Вера Аляксандраўна Мураўская: «Нашыя беларусы пяклі хлеб і насілі ад вёскі да вёскі ў тую сторану, на запад, каб адправіць дадому немца».

2013-05-13

Вера Аляксандраўна Мураўская пражывае на Карэліччыне вось ужо больш за 80 год. Апошнія гады жыве адна – мужа пахавала ў 2001, дзеці раз'ехаліся…

Яе інтэрв’ю было запісана ў жніўні 2011 года, у экспедыцыі на Наваградчыну і Карэліччыну пад кіраўніцтвам прафесара А. Смаленчука ў рамках праекта “ХХ стагоддзе ў памяці беларусаў”.

«Многа перажыла. Прыёмны бацька хаваўся 17 гадоў ад рэпрэсій пасля вайны.  Братоў не засталося - каго бальшавікі забралі, каго немцы забілі… Никога больш так і не пабачыла…»

   

Вера Аляксандраўна нарадзілася 6 студзеня 1930 года ў вёсцы Дуброва (сёння Райцаўскі с/с, Карэлічскі раён, Гродзенская вобласць) у сям’і каваля Русака Аляксандра і Любові Сцяпанаўны Чудук. У сям’і было дзесяцёра дзяцей, чацвёра з якіх памерлі ў маленстве. Па прычыне заўчаснай смерці бацькі і нястачы ў шматдзетнай сям’і была ўзятая на выхаванне да прыёмных бацькоў – бяздзетных Марыі і Уладзіміра Пажарыцкіх.

«Маці ніхто не заменіць… 82 гады мне цяпер, а як мяне ў пяць гадоў аддалі ў іншую сям'ю - я кожны дзень памятаю, як дадому хацелася, як плакала, як мяне да маці не пускалі, каб не засталася там... »

Вера атрымала хатнюю адукацыю, а таксама вучылася ў савецкай школе. У 1951 годзе выйшла замуж за Мураўскага Васіля Васільевіча, які быў старэйшы за яе на 15 гадоў, і пераехала ў вёску Застадолле (Цырынскі с/с), дзе разам з мужам, які дагледжваў коней, працавала на ферме.

«Прыгожы ён чалавек быў – духоуна прыгожы. Ні аб чым не шкадую...»

Сужонкі выгадавалі пяцёра дзяцей: сына Васіля ад першага шлюбу, Міхаіла, а таксама Галіну, Таццяну, Ніну і Наталлю.
Значная частка аповеду пажылой жанчыны звязана з вайной, з успамінамі пра тое, як людзі жылі і выжывалі ў гэтую страшную гадзіну.

«Адны ж адных зналі, і ў школу хадзілі. Ну і з-за гэтага яго не чапалі парцізаны, што дзяржыць мяне, парцізанскую сям’ю. А паліцыя знала, што я парцізанская, і парцізаны не чапалі яго, што ён замясціцель солтыса. Вот, а так была б смерць і мне, і яму. А так мы гэдак выжылі абоё.»

Вера Аляксандраўна распавядае цікавыя рэчы: такім вялікім было жаданне вяскоўцаў пазбавіцца ад немцаў, што прыдумалі нават абрады дзеля гэтага.

«Людзі пяклі хлеб і насілі ад вёскі да вёскі ў тую сторану, на запад, каб адправіць дадому немца…. А каб Бог з намі быў, трэба было паставіць крыжы, рушнікі на іх павінны быць, якя ў ноч вытканы…».
Цяжка прыйшлося жанчыне. Браты згінулі ў віры вайны, мужу давялося некалькі год быць у палоне ў Германіі, айчым быў сасланы на шахты за працу падсолтыса…»

У 2001 годзе Вера Аляксандраўна стала ўдавой і пражывае ў вёсцы Застадолле адна. Рэспандэнтка ўзгадвае гісторыі даваеннага жыцця заходнебеларускай вёскі, цяжкія ваенныя годы, часы савецкай улады, а таксама разважае пра лёс сваёй сям’і ў ХХ стагоддзі. Распавядае пра свае жыцце сення.

Мы цікавімся: а што на ваш погляд галоўнае ў жыцці, як жыць трэба?

«Так скажу - хто ўмее працаваць, хто не лянуецца, той заўсёды сваё атрымае, не знікне ні ў вёсцы, ні ў горадзе. А галоўная радасць у жыцці - вядома дзеці! У мяне 10 унукаў, 8 праўнукаў, гэта шчасце.»

Цалкам інтэрв'ю можна ўбачыць у нашым архіве, частка "Наваградчына І Карэліччына, 2011".

Каментары да навіны: