Спрэчная спадчына: быць ці не быць

2016-10-24

Бадай, мала знойдзецца людзей, якія не разумеюць важнасці мемарыялізацыі памяці. Шматлікія помнікі пакліканыя не проста нагадваць пра істотныя падзеі мінулага, яны фармуюць нашу ідэнтычнасць. Падавалася б, усё проста: помнік на плошчы, месца гераічнай бітвы ці трагічных падзей – гэта па ідэі мусяць быць локусы раўназначныя для ўсіх. Аднак, мемарыяльная спадчына Беларусі вельмі няпростая. Асабліва спадчына савецкага часу. 

Трохі больш за год музей "Дом Ганны Франк" (Амстэрдам) і Беларускі архіў вуснай гісторыі ў межах супольнага праекта "Шпацыр па памяці" спрабуюць разабрацца ў неадназначнасці мемарыяльных месцаў. За гэты час былі праведзены практычныя заняткі ў Мінску, Гродне і Брэсце, створана некалькі відэа, дзе праблема рознага ўспрыняцця таго ці іншага помніку выяўлялася загалоўнай.

Напрыклад, помнік Леніну ў Брэсце (дый не толькі там) – гэта тое, што мы мусім шанаваць і захоўваць ці ўсё ж прыспеў час правесці рэвізію гістарычных прыярытэтаў?

Меркаванні, датычныя ў першую чаргу савецкай спадчыны часта дыяметральна супрацьлеглыя. Дыскусій у гэтым пытанні абысці наўрад ці атрымаецца. Аднак, ці кожны ўмее весці канструктыўны дыялог на вострыя, а часам вельмі балючыя тэмы? 

Менавіта гэтая акалічнасць і падштурхнула ініцыятараў праекта правесці практычныя заняткі, дзе можна будзе навучыцца дыскутаваць на тэму мэтазгоднасці таго ці іншага помніку, дый увогуле паразважаць над праблематыкай гістарычнай памяці.

Дапамагаць разбірацца з гэтымі пытаннямі будуць спецыялісты, якія няпершы год працуюць з гістарычнай спадчынай. Сярод іх Таццяна Касатая, якая шмат гадоў даследуе спадчыну Гародні. Спецыяльным жа госцем будзе Аляксей Братачкін, кіраўнік Цэнтра публічнай гісторыі Еўрапейскага каледжу Liberal Arts у Беларусі (ECLAB), які прачытае цікавую лекцыю.

Для каго: для студэнтаў, маладых актывістаў і ўсіх неабыякавых.
Калі: 12 – 13 лістапада 2016 г. з 10:00 да 17:30.
Дзе: Гістарычная майстэрня, вул. Сухая, 25 (Мінск).

Кантактны адрас: l.shynder@annefrank.nl

Удзел у трэнінгу бясплатны, толькі трэба да 8 лістапада запоўніць анкету тут.

Каментары да навіны: