Знесці нельга пакінуць

2016-11-17

Кожны з удзельнікаў прыйшоў на трэнінг, які ладзілі БАВГ і музей «Дом Ганны Франк» з розных нагодаў: хтосьці паслухаць Аляксея Братачкіна (ягоная лекцыя для многіх стала адкрыццём тэмы камемарацыі), хтосьці хацеў пагутарыць з аднадумцамі, а нехта зайшоў выпадкова дый застаўся да канца. 

Мерапрыемства праходзіла па канонах трэнінга: мадэратар ставіць задачу, якая вырашаецца ў малых групах. Камандная праца перабіваецца калектыўным абмеркаваннем.

Спярша, па задуме Любы Шындэр, кожная міні-група мусіла прыдумаць крытэры гіпатэтычнага помніка: ягоную тэматыку, выгляд і месцазнаходжанне. Далей трэба было ўявіць нейкі манумент паводле гэтых крытэраў. 

Аляксей Братачкін, які па прачытанні сваёй лекцыі застаўся паслухаць іншых удзельнікаў, вельмі крытычна паставіўся да прапанаваных групамі варыянтаў. На яго меркаванне, помнік князю Міндаўгу (вершнік з мячом) — ідэя першай групы, некарэктны з пункту гледжання гендарнай раўнавагі. Што праўда, апаненты тут жа парыравалі, што разглядалася яшчэ і версія Міндаўга з жонкаю, але ж становіша гэта не выратавала. Відаць, беларускае сацыяльна-палітычнае ўяўленне ўсё яшчэ боўтаецца ў патрыярхальным уладным дыскурсе. 

Памятны знак, усталяваны да 740-годдзя каранацыі Міндаўга ў Наваградку

Наступная каманда вырашыла, што Беларусі не хапае помніка Васілю Быкаву — пісьменніку, грамадзяніну, асобе. Ён мусіць сядзець за сталом, перад ім ляжаць накіды ягоных твораў. Тут павінны адлюстравацца ягоны пісьменніцкі талент, грамадзянская пазіцыя і назломнасць. Практычна ўсе прысутныя пагадзіліся, што помнік Быкаву паставіць трэба. У сваю чаргу Аляксей Братачкін прапанаваў, што варта ўвекавечваць у бронзе хутчэй не Быкава пісьменніка, а чалавека які прайшоў вялікі шлях ад савецкага да нацыянальнага і стаў маральным аўтарытэтам для некалькіх пакаленняў беларусаў. 

Макет помніка Васілю Быкаву аўтараў А. Батвінёнка і А. Сардарава атрымаў шмат негатыўных водгукаў

Нарэшце, трэцяя група прэзентавала свае развагі наконт мемарыялізацыі — помнік Чарнобыльскай катастрофе. Прычым менавіта катастрофе, а не ахвярам. У выглядзе паўразбуранага будынку, на які кожны можа пакласці сваю цаглінку (яны, цаглінкі, па задуме прадугледжваліся ў кампазіцыі). Ідэя простая: Чарнобыль — гэта наша агульная трагедыя і нам разам трэба адбудаваць разбураны дом — радзіму — нацыю. І быццам добра ўсё, аднак пасля каментара Аляксея Братачкіна аб тым, што гэтая ідэя вельмі добра стасуецца з уладным дыскурсам наконт Чарнобыля, усім стала трошні няёмка і мадэратар пачала новую гульню.

Помнік «Ахвярам Чарнобыля» у Мінску

Гэта была праца вакол помніка Леніну ў Брэсце. Цяпер разбіліся на дзьве групы: адна выстаўляла аргументы за знос манумента, другая за яго захаванне. Валерыя Чарнаморцава, што апынулася ў групе прыхільнікаў савецкай спадчыны, адмовілася ад удзелу, бо не магла прыняць такі расклад нават у выглядзе ўмоўнасці.

Ленін у Брэсце паказвае на касцёл Узвышэння Святога крыжа

Напрыканцы Люба Шындэр папрасіла кожнага ўдзельніка расказаць пра свае ўражанні ад мерапрыемства. Усе засталіся задаволеныя: хто лекцыяй Аляксея Братачкіна, хто сустрэчай з аднадумцамі, хтосьці радаваўся адкрыццю новых метадаў працы з аўдыторыяй.

Аднак, была ў гэтай сустрэчы адна дзіўнасць: падчас выканання заданняў удзельнікі спрабавалі трымацца ў першую чаргу прынцыпа канфармізму, неканфліктнасці. Свядома абыходзілі вострыя тэмы. Бо калі помнік, то Міндаўгу ці Быкаву. Хто ж будзе супраць гэтых герояў. Калі манумент трагічнай тэматыкі — то Чарнобыль, бо ўсім баліць. Не было тут месца ні вайне, з яе рознымі і непрыемнымі праўдамі, ні міру ў яго складанай і неадназначнай разнастайнасці, ні нават Каліноўскаму, бо ёсць жа заходнерусісты ў беларускім грамадстве — навошта правакаваць.

Удзельнікі трэнінга слухаюць лекцыю Аляксея Братачкіна

Такім незаўважным чынам дыскусія на вострую і балючую тэму ператварылася ў пошук кампрамісаў. Ці то канва мерапрыемства задала такі тон, ці то талерантнасць нашая ніякі не міф. Магчыма, гэта проста найбольш камфортны сцэнар паводзінаў — прасцей не ствараць канфліктных сітуацый, чым балюча шукаць выхад з безвыходнага. 

У выніку атрымалася больш, чым абяцалі арганізатары — ўрок пра нас саміх. А помнікі... а пра помнікі  можна і потым пагутарыць.

Ганна Кавалёва

Каментары да навіны: