"Вусная гісторыя як новы спосаб асэнсавання мінулага/гістарычнага мыслення"

2016-09-12

БАВГ і Мінская гістарычная майстэрня запрашаюць на круглы стол "Вусная гісторыя як новы спосаб асэнсавання мінулага/гістарычнага мыслення", які адбудзецца 20 верасня 2016 года ў 18.30 (Галерэя Ў, пр. Незалежнасці 37а, г. Мінск).

Вусная гісторыя як навуковы і адукацыйны накірунак паварочвае нас да новых ракурсаў вядомых і не вельмі тэм у айчыннай гістарыяграфіі і "балявых кропак" нашай гістарычнай памяці. Жывая гісторыя сведак часу адкрывае такі погляд на гісторыю Беларусі ў ХХ ст., які часта пярэчыць усялякім ідэалагічным устаноўкам, як існаваўшым раней палітычным ідэалогіям, так і існуючым цяпер нацыяналістычнаму ці афіцыйнаму дзяржаўнаму гістарычнаму дыскурсу. Аднак складанасць для актыўнага выкарыстання ўспамінаў сведак часу ў беларускай гуманітарыстыцы палягае не толькі ў частай закасценеласці падыходаў спецыялістаў, але таксама ў рэдкай гатоўнасці нават незалежных гісторыкаў укладаць дастаткова вялікі аб’ём часу для працы з імі. Таксама перашкаджае прасоўванню вуснай гісторыі і недахоп традыцыйных даследаванняў па асноўных тэмах, якія б склалі факталагічны базіс для міждысцыплінарнага разгляду. З іншага боку, напрацоўкі вусных гісторыкаў застаюцца па-за ўвагай гістарычнай навукі ў Беларусі, праекты па oral history працуюць хутчэй на захаванне памяці, чым выкарыстоўваюцца ў якасці даследчай крыніцы, публікацыі і выданні на аснове вусных успамінаў дагэтуль рэдкая з’ява для беларускай гістарыяграфіі. 

Запрашаем пагаварыць пра гэтыя і іншыя праблемныя моманты вуснай гісторыі і гістарычнай памяці падчас нашага круглага стала з беларускімі вуснымі гісторыкамі. У дадатак даследчыкі, якія працуюць у галіне вуснай гісторыі у Беларусі, падставяць свае напрацоўкі і дасягненні, прэзентуюць практычны прадукт сваёй дзейнасці за апошнія гады. Сярод уздымаемых намі тэм будуць: Халакост ў Беларусі, Чарнобыль, голад і калектывізацыя ў БССР.

Мерапрыемства адбудзецца ў рамках "Тыдня беларускага мыслення", які пройдзе ў Беларусі з 19 па 25 верасня бягучага года. 

Каментары да навіны: