекты ў гарадской прасторы” (суарганізатар – Цэнтр гарадской гісторыі Цэнтральна-Усходняй Еўропы)

Пад час гэтага круглага сталу будзе абмяркоўвацца досвед рэалізацыі шэрагу праектаў, якія грунтаваліся на вуснагістарычных інтэрв’ю, функцыянавалі ў гарадской прасторы і ў розны спосаб камунікавалі з аўдыторыяй. Гэтаксама прадугледжваецца дыскусія наконт таго, як вуснагістарычныя інтэрвенцыі ў гарадскую прастору шукаюць свой фармат і сваю публіку, а таксама – як сам горад можа змяняцца пад іх уплывам.

Заяўкі прымаюцца да 1 верасня 2016 года на электронны адрас: oralhistory1.2.12.16@gmail.com

У заяўцы трэба пазначыць звесткі пра сябе, тэму і кароткія тэзісы дакладу (да 300 слоў)

Арганізатары канферэнцыі кампенсуюць кошт праезду па тэрыторыі Ўкраіны, 2 сутак пражывання ў гатэлі ў Харкаве і харчаванне пад час працы канферэнцыі.

Запланаваная колькасць удзельнікаў – 30 асоб.

Мовы канферэнцыі – украінская, расійская і ангельская.

Тэкст запрашэння ў фармаце pdf.-

Каментары да навіны: