Прадстаўляем новую рубрыку!

2013-07-20

Шаноўныя сябры!

Мы рады паведаміць, што на партале нашага праекта па адрасе: http://www.nashapamiac.org/archive/getrubrics.action?rubricId=1 можна ўжо пазнаёміцца з новай рубрыкай «Гісторыя Мінска і яго ваколіц ў памяці сведак часу».

Распрацоўка гэтай актуальнай тэмы пачалася ўвесну 2013 года пад кіраўніцтвам вядомага мінскага тапаніміста Івана Сацукевіча. Ініцыятыва была створана, каб дапамагчы вырашэнню праблемы недастатковай фіксацыі зменаў у абліччы Мінска ў 1930 — 1970-я гг. у традыцыйных архіўных дакументах. Таму менавіта ўспаміны сведак пра тое, як выглядала сталіца ў гэты перыяд, могуць запоўніць некаторыя прабелы ў гісторыі вядомейшага горада Беларусі.

Каманда валанцёраў збірала біяграфічныя інтэрв’ю відавочцаў і задавала ім спецыялізаваныя пытанні па гісторыі розных раёнаў Мінска. Пры іх запісу рабіўся акцэнт на збор інфармацыі пра жыццё прыгарадных вёсак у 1930 — 1970-я гг., а таксама змены, якія адбыліся з іх жыхарамі пасля ўваходжання ў склад горада, на тое, як ставіліся людзі да жыцця ў гарадскіх прадмесцях гэтага перыяду, як уяўлялася ім спецыфіка пражывання ў сталіцы, хто з вядомых гараджан (культурных і грамадскіх дзеячоў) жыў па суседству. 

З гэтымі каштоўнымі матэрыяламі можна пазнаёміцца ў поўным аб’ёме у адпаведнай калекцыі архіва пасля рэгістрацыі на партале.

У самой рубрыцы вы можаце знайсці як асноўную інфармацыяю пра гісторыю шэрагу былых прадмесцяў і вёсак на ўскрайку Мінска, так і паслухаць урыўкі ўспамінаў відавочцаў, якія там пражывалі. Для дадатковай інфармацыі размешчаныя артыкулы, апытальнікі, дакументы па тэме.

Гэта толькі пачатак вялікай сістэмнай працы па фіксацыі вусных успамінаў пра мінулае Мінска, якія могуць быць выкарыстаныя ўсімі аматарамі гісторыі гораду. Спадзяемся, што да нас з цягам часу далучацца іншыя людзі, які дапамогуць шукаць і апытваць жывых сведкаў гісторыі сталіцы 1930 — 1970-х гадоў.

Каментары да навіны: