Запрашаем на міжнародную канферэнцыю «Вусная гісторыя ў коле гуманітарных і сацыяльных навук»

2013-07-09

Шаноўнае спадарства! 

Універсітэт Марыі Кюры-Складоўскай (Люблін, Польшча) запрашае вас прыняць удзел у міжнароднай канферэнцыі «Вусная гісторыя ў коле гуманітарных і сацыяльных навук», якая адбудзецца ў Любліне 6-8 лістапада 2013 года. 

Для абмеркавання будуць прапанаваны наступныя праблемы:
-         напрамкі даследаванняў, метадалогія і інструменты вуснай гісторыі;
-         вусная гісторыя і навуковая гістарыяграфія;
-         вусныя аповяды як форма захавання памяці пра мінулае;
-         роля вусных крыніц у стварэнні культурнай самабытнасці мясцовых суполак і этнічных груп;
-         сутнасць інтэрв’ю – спецыфіка асабістых нарацый, індывідуальнага вопыта і перспектывы агляду;
-         аповяды сведкаў часу на памежжы народаў, рэлігій і культур;
-         грамадскія колы функцыянавання вуснагістарычных аповядаў: сваяцкі і суседзкі асяродкі, лакальныя і рэгіянальныя супольнасці;
-         відавая разнастайнасць вуснагістарычных аповядаў;
-         месца вуснай гісторыі ў школьнай адукацыі;
-         значэнне вусных аповядаў для ўтварэння сувязяў паміж пакаленнямі;
-         метады фіксацыі вусных аповядаў;
-         архівізацыя, навуковая апрацоўка аповядаў, формы супольнага выкарыстання і распаўсюджання вуснай гісторыі.

Мяркуецца, што падчас канферэнцыі змогуць сустрэцца прадстаўнікі розных навуковых дысцыплін: гісторыкі, філолагі, фалькларысты, этналінгвісты, журналісты i медыязнаўцы, антраполагі, этнолагі і культуразнаўцы, настаўнікі і грамадскія дзеячы, а таксама ўсе зацікаўленыя ў зборы і вывучэнні інтэрв’ю жывых сведак гісторыі, іх вусных аповядаў, заснаваных на асабістым досведзе.

Абагульняючай мэтай канферэнцыі з’яўляецца канфрантацыя розных канцэпцый  выкарыстання вуснай гісторыі, у прыватнасці, гісторыкаў і этнолагаў. Наколькі гэта розныя падыходы і ў якой ступені яны дапаўняюць адзін аднаго. Несумненна, вусныя аповяды відавочцаў збудаваны іначай, чым навуковая праца прафесійных гісторыёграфаў, бо яны з'яўляюцца свайго роду суб’ектыўна збудаванымі сведчаннямі. Ці могуць яны мець значэнне «крыніц» у традыцыйным гістарыяграфічным сэнсе, калі з’яўляюцца экспрэсіяй індывідуальных спосабаў успрыняцця і суб'ектыўнай інтэрпрэтацыі падзей? Як стасуецца падыход гісторыка, які фіксуе аб'ектыўныя факты, з падыходам этнафілолага, які вывучае адлюстраванне гэтых падзей у свядомасці і мове іх удзельнікаў? Ці вывучэнне зместу дадзенага аповяду, таго, пра што хтосці кажа і што кажа, несумяшчальна з вывучэннем спосабаў кадавання інфармацыі, таго як паведамленні будуюцца, якімі лексічнымі структурамі, з якога пункту гледжання, у якой перспектыве, з якім набліжэннем ("зярністасцю") вобраза і г.д.?

Выступы могуць быць як тэарэтычнымі, так і звязанымі з аналізам матэрыялаў. Арганізатары пакідаюць за сабой права адбору дакладаў, кіруючыся тэматычнымі межамі, вызначанымі для мерапрыемства. 

Кошт удзелу – 150 злотых. Заяўкі на ўдзел прымаюцца не пазней за 25 ліпеня 2013 года на адрас: joanna.szadura@wp.pl

Каментары да навіны: