Выстава “Беларусы ў фотаздымках Ісака Сербава. 1911 – 1912 гады”

2013-08-30

З 28 жніўня мінскі кінатэатр "Перамога" (вул. Інтэрнацыянальная, 20) запрашае на выставу “Беларусы ў фотаздымках Ісака Сербава. 1911 – 1912 гады.

Выстава знаёміць з каштоўнымі візуальнымі дакументамі па беларускай этнаграфіі, гісторыі і культуры, арыгіналы якіх захоўваюцца ў аддзеле рукапісаў Бібліятэкі Вільнюскага ўніверсітэта (Літва).

Фотаздымкі былі зроблены славутым беларускім этнографам Ісакам Сербавым (1871 – 1943) у 1911 і 1912 гадах падчас яго паездак па Беларусі, пераважна па раёнах Палесся. Адной з галоўных мэтаў экспедыцый была фотафіксацыя ўсяго таго, што ў пачатку ХХ ст. хутка змянялася і адыходзіла ў нябыт: адзенне, побыт, жыллё, звычаі беларусаў. Геаграфія здымкаў ахоплівае значную тэрыторыю сучаснай Мінскай, Брэсцкай, Гомельскай і Магілёўскай абласцей Беларусі. І. Сербаў фатаграфаваў у 73 населеных пунктах. Асабліва каштоўнымі з’яўляюцца этнаграфічныя фотапартрэты, у якіх І. Сербаў здолеў перадаць характар, антрапанімічныя асаблівасці, традыцыйнае адзенне, галаўныя ўборы сялян.

З’яўленне калекцыі стала магчымым, дзякуючы навуковым экспедыцыям – “этнаграфічна-фатаграфічным экскурсіям”, “фатаграфічным экспедыцыям” І. Сербава. Настаўнік Менскай гарадской вучэльні, потым Віленскай мужчынскай вучэльні, ён захапляўся этнаграфіяй і ў летнія месяцы падарожнічаў з фотаапаратам “Кодак” па Палессі. З удасканаленнем фатаграфічнай тэхнікі і матэрыялаў у пачатку ХХ ст. фатаграфаванне становіцца часткай палявой працы этнографаў. Паездкі этнографа фінансаваліся Паўночна-Заходнім аддзелам Імператарскага Рускага геаграфічнага таварыства.

Значэнне гэтых фатаграфічных дакументаў для вывучэння этнаграфіі, традыцыйнай культуры, народнага касцюма і архітэктуры Беларусі цяжка пераацаніць. Яны з’яўляюцца неацэннай крыніцай візуальнай інфармацыі аб тым, якой была Беларусь і беларусы 100 гадоў таму назад. Фотаздымкі дапамагаюць адказаць на пытанні, якія застаюцца актуальнымі для беларусаў: “Хто мы?” і “Адкуль мы?”

 

Каментары да навіны: