«Бачанне гісторыі праз прызму фотаздымка»

2018-02-23

Сёння, у час інфармацыйных тэхналогій, калі кожную секунду ў свеце робяцца сотні тысяч фотаздымкаў, важна валодаць уменнем бачыць, што і як на іх адлюстравана, наколькі дакладна кожны канкрэтны фотаздымкак адлюстроўвае рэальнасць, робячы яе гісторыяй. Гэтай актуальнай тэме і была прысвечана чарговая сустрэча ў Клубе вуснага гісторыка, якая 21 лютага па добрай традыцыі прайшла ў Гістарычнай майстэрні.

​Адметнасцю сустрэчы стала знаёмства гасцей і запрошаных экспертаў з выставай «Розныя войны», экскурсію па якой правяла дырэктар Гістарычнай майстэрні Ірына Кашталян, надаючы ўвагу не толькі асноўнай праблематыцы праекта – аналізу рознай падачы ў падручніках па гісторыі тэмы Другой сусветнай вайны і, у прыватнасці Халакоста, –  але і ролі фатаграфіі ў адлюстраванні ваенных падзей.

Лагічным працягам экскурсіі стаў прагляд відэароліка з успамінамі відавочцаў дзвюх гістарычных падзей: смерці Сталіна і павешання нямецкіх ваенных злачынцаў у Мінску. Словы відавочцаў пацвярджаліся на экране дакументальнымі (часам шакуючымі) фотаздымкамі сярэдзіны ХХ стагоддзя. 

 

У працяг сустрэчы эксперт Леся Пчолка  (каардынатар праекта «Веха») распавяла пра гісторыю фатаграфіі наагул і ў Беларусі ў прыватнасці. На яе думку, культурны код, адлюстраваны на фотаздымку, вызначае набор вобразаў, якія звязаны з якім-небудзь комплексам стэрэатыпаў у свядомасці чалавека, а сам фотаздымкак нясе ў сабе культурна-побытавыя асаблівасці, гэтаксама як і матэрыяльную і духоўную культуру продкаў. У якасці прыкладу быў прадстаўлены здымак з пахавання 1931 года ў Капыльскім раёне. На ім традыцыйны для таго часу дыван, на фоне якога любілі фатаграфавацца ў заходніх абласцях Беларусі, а таксама характэрная пастаноўка ўдзельнікаў фотасесіі: вакол труны з памерлым. Па словах Лесі Пчолкі, важнай асаблівасцю беларускай вернакулярнай фатаграфіі (аматарскай,  паўсядзённай) ХХ стагоддзя з’яўляецца тое, што яна праз прызму прыватнай гісторыі деміфалагізуе савецкае мінулае.

Пра фатаграфію з сямейных архіваў другой паловы ХХ стагоддзя распавёў Кастусь Антановіч (каардынатар конкурсу для моладзі “Па-за кадрам. Ад гісторыі сям’і да гісторыі супольнасці"). На яго думку, пры аналізе фотаздымка важна не толькі яго дэталёва разгледзець, але яшчэ і пагутарыць з яго ўладальнікам альбо відавочцам. Сведкі – сучаснікі тых падзей – маюць магчымасць перадаць нам уласнае бачанне гісторыі. Іх успаміны дазваляюць паглядзець на гістарычныя падзеі вачыма канкрэтнага чалавека ў кантэксце свайго жыцця, побыту і ўлічыць яго стаўленне да тых ці іншых пераменаў ў грамадстве, супольнасці. У звязцы з вуснымі ўспамінамі фотаздымкі з’яўляюцца свайго кшталту «ключом памяці». Таксама Кастусь Антановіч прапанаваў свой алгарытм працы з фотаздымкам на аснове вуснага апытання відавочцаў і запрасіў гасцей сустрэчы да ўдзелу ў гістарычным конкурсе, дасылаць свае работы на які можна да 5 мая.

Апошні запрошаны на сустрэчу эксперт, гісторык Аляксандр Далгоўскі,  прапанаваў перайсці ад тэарэтычных развагаў да практыкі і прааналізаваць некалькі фотаздымкаў часу Другой сусветнай вайны, вызначыўшы іх даціроўку. Прысутным неабходна было не толькі ўбачыць, што выяўлена на фота, але і праявіць здольнасць бачыць як гэта выяўлена, чаму менавіта так, і што не адлюстравана. Словам, глядзець на фотаздымак як на вельмі каштоўную гістарычную крыніцу.

Каментары да навіны: