Выстава «Розныя войны»

2018-01-17

З 18 студзеня па 28 лютага 2018 года ў Гістарычнай майстэрні ўпершыню ў Беларусі будзе прадстаўлена выстава «Розныя войны: нацыянальныя школьныя падручнікі гісторыі пра Другую сусветную вайну». Ініцыятарамі яе выстаўлення выступілі Грамадзянскі форум ЕС–Расія, Мінскі міжнародны адукацыйны цэнтр імя Ёханэса Рау і Дортмундскі міжнародны адукацыйны цэнтр.

Выстава «Розныя войны» даследуе разнастайныя падыходы да ўспрымання і адлюстравання гісторыі Другой сусветнай вайны праз параўнанне сучасных падручнікаў для старшакласнікаў Нямеччыны, Італіі, Літвы, Польшчы, Расіі і Чэхіі.

Выбар аб'екта параўнання не выпадковы, бо Другая сусветная вайна застаецца найболей балючай і супярэчлівай падзеяй у гісторыі еўрапейскіх краін. У Расіі ж (як і ў Беларусі) перамога ў гэтай вайне – адна з найважнейшых старонак гісторыі дзяржавы. У экспазіцыі разглядаюцца, параўноўваюцца і супрацьпастаўляюцца розныя чытанні гісторыі вайны, прапанаваныя школьнымі падручнікамі. Прадстаўленыя тут нацыянальныя і тэматычныя сюжэты асвятляюць, у тым ліку, і малавядомыя аспекты памяці пра Другую сусветную. У наведвальнікаў ёсць магчымасць самім прагартаць старонкі падручнікаў і пазнаёміцца з методыкамі выкладання гісторыі розных еўрапейскіх краін.

Для індывідуальнага агляду выстава адчынена з 9.30 да 17 гадзін у будныя дні (панядзелак — пятніца) у памяшканні Гістарычнай майстэрні імя Леаніда Левіна, па адрасе: г. Мінск, вул. Сухая, 25. Магчыма правядзенне экскурсій і семінарскіх заняткаў для арганізаваных груп (школьнікаў, студэнтаў, выкладчыкаў), але толькі па папярэднім запісе.

Уваход на выставу бясплатны.


У  межах выставы адбудуцца наступныя тэматычныя  мерапрыемствы:

24 студзеня (серада) 2018 г.

18.30 Клуб вуснага гісторыка: Як дзецям распавядаць пра Халакост?

3 лютага (субота) 2018 г.

15.00 Розныя войны: ад канфрантацыі  да дыялогу. Дыскусія гісторыкаў пра вобразы гісторыі Другой сусветнай вайны ў школьных падручніках.

10 лютага (субота) 2018 г.

11.00 Круглы стол для настаўнікаў: Методыкі працы са школьнікамі па тэме Вялікай Айчыннай вайны ў кантэксце Другой сусветнай вайны.

21 лютага (серада) 2018 г.

18.30 Клуб вуснага гісторыка: Фотакрыніцы і “бачанне“ гісторыі, якое яны ствараюць.

28 лютага (серада) 2018 г.

19.00 Лекцыя Уве Ноймеркера, дырэктара фонду Мемарыял забітых яўрэяў Еўропы (Берлін, Германія) “Асаблівасці пераўтварэння месцаў масавага знічтажэння ў мемарыялы ва Усходняй Еўропе” з перакладам.


Кантактныя асобы:

Ірына Кашталян (kashtalian@ibb.by),

Антаніна Чумакова (chumakova@ibb.by),

тэл.: +375 17 380-37-17.

Каментары да навіны: