Экспедыцыя па вуснай гісторыі «1939 год у памяці беларусаў»

2013-07-25

З 14 па 20 ліпеня 2013 г. Беларускім архівам вуснай гісторыі была арганізавана экспедыцыя «1939 год у памяці беларусаў» па тэрыторыі Стаўбцоўскага, Уздзенскага, Копыльскага, Нясвіжскага, Дзяржынскага, Мінскага і Валожынскага раёнаў Мінскай вобласці. У яе складзе працавала 10 чалавек з Мінска, Гродна, Маладзечна і іншых гарадоў Беларусі. Сярод удзельнікаў былі выкладчыкі і супрацоўнікі навучальных і навуковых устаноў, грамадскія дзеячы, гісторыкі і аматары гісторыі. Навуковым кіраўніком экспедыцыі выступіў доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук

Мэтай экспедыцыі было сабраць успаміны ўздоўж цэнтральнай часткі былой савецка-польскай мяжы, каб з іх дапамогай выявіць уяўленні тагачасных жыхароў пра жыццё ў міжваеннай Польшчы і БССР; высветліць стаўленне людзей да пераменаў, што адбыліся з прыходам “першых Саветаў”.

Рэспандэнтамі сталі ў асноўным жыхары сельскай мясцовасці 1918-1939 гадоў нараджэння. Успаміны запісваліся пераважна ў вёсках, якія да верасня 1939 года знаходзіліся на польска-савецкім памежжы (усяго ў 33 населеных пунктах).  

 

Асноўным быў аўтабіяграфічны метад запісу ўспамінаў з акцэнтам на падзеях восені 1939 г. іх перадумовах, наступствах і ацэнцы. Таксама вялікая ўвага надавалася памяці пра штодзённае жыццё (на захад ад колішняй мяжы) і ўспамінам пра калгасны лад і рэпрэсіі (на ўсходзе). Асобны блок пытанняў датычыўся рэжыма памежнай зоны і асаблівасцяў жыцця на памежжы як з колішняга польскага, так і савецкага боку.  Шматлікія ўспаміны датычылі таксама падзеяў савецка-германскай вайны 1941-1945 гг., жыцця пад нямецкай акупацыяй, пытанняў пасляваеннага польскага перасялення з Беларусі, калгасаў. Тэрыторыя дзейнасці экспедыцыі ўключала былыя зоны дзеяння Арміі Краёвай, а таксама вёскі з ярка вызначанай польскай самаідэнтыфікацыяй. Таму з’яўляецца актуальным параўнанне успрыняцця адной падзеі прадстаўнікамі розных сацыяльных, канфесійных і нацыянальных груп.

Падчас інтэрв’ю таксама закраналіся пытанні, звязаныя з захаваннем памяці і яе перадачай нашчадкам.  Для гэтага запісваліся аповяды мясцовых краязнаўцаў, у якіх закраналася тэма мяжы 1921-1939 гг. у кантэксце лакальнай гісторыі і праблем захавання памяці.

Камандай экспедыцыі было запісана 74 інтэрв’ю, з іх больш за 60 у відэафармаце. Сабрана значная колькасць копій фотаздымкаў міжваеннага перыяда, наладжаны кантакты з мясцовымі краязнаўцамі.

Мэты экспедыцыі можна лічыць выкананымі. Запісаныя ўспаміны маюць высокую навуковую каштоўнасць, сабраная інфармацыя можа стаць аб'ектам правядзення грунтоўнага аналіза для падрыхтоўкі адпаведных тэматычных даследаванняў. У далейшых планах каманды Беларускага архіва вуснай гісторыі – правядзенне падобнай экспедыцыі ўздоўж паўночнай часткі былой савецка-польскай мяжы.

Каментары да навіны: