«Вусная гісторыя – духоўны мосцік паміж рознымі пакаленнямі»

2016-12-19

Ягор Сурскі арт-менеджар, калекцыянер, выкладчык і рэжысёр зняў сваю другую дакументальную стужку «Калгаснікі», у якой спрабуе разабрацца з такімі няпростымі з'явамі беларускай гісторыі як калгас ды калектывізацыя. Мы пагутарылі з Ягорам пра новы фільм і высветлілі, што для творцы ёсць вусная гісторыя і які незвычайны падыход выкарыстаў дакументаліст у сваім фільме.

БАВГ: Чаму Вас зацікавіла тэма калектывізацыі? 

Я.С.: Я сапраўды не думаў, калі бліжэй заняўся тэмай калектывізацыі, што, фактычна, размаўляю з апошнімі еўрапейскімі прыгоннікамі. Зараз цяжка такое ўявіць, што на працягу значнага перыяду станаўлення калгасаў людзі не зараблялі, а былі вымушаны сяк-так выжываць.

БАВГ: Ці можна лічыць гэты фільм працягам стужкі «Заходнікі»?

Я.С.: Фільм з'яўляецца працягам «Заходнікаў» у тым, што вусная гісторыя ў Беларусі і Беларускі архіў вуснай гісторыі застаюцца ў фокусе. Я ўсё больш бачу занятак вуснай гісторыяй як своеасаблівую спробу пабудаваць духоўны мосцік паміж рознымі пакаленнямі беларусаў, нягледзячы на рэгіянальную адметнасць Палесся, гэта ўсё ж гісторыя Беларусі.

БАВГ: Гэта стужка расказвае нешта пра нас цяперашніх ці яна з'яўляецца проста пэўнай ілюстрацыяй гістарычных падзей?

Я.С.: Розніца паміж людзьмі, якія ўсё жыццё пражылі на адным месцы і намі насамрэч велізарнейшая. Таму, надзвычай істотна знайсці штосьці агульнае, пераемнае. У гэтым і можа быць той мосцік у сучаснасць. Усё ж героі фільму рэфлексуюць, пэўныя спасылкі на сучаснасць робяць. Каштоўнасць вуснай гісторыі ў тым, што яна можа выявіць штосьці незафіксаванае, нефакталагічнае для гісторыі, што дазваляе паглядзець на з'яву ў нечаканым ракурсе, з іншага далягляду і пабудаваць наратыў, які грунтуецца на біяграфіі аднаго чалавека. У фільме гэта сюжэт пра жанчыну, якая не пайшла ў калгас праз пэўныя маральныя прынцыпы і ёй не было жыць лягчэй з-за гэтага. Гэта і выкрывае сутнасць калгаснай сістэмы, калі чалавек вымушана адмаўляўся ад сваёй сістэмы каштоўнасцяў. Падаецца, памяць чалавека, які не быў у калгасе, не з'яўляецца крыніцай інфармацыі па заяўленай тэме, але менавіта такі ракурс раскрывае праблему калектывізацыі глыбей.

Паглядзець фільм «Калгаснікі» можна будзе 25 снежня ў 19.30 на тэлеканале «Белсат».

Каментары да навіны: