«Тытуньку, калі ласка, тытуньку»

2017-04-06

У чацвертай частцы сваіх успамінаў Рыгор Х. раскажа пра жыццё ваеннапалонных у лагеры і адкажа на пытанне: чаму габрэі не збягалі, ведаючы пра свой далейшы лёс.

 

«[…] Мы працавалі аднойчы некалькі тыдняў у лагеры ваеннапалонных. Я не памятаю зараз номер яго. Але тут таксама побач. Гэтых ваеннапалонных практычна не кармілі. Ім варылі ў велізарных катлах суп. Даруйце, суп – гэта ўмоўная назва. Гэта бульбяное шалупінне нямытае – варылі гэта ў катлах. І далей, іх было так мала, што гэта было проста як мутная карычневая вада. Яна вараная была ці не. Там плавала бульбяное шалупінне рэдка дзе. У ваеннапалонных не было кацялкоў, куды ўзяць гэты суп, даруйце за выраз. Хтосьці браў у каробку, хтосьці браў у падол шынялю. Вось так ён адрываў, і гэты апалонік яму вылівалі вось так вось. Ён потым сёрбаў. Немцы ладзілі спаборніцтвы сярод ваеннапалонных, хто хацеў стаць паліцэйскім унутры гэтага лагеру. І той, хто перамагаў, той станавіўся паліцэйскім. Яны мелі палкі. Гэтыя бедныя ваеннапалонныя, галодныя. Што значыць галодныя – я ўжо птумачыў, чым іх кармілі. І яны стараліся раней дабрацца да катла, тады  ў апалонік яшчэ пара шалупінак трапляе. Калі нехта потым падыходзіў да катла, то там нават адной шалупініны не траплялася. І вось яны там стаялі натоўпам (толпілісь) ля гэтага катла. А гэтыя паліцэйскія сваіх жа збівалі гэтымі палкамі так, што некаторыя немцы білі. Не ведаю, хто быў горшы, хто быў больш жорсткі, чым між сабою. […] 

Лагер для ваеннапалонных. Фота: valery-brest-by.livejournal.com

[…] Ён [немец, - Г.К.] прымушаў салдат цягаць гэтыя бярвенні, якія сам ты сабе не мог пакласці на плячо. Два чалавекі табе клалі, а часам і чатыры таму, што бярвеннні былі даўгія, цяжкія, сырыя. Ён  нагайкай гнаў, каб ты бег з такім бервяном. Калі ты падаў, то цябе не ведаю як збіваюць. Вось такая праца была. […]

[…]Вось дрот, вось ляжаць ваеннапалонныя гэтыя, чырвонаармейцы, і не могуць рухацца на сонцы. А ў мяне быў хлеба кавалак свой. Я не памятаю, з чымсьці ці без.  А тут вышка і салдат на вышцы. Я азіраюся, каб салдат не заўважыў, я кінуў гэтаму чырвонаармейцу праз дрот мой хлеб. Ён упаў проста яму, вось, проста яму ў рукі амаль. Яму толькі працягнуць - ён мог яго рукой узяць. Ён махнуў рукой: «Тытуньку, калі ласка, тытуньку».  […]

[…] Узяў ён той хлеб? Але ў першы момант, я стаяў некуалькі хвілін, ён нават не працягнуў і не дацягнуўся. І яны паміралі кожны дзень дзясяткамі. Іх вывозілі самі сябры ваеннапалонныя на вазах, голымі іх вывозілі. Іх чамусьці распраналі. Калі вы бачылі здымкі з Асвенцыма: голыя косткі абцягнутыя скурай.  Вось гэта тут было ўжо ў першыя тыдні прыходу сюды немцаў.[…]

Калона савецкіх ваеннапалонных. Фота: lasegundaguerra.com

[…] Людзі часта пытаюць нас: «Чаму вы не збягалі, калі вас вялі на расстрэл ці калі вялі ў Трэблінку на смерць і гэтак далей?» Я задаю іншае пытанне.  Мы, па-першае, не ведалі, куды нас вядуць, нас падманвалі. Па-другое, мы былі разам з сем’ямі: бацька, дзядуля, маці, дзеці. І кідаць сям’ю не так проста.

А тут былі чырвонаармейцы без сямей, людзі ваенныя. І іх вельмі часта выводзілі за межы лагера на працу. І вёў немец адзін з вінтоўкай.  Разумееце, што такое вінтоўка? […] Вінтоўка – не аўтамат. Аўтамат: вы націскаеце – ён выкідвае некалькі дзясяткаў куль у секунду з дыска. Ён заўжды патрапіць, заб’е. А вінтоўка – гэта вы мусіце загнаць у ствол патрон, закрыць, нацэліцца, стрэліць, выкінуць назад, зноў загнаць і зноў стрэліць. То бок, калі б, скажам, пяцьдзесят чалавек чырвонаармейцаў ваеннапалонных вядзе адзін салдат з вінтоўкай. Калі б яны вырашылі разбегчыся, то ён бы, у лепшым выпадку, забіў бы дваіх-траіх – не болей. Ён не паспеў бы, яны разбегліся б. І не з габрэйскім тварам маглі б схавацца, пераапрануцца яны маглі куды лягчэй, чым габрэі. У габрэяў яшчэ няма куды было бегчы. Гэта іншая справа. Куды ён падзенецца? Яго тут жа выдавалі. Так значыць, ваенныя людзі, ведаючы, разумеючы, што ён заўтра загіне ад хваробы, ад голада не збягаў. Як жа маглі людзі з дзецьмі, са старымі, з жанчынамі, усё гэта, збегчы ў падобных умовах. […]»

 

У падрыхтоўцы матэрыяла была выкарыстана транскрыпцыя інтэрв'ю Рыгора Х. з калекцыі Алесі Белановіч «Остарбайтэры».  Усе архіўныя матэрыялы даступныя пасля рэгістрацыі.

Пераклад з расейскай мовы і рэдактура Ганны Кавалёвай. 

 

ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА: 

«ПАМЁР ВАШ ДЗЯДУЛЯ, МЫ ВАМ ЗАРАЗ ПАКАЖАМ!». АНТЫСЕМІТЫЗМ У МІЖВАЕННЫМ ГРОДНА» 

«МЫ САПРАЎДЫ БЫЛІ РАДЫ ТАМУ ШТО ПРЫЙШЛИ ЧЫРВОНААРМЕЙЦЫ»

«ЯНЫ ПРЫМУШАЛІ АСКЕПКАМ ЦЭГЛЫ ЦЕРЦІ АДНО АДНОМУ СПІНУ ЗАМЕСТ МЫЛА»

 

Каментары да навіны: